«Так. Я ведаю яе, так, вядома», - адказаў Махаб на пытаньне агенцтва Reuters, ці ведае ён пра тое, што Ціханава і Пуцін сваякі. На ўдакладняючае пытаньне журналістаў ён зноў адказаў станоўча.
Атрымаць камэнтар Крамля ці ж Ціханавай агенцтву не ўдалося.
Разам з тым пазьней Махаб заявіў расейскаму агенцтву РБК, што не расказваў аб роднасных сувязях сваёй калегі Кацярыны Ціханавай. Махаб сказаў, што ня мог пацьвердзіць рэчы, «якіх ня ведае».
У 2015 годзе Reuters апублікаваў расьсьледаваньне, у якім сьцьвярджалася, што Кацярына Ціханава даводзіцца Пуціну малодшай дачкой. Гэта пацьвердзілі дзьве ананімныя крыніцы і старшыня праўленьня «Газпромбанку» Андрэй Акімаў. Аднак пазьней ён гэта адмаўляў, а ў прэс-службе банка абвінавацілі журналістаў у «падтасоўцы».
Прэзыдэнт Расеі публічна не пацьвярджаў і не абвяргаў гэтую інфармацыю.
Кацярына Ціханава зьяўляецца віцэ-прэзыдэнтам Сусьветнай канфэдэрацыі рок-н-ролу. Яна замужам за мільярдэрам Кірылам Шамалавым, сынам сябра Пуціна Мікалая Шамалава.
Раней Reuters публікаваў расьсьледаваньне аб перадачы Кацярыне Ціханавай элітнай нерухомасьці ад блізкага да Пуціна бізнэсмэна.