Гаворка ідзе пра перадачу нерухомасьці Кацярыне Ціханавай, сваячкам Аліны Кабаевой і студэнтцы Алісе Харчавой.
У Крамлі ня будуць расьсьледаваць выкладзеныя ў артыкуле агенцтва Reuters зьвесткі аб перадачы бізнэсмэнам Рыгорам Баеўскім нерухомасьці жанчынам, якія маюць дачыненьне да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў назваў публікацыю часткай інфармацыйнага ўкіду, які чакаўся днямі.
Генэральны дырэктар расейскага аддзяленьня Transparency International Антон Помінаў у размове з РБК адзначыў, што пакуль рана казаць пра даказаныя факты карупцыі.
Кацярына Ціханава і яе муж Кірыл Шамалаў
У публікацыі Reuters гаворка ішла пра малодшую дачку Пуціна Кацярыну Ціханаву, двух блізкіх сваячак былой гімнасткі Аліны Кабаевой, якую расейскія СМІ называлі «дзеўчынай Пуціна», хоць пацьверджанай інфармацыі пра гэта няма, а таксама аб студэнтцы Алісе Харчавой, якая ў 2012 годзе зьнялася для календара, выпушчанага ў гонар дня нараджэньня расейскага прэзыдэнта.
У трох выпадках гаворка ідзе пра прэстыжныя аб’екты нерухомасьці, якія Баеўскі прадаў або перадаў ва ўласнасьць, а ў выпадку з дачкой Пуціна — яна зарэгістравала новую кампанію на адрас ранейшай кватэры Баеўскага, якую паказала як сваю ўласную.
У 2013 годзе Баеўскі перадаў права ўласнасьці на дом і ўчастак у падмаскоўным населеным пункце Ўспенскае бабулі Аліны Кабаевой — 81-гадовай Ганьне Зацепінай, у 2009-м — кватэру сястры Аліны Кабаевой — Ляйсан Кабаевой. Затым перавёў на імя Алісы Харчавой кватэру ў невялікім маскоўскім катэджным комплексе. Аб цане зьдзелкі інфармацыі няма.
Рыгор Баеўскі працуе памочнікам старога сябра Пуціна — прадпрымальніка Аркадзя Ратэнбэрга. Паводле афіцыйных дадзеных, толькі за апошнія два гады кампаніі, саўладальнікам якіх зьяўляецца Баеўскі, зарабілі на дзяржаўных будаўнічых падрадах ня менш за шэсьць мільярдаў рублёў (89 мільёнаў даляраў).
Сувязь Баеўскага з Пуціным раней ўсталяваў журналіст Раман Анін, які праводзіў расьсьледаваньні для усходнеэўрапейскай мэдыягрупы Organised Crime and Corruption Reporting Project (OCCRP).