У судзе Бабруйску за ўдзел у пікеце 7 кастрычніка асудзілі актывістаў прафсаюзу РЭП Галіну Лазараву і Аляксея Трафімава. Абаім судзьдзя Гормаш прысудзіла штраф 2 базавыя велічыні. Разгляд справы цягнуўся тры дні. Пераносіўся ён з прычыны няякасных відэаматэрыялаў, якія прадстаўляла міліцыя.
«Чым я парушала бясьпеку грамадзян, калі пастаяла на паўпустой плошчы 15 хвілін з плякатам „Спачатку заробак, потым квартплата“? — сказала ў апошнім слова Галіна Лазарава. — Я проста выказвала сваю думку. Беларусь падпісала міжнародныя пагадненьні й абавязалася прывесьці ўнутранае заканадаўства ў адпаведнасьць зь міжнародным. А там чалавеку даецца поўнае права свабодна выказваць свае думкі мірным шляхам».
Галіна Сьмірнова падчас разьбіральніцтваў падала скаргу на дзеяньні падпалкоўніка міліцыі Рудзько. Пасьля пікету ён выкліка́ў яе ў міліцыю, але яна сядзела дома з трыма дзецьмі, прычым малодшы сын, якому быў год і тры месяцы, хварэў.
На трэці дзень пасьля пікету Галіну з малым паклалі ў дзіцячае аддзяленьне гарадзкой інфэкцыйнай бальніцы. Тады падпалкоўнік Рудзько прыйшоў у лякарню і ў працэдурным пакоі правёў апытаньне маці з хворым дзіцём на руках.
Сябры Галіны, якія акурат прыйшлі яе праведаць, спрабавалі пераканаць міліцыянта спыніць допыт хворых — ён выклікаў на іх нарад, дваіх затрымалі.
Your browser doesn’t support HTML5
Аляксей Трафімаў скардзіўся на тое, што падчас допытаў у міліцыі яму не далі дастаткова часу на пошук адваката (пасьля першага допыту другі прызначылі на вечар таго ж дня).
Суд усе скаргі адхіліў, парушэньняў у працы міліцыі не знайшоў.
Лазарава і Трафімаў будуць абскарджваць прысуд.