Пасьля выхаду ў сьвет кнігі «Верабейка гаварушчы» я часам атрымліваю водгукі ад чытачоў. Як правіла, немаладых. Якія ўспамінаюць і свае даўнія крыўды, і беды часоў нямецкай акупацыі. Але ліст менчука Аляксандра Піскуна зацікавіў вельмі. Бо падзеі, апісаныя былым інжынэрам, заслугоўваюць увагі. Вёска Лешніца, адкуль мой суразмоўца, падчас акупацыі знаходзілася паміж двума цэнтрамі сілы — паліцэйскім гарнізонам і партызанскай зонай. І рабавалі яе, адпаведна, і тыя, і другія. А вось для нямецкіх салдат Лешніца пэўны час была сапраўдным санаторыем. Слова Аляксандру Піскуну.
Нямецкая шапка з-пад Курскай дугі
«Увосень 43-га, пасьля Курскай бітвы, нямецкі батальён прыбыў у нашу вёску адпачыць. На два тыдні. Былі сярод іх лёгка параненыя. Паводзілі сябе нармальна. У суседнім доме жыў мой стрыечны брат Валодзя. І неяк адзін з салдат на ламанай рускай, паказваючы на Валодзю, кажа: „Гэта як мой сын. Падобны“. І так ён расчуліўся, што палез у рэчмяшок і выняў адтуль шапку. Зімнюю каракулевую шапку. І аддаў майму брату. Праз колькі дзён немцы зьехалі. А брат хадзіў па вёсцы ды выхваляўся. „Вось якую шапку мне падарыў немец!“ Наступнай ноччу прыйшлі партызаны. Адразу ў гэты дом. „Аддавай шапку!“ — „Якую шапку?“ — „Якую табе немец даў“. І бацька кажа: „Сынок, аддай! Бо невядома, што будзе“. І партызаны забралі шапку. Якую нямецкі салдат падарыў хлопчыку малому, шасьцігадоваму».
Гэтая гісторыя пра падораную немцам шапку па вайне магла мець для яе героя непрыемны працяг. Стрыечны брат Аляксандра доўгі час жыў і працаваў у Сыбіры. І неяк на Дзень Перамогі яго як чалавека, што перажыў акупацыю, папрасілі падзяліцца ўспамінамі на нейкім урачыстым сходзе. Ну ён і расказаў з усёй беларускай шчырасьцю. І пра шапку, падораную акупантам. І пра народных мсьціўцаў, якія тую шапку забралі пад дулам аўтамата. У залі павісла гнятлівая цішыня. А пасьля была гутарка ў мясцовым КГБ. Дзякуй Богу, без сурʼёзных наступстваў. Папрасілі больш пра шапку не расказваць. Але слухаем наступную гісторыю.
Пакараньне за рабунак
«Неяк удзень прыбягае жанчына да нямецкага афіцэра. Быў перакладчык. „У чым справа?“ — „Ваш салдат забіў курыцу граблямі. І забраў“. Тут жа ўсіх пастроілі. Ён яе за руку. Уздоўж строю. „Хто?“ — „Вось гэты.“ І яго тут жа пад арышт і пасадзілі ў лазьню. Паставілі вартавога. І рэшту гэтай пабыўкі гэты немец правёў у лазьні. Яму насілі ежу, але днём і ноччу ён быў там. А афіцэр сказаў: „Гэта навука для ўсіх нашых салдат. За рабунак“».
Лешніца знаходзіцца за тры кілямэтры ад ракі Бярэзіны. І недалёка ад Магілёўскай шашы. У мірны час такая лякацыя робіць вёску добрым месцам для адпачынку. Але, калі рухаўся фронт, для Лешніцы насталі самыя трагічныя дні.
Рух фронту
— Сорак трэці год. Верасень. Вязуць бульбу, збожжа. У двары разгружаюць. Маці кіруе, што куды ссыпаць. І падыходзіць немец, высокі грэнадзёр. І жэстамі паказвае: «Маці! Ты не грузі туды, у клеці. Трэба ўсё пад зямлю хаваць. Вельмі хутка тут будуць баі. І невядома, чым гэта ўсё скончыцца. Забяруць і „дзякуй“ ня скажуць. Трэба хаваць гэта ўсё». І ён меў рацыю. Бо, калі вызвалілі, пачаліся ператрусы. Гэта забраць, тое забраць. Чорт знае што.
— А вы памятаеце, як ішоў фронт?
— Недалёка ад нас мост празь Бярэзіну. Яго савецкія самалёты разбамбілі. І ўсё, што ішло з боку Магілёва, падперлі да ракі. А Бярэзіна там шырокая і глыбокая. Падзецца ім няма куды. І вось тут пачалася бойня. Наша вёска пераходзіла з рук у рукі. Яе спалілі датла. Нашы, як толькі прыйшлі, сказалі, каб мы ўцякалі і хаваліся. Бо будзе моцны бой. Усё так і атрымалася. Мы ноччу сышлі. А немцы пачалі спальваць вёскі і ўсіх мірных жыхароў забіваць. У нашай вёсцы было чалавек трыццаць, хто ня ўцёк. Яны ўсе былі забітыя. Расстралялі. А яшчэ празь дзень нашы падышлі большымі сіламі і вызвалілі.
А вось гісторыя, якую Аляксандр Піскун аднойчы пачуў у выправе ад выпадковага спадарожніка. Ні імя героя, ні месца, дзе адбываліся гэтыя падзеі, невядомыя.
«Аднойчы ў Віцебску я чакаў аўтобуса на Менск. Сядзеў на аўтавакзале. А побач прысеў чалавек. Разгаварыліся. Ён кажа: «Я хачу расказаць вам гісторыю, якая здарылася са мной».
Гісторыя пра два стрэлы
«Падчас акупацыі ад нашай вёскі да апорнага нямецкага пункта кілямэтраў дзесяць. І ў райцэнтры нямецкі гарнізон. І вось аднойчы ехала з райцэнтра павозка з трыма немцамі. Яны ехалі на гэты апорны пункт. Праехалі луг, праехалі лес. Выехалі ў поле. Далей рэчка з хмызьняком, а за ёй наша вёска. І вось раздалося два стрэлы. З кустоў. Толькі два. Спэцыяліст страляў. Два стрэлы — два трупы. А на трэцяга... Няўжо патронаў не хапіла?
Гэты, што застаўся жывы, разьвярнуў павозку — і галопам у гарадок, дзе гарнізон. Праз тры гадзіны прыехала каманда. Вёску акружылі, усіх жыхароў сагналі. „Хто страляў?“ Ну навошта вяскоўцам страляць каля сваёй вёскі? Тады ўсіх пастроілі ў шыхт. „Ня скажаце? Кожны дзясяты будзе расстраляны“. І кожнага дзясятага выводзілі. Я стаяў побач са сваім дзедам. І лік канчаўся на мне. І дзед мяне пераставіў. А сам стаў дзясятым. Іх набралася дванаццаць чалавек. Іх расстралялі тут жа, на месцы.
Назаўтра ў партызаны пайшлі кожны, хто мог. Пачынаючы ад шаснаццаці гадоў і канчаючы саракоўнікам».
Гэтую гісторыю Аляксандр доўга трымаў пры сабе. Дзякуй, што адкрыў яшчэ адну дэталь дзейнасьці НКВД на акупаванай тэрыторыі. Будучым сцэнарыстам вольнай Беларусі будзе на што абаперціся ў сваіх творчых пошуках.