Пра гэта паведамляе літоўскі партал Delfi.
Сябра гарадзкой рады Паўла Кузьміцкене паведаміла інфармацыйнаму агенцтву BNS, што ўзначаленая ёю рабочая група Культуры памяці просіць ацаніць дзейнасьць гэтых асобаў. Для гэтага чальцы рабочай групы зьвярнуліся ў Літоўскі цэнтар генацыду і супраціву, Спэцыяльны архіў і да супрацоўнікаў гістарычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту.
«Мы зьвярнуліся з просьбай надаць інфармацыю пра тое, ці здрадзілі вышэйзгаданыя дзеячы сваімі дзеяньнямі дзяржаве. Атрымаўшы адпаведныя даведкі, мы прымем аргумэнтаванае рашэньне ў пытаньні перайменаваньня сквэру, школы і пераносу помніку», — сказала BNS Кузьміцкене.
Паводле яе, у залежнасьці ад высноваў экспэртаў чальцы групы прапануюць мэрыі прыняць адпаведныя рашэньні. У групе працуюць сябры гарадзкой рады, гісторыкі і грамадзкія дзеячы.
Кузьміцкене сказала, што ў групу зьвярнуліся школьнікі віленскай гімназіі езуітаў з пытаньнем пра помнік Цьвірку.
«Але ў групе зьявілася прапанова разгледзець пытаньне комплексна, бо ў Вільні засталіся памятныя знакі ў гонар іншых дзеячоў той эпохі, якія, магчыма, дзейнічалі супраць Літвы, здрадзілі ёй менавіта як дзяржаве, створанай 16 лютага [1918 году]», — сказала палітык.
У Літве ёсьць вуліцы, названыя ў гонар Саламеі Нярыс і Людаса Ґіры, у Старым горадзе ёсьць гімназія імя Саламеі Нярыс. Помнік Людасу Ґіру, які стаяў насупраць Міністэрства навукі і адукацыі, зьнесьлі яшчэ ў 2013 годзе. Помнік Цьвірку стаіць у цэнтры Вільні ў аднайменным сквэры. Недалёка знаходзіцца дом Вянцлавы — музэй, заснаваны ў кватэры пісьменьніка і міністра адукацыі савецкіх гадоў Антанаса Вянцлавы. Нягледзячы на тое, што роля гэтых пісьменьнікаў у Літве ацэньваецца па-рознаму, усе яны ў гады акупацыі супрацоўнічалі з савецкай уладай і сваёй творчасьцю ўмацоўвалі новую ідэалёгію, адзначае партал Delfi.