2 лістапада, на Дзяды, прадстаўнікі дэмакратычных супольнасьцяў Віцебску і Гомля адведалі могілкі ды месцы сталінскіх расстрэлаў, дзе ўзгадалі беларускіх герояў і пакутнікаў.
Гомель: Каля пакутных крыжоў прагучалі імёны расстраляных беларусаў
Дэмакратычныя актывісты наведалі ў лесе паабапал Чарнігаўскай шашы пад Гомлем чатыры месцы масавых расстрэлаў мірных жыхароў у гады сталінскага палітычнага тэрору. Да пакутных крыжоў, усталяваных у розныя гады неабыякавымі гараджанамі, усклалі жывыя восеньскія кветкі, вянкі з надпісам «Ахвярам палітычных рэпрэсій ад дэмакратычных актывістаў Гомля», запалілі сьвечкі.
Адкрываючы жалобную імпрэзу каля першага крыжа, грамадзкі актывіст і палітык Уладзімер Кацора нагадаў, што найбольш жудасныя расправы сталінскіх энкавэдыстаў над мірнымі жыхарамі адбыліся роўна восемдзесят гадоў таму, увосень 1937-га.
Кацора дадаў, што й ягоны прадзед па кудзелі, былы царскі унтэр-афіцэр, прэсьбітар эвангельска-хрысьціянскай грамады зь вёскі Хальч Веткаўскага раёну Міна Васільевіч Каробушкін быў сасланы ў Казахстан і там расстраляны.
Рабочы заводу «Гомелькабель» Анатоль Паплаўны казаў пра тое, што ягоны дзед з Буда-Кашалёўскага раёну, Пятро Аляксандравіч Паплаўны, разам са сваімі братамі згінуў у сталінскіх лягерах.
Згадалі таксама імёны беларускіх творцаў, паэтаў і пісьменьнікаў, забітых восемдзесят гадоў таму ў Курапатах пад Менскам: Міхась Чарот, Тодар Кляшторны, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Юлі Таўбін — у адну ноч 22 творцы.
«Упэўнены, што 29 кастрычніка стане дзяржаўным Днём памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, бо нават ужо ў пуцінскай Расеі адкрылі „Сьцяну плачу“ па нявінна забітых суграмадзянах. У гэты дзень можна прыгадаць і бясьсьледна зьніклых нашых сучасьнікаў: Віктара Ганчара, Юрыя Захаранку, Анатоля Красоўскага — яны таксама ахвяры палітычных рэпрэсій у цяперашняй Беларусі», — сказаў Кацора.
Жалобную імпрэзу ўвесь час здымалі на камэру з аўтамашыны «Ніва» людзі ў цывільным.
Ад вялікага крыжа пры Чарнігаўскай шашы прысутныя падзяліліся на тры групы, каб упарадкаваць астатнія тры месцы расстрэлаў, ускласьці й там вянкі ды кветкі.
Віцебск: Дзяды ў традыцыі Барыса Хамайды
У восеньскія памінальныя дні найстарэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда абавязкова адведвае магілы былых паплечнікаў.
Пачатак гэтай традыцыі ён паклаў 10 гадоў таму — на першыя ўгодкі сьмерці свайго найбліжэйшага сябра Ўладзімера Плешчанкі, былога старшыні віцебскай суполкі КХП БНФ.
«За мінулыя гады ў лепшы сьвет адышло нямала тых людзей, зь якімі зьвяло змаганьне за дэмакратычныя зьмены ў грамадзтве», — са скрухай кажа Барыс Хамайда. Толькі на гарадзкіх могілках «Копці» пахаваныя першыя віцебскія сябры БНФ Сяргей Цярэнцьеў і Аляксандар Мудрычэнка, іхны наступнік Раман Салаўян, які сышоў з жыцьця ў вельмі маладым веку, старшыня абласной арганізацыі АГП Алена Залеская — гэта яна прыдумала шыць бел-чырвона-белыя шалікі, якія некалькі гадоў падчас розных акцый замянялі віцяблянам забароненыя сьцягі.
Традыцыю адведваць магілы паплечнікаў падтрымліваюць і іншыя прадстаўнікі віцебскай дэмакратычнай супольнасьці. Сёлета да паходу па могілках далучыліся каардынатарка стваранай БХД Тацяна Севярынец, стваральнік грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў ды некалькі іншых гараджан. Бел-чырвона-белыя сьцягі, схіленыя над магіламі, сталі данінай памяці і павагі.