Ён станоўча адказаў на пытаньне пра тое, ці любіць ён сваіх унукаў, адзначыўшы пры гэтым, што ў яго не хапае часу, каб зь імі пагуляць. Пра якія-небудзь падрабязнасьці, у тым ліку пра тое, колькі ў Пуціна ўнукаў і хто з дачок прэзыдэнта (Марыя або Кацярына) зьяўляецца іх маці, Стоўн не пытаўся. Гэтая частка гутаркі праходзіла на хакейнай пляцоўцы, дзе Пуцін быў у поўнай экіпіроўцы.
Паводле дадзеных расьсьледаваньняў журналістаў, малодшая з дачок — Кацярына Ціханава, кіраўнік тэхналягічнай даліны МДУ і вядомая спартоўка, якая займалася акрабатычным рок-н-ролам. Яна замужам за Кірылам Шамалавым, сынам Мікалая Шамалава, якога агенцтва называе старым сябрам Пуціна і акцыянэрам банку «Расея». Reuters ацэньвае агульную ўласнасьць мужа і жонкі Ціханавай і Шамалава ў 2 млрд даляраў — асноўная яе частка прыпадае на 21% -ю долю ў кампаніі «Сібур», якая належыць Кірылу Шамалаву.
Аб старэйшай дачцэ Марыі вядома менш. Reuters сьцьвярджае, што яна займаецца біямэдыцынай, спэцыялізуючыся на эндакрыннай сыстэме, і працуе ў эндакрыналягічным навуковым цэнтры Міністэрства аховы здароўя РФ. Паводле паведамленьняў у СМІ, Марыя Пуціна выйшла замуж за галяндзкага бізнэсмэна Ёрыта Ёста Фасэна, які працаваў у «Газпромбанк-Інвэст» і «Стройтрансгаз», а потым — у «Газпромбанку».
У 2012 годзе, адказваючы на пытаньне пра ўнукаў, Пуцін заявіў, што «краіне наўрад ці трэба гэта ведаць», а ў лістападзе 2014 году ў інтэрвію ТАСС заўважыў, што яго дочкі жывуць у Маскве:
«Дома сустракаемся. Дачок бачу адзін ці два разы на месяц, і тое яшчэ патрэбны час падгадаць», — распавёў ён.