Рамонт Чырвонага касьцёла ў Менску распачаўся ў кастрычніку і зойме некалькі гадоў. Пра гэта 15 сьнежня сказаў мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, піша БелаПАН.
Паводле Кандрусевіча, больш як за сто гадоў існаваньня будынак амаль не рамантаваўся. У падвал працякала вада, пагражаючы размыць падмурак.
Рамонтам Чырвонага касьцёла займаецца камунальнае прадпрыемства «Менская спадчына». Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсьліў, што гаворка вядзецца менавіта пра рамонт, а не рэканструкцыю. Гэта значыць, што прыбудова, узьведзеная ў савецкі час, і сутарэньні, зробленыя пазьней, застануцца.
Пробашч Чырвонага касьцёла айцец Уладыслаў Завальнюк сказаў Свабодзе, што цяпер вядуцца пачатковыя працы, і невядома, ці будзе касьцёл працаваць падчас рамонту.
Касьцёл Сьвятых Сымона і Алены будаваўся на працягу 1905–1910 гадоў на грошы Эдварда Вайніловіча ў памяць пра ягоных
дзяцей, якія заўчасна памерлі — Сымона і Алены Вайніловічаў.