Вядома, што адзін з загінулых — маёр Арцём Куліш, а прозьвішча другога — Мацьвееў. Верталёт, у якім яны знаходзіліся, суправаджаў канвой у правінцыі Хама і зачапіў лінію электраперадач. У паведамленьні Conflict Intelligence Team падкрэсьліваецца, што месца крушэньня знаходзіцца ў так званай «зоне дээскаляцыі». Невядома, ці быў канвой, пра які гаворыцца, гуманітарны або баявы.
Гібель верталёта і абодвух яго пілётаў пацьвердзілі ў Міністэрстве абароны Расеі. У ведамстве сьцьвярджаюць, што крушэньне адбылося ў выніку «тэхнічнай няспраўнасьці». Таксама паведамляецца, што бортмэханік атрымаў траўмы і эвакуяваны на авіябазу Хмэймім. У Мінабароны Расеі падкрэсьліваюць, што агонь па верталёту ня вёўся, перадае агенцтва «Інтэрфакс».
З верасьня 2015 году Расея праводзіць ваенную апэрацыю ў Сырыі. У канцы сьнежня кіраўнік Міністэрства абароны РФ Сяргей Шайгу паведаміў аб вывадзе з краіны асноўнай часткі расейскіх войскаў, а таксама аб фарміраваньні пастаяннай групоўкі на ваенных базах Хмэймім і Тартус. Афіцыйных дадзеных аб колькасьці расейскага кантынгенту ў Сырыі і яго стратах пакуль няма. Па паведамленьнях СМІ, толькі за 2017 год у Сырыі загінулі як найменей 40 расейскіх вайскоўцаў.