«Я заўсёды веру ў размовы», — сказаў Трамп журналістам 6 студзеня ў рэзыдэнцыі Кэмп-Дэвід.
«Абсалютна, я б зрабіў гэта — у мяне наагул не было б з гэтым праблемаў», — сказаў ён, дадаўшы, што мае пэўныя ўмовы, перш чым будуць праведзены якія-небудзь перамовы.
Дональд Трамп заявіў гэта пасьля таго, як Паўночная і Паўднёвая Карэя дамовіліся правесьці свае першыя больш чым за два гады перамовы.
Выступаючы з навагоднім віншаваньнем, лідэр КНДР Кім Чэн Ын заявіў, што Пхеньян адкрыты да дыялёгу з Сэулам і зьбіраецца выправіць сваю нацыянальную зборную на Алімпійскія гульні ў Пхёнчхан. Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін павітаў жаданьне Кім Чэн Ына.
3 студзеня лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын загадаў пачаць перамовы з Паўднёвай Карэяй праз спэцыяльную закрытую лінію сувязі.
Зімовая Алімпіяда пачнецца ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане 9 лютага і працягнецца да 25 лютага.
Папярэднія перамовы на ўзроўні намесьнікаў міністраў КНДР і Паўднёвай Карэі адбыліся ў сьнежні 2015 году.