Камісія была створана пасьля таго, як у выніку скандалу з удзелам прадусара і бізнэсмэна Гарві Вайнштэйна, на Галівуд абрынуўся шквал абвінавачваньняў у сэксуальных дамаганьнях, паведамляе Голас Амэрыкі.
У пятніцу топ-мэнэджэры індустрыі прынялі рашэньне аб фінансаваньні працы камісіі. У сустрэчы, якая прайшла ў Лос-Анжэлесе, прынялі ўдзел прэзыдэнтка кампаніі Lucasfilm Кэтлін Кэнэдзі, стваральніца Nike Foundation Марыя Эйтэ, юрыстка Ніна Шаў і інвэстарка Фрыда Капор Клейн. Таксама ў перамовах прынялі ўдзел кіраўнікі ўсіх найбуйнейшых студый Галівуду.
«Камісія ня будзе займацца пошукам нейкага рашэньня (праблемы), — заявіла Кэтлін Кэнэдзі. — Мы зоймемся распрацоўкай поўнамаштабнай стратэгіі для таго, каб адказаць на складаныя і ўзаемазьвязаныя пытаньні, зьвязаныя з праблемай роўнасьці і злоўжываньня ўладай».
Аніта Хіл, якая ўзначаліла камісію, была ў ліку грамадзкіх дзеячаў, якія ўпершыню заявілі аб праблеме сэксуальных дамаганьняў падчас слуханьняў па зацьвярджэньні судзьдзі Кларэнса Томаса на пасаду члена Вярхоўнага суду ЗША ў 1991 годзе.
«Прыйшоў час скончыць са змовай маўчаньня, — сказала яна. — Я займалася гэтай праблемай 26 гадоў, і сёньня надышоў час зьмяніць сытуацыю».
Аніта Хіл выкладае права ва ўнівэрсытэце Брандэйса і ўзначальвае Камітэт па правах чалавека ў Міжнароднай асацыяцыі адвакатаў. Паводле яе, камісія зоймецца праблемамі «злоўжываньня ўладай, бясьпекі» пацярпелых, адначасова распрацоўваючы рэкамэндацыі для магчымых ахвяр сэксуальных дамаганьняў.