Мадрыд заявіў пра пачаткак вываду гішпанскіх ахоўнікаў правапарадку з Каталёніі ў аўторак, 26 сьнежня. Як паведамляе DW са спасылкай на Міністэрства ўнутраных справаў Гішпаніі, выезд паліцыянтаў з рэгіёну завершыцца да вечара 30 сьнежня.
Паліцэйскае падмацаваньне з розных рэгіёнаў Гішпаніі накіравалі ў Каталёнію больш за тры месяцы таму, напярэдадні рэфэрэндуму аб незалежнасьці, які адбыўся 1 кастрычніка. Найвышэйшае кіраўніцтва аргумэнтавала гэты тым, што рэфэрэндум супярэчыць Канстытуцыі краіны і нацыянальная паліцыя павінна была перашкодзіць яго правядзеньню. Падчас рэфэрэндуму ў выніку сутыкненьняў з паліцыяй раненьні і траўмы атрымалі больш за 760 чалавек.
Прадстаўнікі МУС не паведамлялі, колькі гішпанскіх паліцыянтаў знаходзілася ў Каталёніі, але мясцовыя СМІ пісалі пра 10 тысяч чалавек.
Амаль празь месяц пасьля рэфэрэндуму, не дасягнуўшы дамоўленасьцяў з Мадрыдам, 27 кастрычніка рэгіянальны парлямэнт абвясьціў аб аддзяленьні рэгіёну ў аднабаковым парадку. У той жа дзень улады Гішпаніі прынялі рашэньне ўжыць 155-ы артыкул Канстытуцыі — Каталёнія перайшла пад наўпроставае кіраваньне Мадрыду, рэгіянальны ўрад быў распушчаны. Пра непрызнаньне аддзяленьня рэгіёну выказаліся Эўразьвяз і лідэры большасьці вядучых краінаў сьвету.
На пазачарговых выбарах, якія адбыліся 21 сьнежня, у сукупнасьці большасьць галасоў набралі партыі, якія выступаюць за незалежнасьць. Каталёнскі ўрад павінен быць сфармаваны ў студзені.