Намесьніца старшыні парлямэнцкай камісіі: «Гімназіі апраўдалі сябе і павінны захавацца»

Ілюстрацыйнае фота. Менская гімназія №23

Нечаканая ініцыятыва Міністэрства адукацыі Беларусі ўраўнаваць школы і гімназіі ўзбурыла грамадзтва. Сваё крытычнае меркаваньне пра будучую рэформу ў эксклюзіўным інтэрвію «Свабодзе» выказала намесьніца старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ірына Рынейская.

Выбар суразмоўцы невыпадковы. Спадарыню Рынейскую выбралі дэпутаткай з пасады начальніцы ўпраўленьня адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкаму. А дагэтуль, паводле яе, «прайшла ўсе ступені пэдагагічнай працы, пачынаючы з настаўніцы хіміі і біялёгіі ў школе Бабруйску».

Свабода публікуе самыя цікавыя фрагмэнты гутаркі.

Беларусь будзе краінай з эканомікай ведаў

Ірына Рынейская

«Пошук, падтрымка і разьвіцьцё таленавітай моладзі, у тым ліку падлеткаў і вучняў, — гэта прыярытэт для сфэры адукацыі. Кіраўнік дзяржавы невыпадкова абазначыў, што моладзь — наш галоўны стратэгічны рэсурс, — кажа Ірына Рынейская. — Для рэалізацыі гэтага пасылу адукацыя цяпер мае ўсе магчымасьці. Абазначылася такая схема — сярэдняя школа, гімназія, ліцэй, як прыклад. І я лічу, што гэтая адукацыйная сетка павінна захавацца менавіта ў тым выглядзе, у якім яна існуе цяпер. Бо гэта яе выхаванцы праз кароткі час будуць будаваць новую Беларусь. Гэта будзе краіна з эканомікай ведаў, ІТ-краіна».

Гімназія — ключавы від адукацыйных установаў

«У стройным ланцужку гадаваньня таленавітых дзяцей гімназіі — гэта ключавы від адукацыйных установаў. Яны пацьвярджаюць мэтазгоднасьць і эфэктыўнасьць свайго існаваньня. Якія тут плюсы? Найперш якасьць ведаў выпускнікоў. Сёньня атэстат гімназіста перавышае атэстат вучня звычайнай школы. І гэта бясспрэчны факт. Калі паглядзець вынікі цэнтралізаванага тэставаньня, то і тут гімназіст апярэджвае звычайнага вучня на 20-30-40, а часам і болей балаў.

Далей, возьмем рэспубліканскія алімпіяды ды іншыя інтэлектуальныя конкурсы. І тут перавага на баку гімназістаў. Затым яны едуць на міжнародныя конкурсы. І там таксама паказваюць сябе вельмі прыстойна. А гэта спрыяе іміджу нашай краіны. І вось усё гэта робіцца на базе гімназіі. Гімназічнае асяродзьдзе матываванае на дасягненьне высокіх посьпехаў, на перамогі на алімпіядах ды конкурсах, з пэрспэктывай навуковых дасягненьняў.

Ілюстрацыйнае фота. Менская гімназія №4

Што трэба, каб захаваць такія вынікі? З майго пункту гледжаньня, існуюць дзьве найважнейшыя ўмовы. Першая — функцыянаваньне гімназіі, пачынаючы з пятай клясы, у той структуры, у якой яны існуюць цяпер. У гімназіі павінны адбірацца дзеці, здольныя засвоіць гімназічную праграму і матываваныя на вучобу. У тым ліку матывацыя патрэбная і бацькам.

Другая ўмова — у гімназіі, безумоўна, важная аднароднасьць дзіцячага асяродзьдзя, дзіцячага калектыву. Чаму гэта важна? Таму што тады ўсе дзеці могуць успрымаць інфармацыю настаўніка ў поўным аб’ёме. І чым раней ён пачынае працаваць з такімі дзецьмі, тым больш якасным будзе вынік».

Бацькі гімназістаў зусім не алігархі

«Я добра ведаю, чые дзеці вучацца ў гімназіях. З поўнай адказнасьцю магу сказаць: іх бацькі пераважна звычайныя людзі, гэта людзі з прадпрыемстваў, з рабочымі прафэсіямі. Больш за тое, з майго ўласнага досьведу падкрэсьлю: сярод гімназістаў вельмі шмат дзяцей зь не зусім удалых сем’яў, зь няпоўных сем’яў. Абсалютна розныя катэгорыі бацькоў у тых дзетак, якіх залічваюць у гімназіі паводле вынікаў іспытаў.

Ілюстрацыйнае фота. Пэдагогі Гомельскай гімназіі №36

Тут можна казаць толькі пра неабходнасьць забясьпечыць працэдуру празрыстасьці адбору і залічэньня дзяцей у гімназіі. Але гэта ўжо задача адміністрацыі гімназіі і органаў кіраваньня адукацыяй, мясцовай выканаўчай улады. Тады і ня будзе конкурсу бацькоўскіх партманэтаў. А будзе конкурс інтэлекту».

Гімназія як стымул для звычайнай школы

«І яшчэ пра адну рэч нельга не сказаць. Гімназія — гэта моцны рэсурсны цэнтар, напрыклад, у нейкім раёне гораду альбо ва ўсім невялікім горадзе. Матэрыяльная база гімназіі плюс яе кадры ствараюць атмасфэру, асяродзьдзе, надзвычай карысныя для настаўнікаў звычайных школ.

На базе гімназіі могуць займацца дзеці са звычайных суседніх школ. Такі досьвед ужо ёсьць, калі карыстаюцца шостым школьным днём, пасьля урокаў, на канікулах... Я перакананая, што суседзтва з гімназіяй — гэта і стымул разьвіцьця для дырэктара звычайнай школы. Ён можа задаць сабе пытаньне: а чым я горшы за гімназію? І знайсьці свой кірунак, які створыць здаровую канкурэнцыю».

Ілюстрацыйнае фота. Менская гімназія № 4

На парлямэнцкіх слуханьнях праблему не абмінём

«На 29 лістапада прызначаныя парлямэнцкія слуханьні на тэму «Нацыянальная сыстэма адукацыі: стан і шляхі ўдасканальваньня заканадаўчага рэгуляваньня». Вядома, гэта тэма значна шырэйшая за праблему гімназіяў. Будзе найперш абмяркоўвацца праект новага «Кодэксу аб адукацыі». Але, я думаю, дэпутаты будуць гаварыць і пра магчымыя зьмены.