Макей пра стаўленьне Эўразьвязу да АЭС у Астраўцы: «Мы гатовыя супрацоўнічаць»

Уладзімер Макей (трэці зьлева) у Брусэлі разам эстонскім прэм'ерам Юры Ратасам, кіраўнікамі Эўрапейскай Рады Дональдам Тускам і Эўракамісіі Жанам-Клёдам Юнкерам

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што будзе абмяркоўваць сёньня на саміце Усходняе партнэрства тэму падпісаньня Мэмарандуму аб паразуменьні паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Гэты мэмарандум можа прадставіць Беларусі фінансавую дапамогу каля 136 мільёнаў эўра на правядзеньне рэформаў.

Мэмарандум цяпер фактычна блякуе Літва, патрабуючы, каб у дакумэнце была выразна выказаная нэгатыўная пазыцыя Эўразьвязу наконт будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы, побач зь літоўскай мяжой.

АЭС у Астраўцы можа заблякаваць падпісаньне мэмарандуму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам

Кіраўнік беларускай дэлегацыі на саміце «Ўсходняга партнэрства» Ўладзімер Макей прызнаў, што ў Эўразьвязе ёсьць розныя погляды на будаўніцтва АЭС у Астраўцы.

«Але мы тут супрацоўнічаем з Эўрапейскім Зьвязам і мы адкрытыя да супрацоўніцтва. Больш за тое, мы маглі не праводзіць стрэс-тэсты, якія правялі, таму што гэта патрабаваньне Эўрапейскай камісіі. Але мы правялі іх, таму што самі вырашылі гэта зрабіць. І цяпер мы працуем над правядзеньнем агляду і аналізу гэтых стрэс-тэстаў», — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.

Your browser doesn’t support HTML5

Макей пра стаўленьне Эўразьвязу да АЭС у Астраўцы: «Мы гатовыя супрацоўнічаць»


Для падпісаньня на Брусэльскім саміце рыхтавалі Мэмарандум аб узаемапаразуменьні паміж ЭЗ і Беларусьсю, які акрэсьлівае далейшыя кірункі супрацы. Але ягонае хуткае падпісаньне можа заблякаваць Літва з прычыны яе пазыцыі супраць будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы, у непасрэднай блізкасьці да літоўскай мяжы.

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у інтэрвію Свабодзе ўчора адмовіўся называць пазыцыю Літвы блякаваньнем.

Лінас Лінкявічус

​«Нельга казаць наўпрост аб блякадзе, але ўсё-такі мы будзем дамагацца, каб камэнтары з нагоды будаўніцтва атамнай станцыі ў гэтым дакумэнце былі найменей двухсэнсоўнымі, дакладнымі, — патлумачыў Лінкявічус. — Гэта вельмі важна, бо калі, з аднаго боку, мы дапамагаем Беларусі ў палягчэньні візавага рэжыму, у адкрытасьці, то ў гэтым пляне мы ня будзем рабіць ніякіх саступак. Бо тут сытуацыя рухаецца ў нэгатыўным кірунку — тут можна размаўляць, рабіць заявы, але ніхто не зьвяртае ўвагі».

Пра новае пагадненьне аб партнэрстве з Эўразьвязам

Уладзімер Макей, адказваючы на пытаньні журналістаў, таксама выказаў спадзеў, што паміж Беларусьсю і Эўразьвязам будзе заключанае новае пагадненьне аб партнэрстве.

«Я перакананы, што гэта будзе, і перакананы, што гэта будзе раней, чым пазьней. Мы з нашымі эўрапейскімі партнэрамі працуем над гэтым. Заключэньню гэтага пагадненьня аб партнэрстве нічога не перашкаджае, трэба рухацца паступова. Трэба рабіць тыя крокі, якія кожны з бакоў павінен зрабіць. Разуменьне таго, што неабходна заключыць гэтае пагадненьне, мне здаецца, ёсьць», — адзначыў Макей.

Беларусь — адзіная з краінаў «Усходняга партнэрства», якая ня мае новага базавага пагадненьня з Эўрапейскім Зьвязам і карыстаецца дамовай, падпісанай яшчэ ў часы СССР.

Праект Эўрапейскага Зьвязу «Ўсходняе партнэрства» мае на мэце разьвіцьцё інтэграцыйных сувязяў Эўразьвязу з шасьцю краінамі былога СССР: Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай. Сёньня у Брусэлі пачынаецца 5-ы саміт у рамках гэтай праграмы Эўразьвязу.

У адрозьненьне ад папярэдніх самітаў, на сустрэчу лідэраў краінаў партнэрства ў Брусэль быў запрошаны Аляксандар Лукашэнка, але ў мінулы панядзелак стала вядома, што беларускую дэлегацыю ўзначаліць ня ён, а міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Усё, што варта ведаць пра «Ўсходняе партнэрства»​