У прыватнасьці, расказаў пра намер увесьці паведамляльны прынцып, каб «усім было зручна».
«Гэта агульнасусьветная норма, якой шырока карыстаюцца ў многіх краінах. Мы пастараемся зрабіць усё, каб максымальна спрасьціць працэдуру, зьвязаную з заяўкай на правядзеньне масавых мерапрыемстваў», — адзначыў Шуневіч.
Што за «жэстачайшая лібэралізацыя» закону пра мітынгі? Тлумачым па пунктах
Паведамляльны парадак уведзены толькі для статычных акцый
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч кажа, што па сутнасьці навацыі не такія значныя, як спрабуюць давесьці ўлады. Усе асуджаныя сёлета за ўдзел у масавых акцыях — «дармаедзкіх», курапацкіх, супраць расейскіх вучэньняў і г.д. — былі б пакараныя і па новай рэдакцыі закону.
«Справа ў тым, што паведамляльны парадак уводзіцца для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, і то ня ўсіх — толькі статычных. Плюс у месцах, вызначаных для гэтых мэтаў мясцовымі органамі ўлады. Іншымі словамі, нават калі вы выйшлі правесьці адзіночны пікет каля будынка адміністрацыі прэзыдэнта ці проста ў цэнтры гораду, гэта падпадае пад склад адміністрацыйнага правапарушэньня, як і раней, артыкул 23.34».
Паводле праваабаронцы, папраўкі не гарантуюць, што ня будуць паўтарацца абсурдныя гісторыі, калі глуханямога каралі за «выкрыкваньне палітычных лёзунгаў», а бязрукага — за тое, што «размахваў рукамі».
Як беларуская міліцыя штрафуе агента Сьміта, вампіра Разіэля і Чорнага Грома
«Гэта ўжо нюансы, бо калі дзея адбываецца ня ў месцах, вызначаных органамі ўлады, то ўвесь парадак застаецца ранейшы, заяўны. То бок трэба падаваць заяўку на правядзеньне масавага мерапрыемства, нават калі гэта адзінарны пікет з усімі наступствамі, у тым ліку аплатай выдаткаў. Паўтаруся, паведамляльны парадак уведзены толькі для статычных мерапрыемстваў. Мітынгі і дэманстрацыі, як і раней, — толькі па заяўным прынцыпе. Вы ж ня будзеце ладзіць шэсьце на стадыёне, правільна? Там можна правесьці або сход, або пікет, або мітынг.
Некаторым групам грамадзянаў, напэўна, будзе прасьцей выказваць меркаваньне і пратэст. Найперш — сацыяльным групам, якія дагэтуль апасаліся праводзіць несанкцыянаваныя сходы. Мабыць, для іх гэта трошку будзе лягчэй. Але ў цэлым закон застаецца поўны розных абмежавальных рэчаў, і падставаў для нашай крытыкі менш не становіцца. Я падазраю, што ўлады на міжнародным узроўні зараз пачнуць трубіць пра тое, што ўвялі паведамляльны парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў, хоць гэта ня так. Бо тычыцца толькі некаторых відаў і вызначаных месцаў».
Няма падставаў, каб нешта зрушылася ў лібэральны бок
Грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык — адна з рэкардсмэнак па пакараньнях за ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Кажа, што ня мае асаблівага даверу да дэкляраваных намераў.
Найперш яе бянтэжыць, што арганізатарамі масавых мерапрыемстваў ня змогуць выступаць грамадзяне зь нязьнятай ці непагашанай судзімасьцю. Калі нават павярхоўна зірнуць на апазыцыйных лідэраў, праз аднаго гэта «рэцыдывісты» зь непагашанымі судзімасьцямі. А менавіта яны ў бальшыні выпадкаў бываюць арганізатарамі акцыяў:
«Проста Лукашэнку трэба ехаць у Брусэль, і ён хоча паказаць, што ён галоўны эўрапеец на гэтым кантынэнце. Але ў эўрапейцаў працуе закон. Людзі выходзяць на вуліцы, і ніхто за гэта не саджае, не дае штрафы. Выконваюцца канстытуцыйныя нормы. Ня будзе нічога пры Лукашэнку, ня той гэта пэрсанаж, каб былі зьмены, каб нешта зрушылася ў лібэральны бок.
Мне вельмі цяжка ў гэта паверыць, хоць, канечне, хочацца, каб у краіне як мага хутчэй насталі перамены, каб я спакойна выйшла з расьцяжкай або нашым гістарычным сьцягам і каб мне за гэта не ўпаялі 600 даляраў штрафу, не арыштавалі маёмасьць і ня кінулі ў бесчалавечныя пастарункі, дзе проста гулагаўскія ўмовы. Вельмі хочацца верыць, але ня думаю, што так будзе. Бо адна справа верыць, а другая — ведаць. І я ведаю, што будзе так, як і было. Прынамсі пакуль на пасадзе сядзіць узурпатар».
Працяг гульняў з Захадам і вытаргоўваньне крэдытаў
Адзін зь лідэраў «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, які працяглы час правёў у зьняволеньні, кажа, што яго мала хвалююць «рэвалюцыйныя захады» сілавога ведамства і дэпутатаў.
Ягоная арганізацыя і дагэтуль не турбавалася адносна заявак, бо атрымаць станоўчы адказ на акцыю любога фармату было папросту нерэальна:
«Я думаю, што ініцыятывы падобных законапраектаў у першую чаргу зьвязаныя з гульнямі з Захадам. Вытаргоўваюць крэдыты, пад гэта нібыта штосьці мяняюць. Але ўвогуле праблема Беларусі — не заканадаўства, ня тое, што яны там панапісваюць у сваіх „палатках“. Праблема ў прымяненьні заканадаўства.
У нас ёсьць безьліч нармальных законаў. І праблема адна — яны не выконваюцца. Калі ў нас ёсьць згодна з Канстытуцыяй права выказваць сваё меркаваньне, то чаму за гэта зьбіваюць людзей, саджаюць у турмы?
Таму тое, што яны напішуць, — гэта адно. А тое, як яно будзе выконвацца, — зусім іншае. Гэта па-першае.
Па-другое, асабіста мяне мала турбуе, хто абмежаваны ў праве падаваць заяўкі, хто не абмежаваны, па судзімасьці, яшчэ як-небудзь.
Мы не зьвяртаемся да іх вельмі даўно, не падаём ніякіх заявак, таму што трэба проста губляць свой час, свае сілы, хадзіць на нейкія паседжаньні выканкаму, за нешта браць адказнасьць. Сілы і час на гэта ня трацім. Мы рэалізуем канстытуцыйнае права зьбірацца там, дзе вырашым патрэбным самі, і агучваць тыя праблемы, якія лічым актуальнымі для грамадзтва».
Выступаючы перад дэпутатамі, Ігар Шуневіч удакладніў, што мэханізм правядзеньня масавых мерапрыемстваў на аснове зьмененага заканадаўства будзе падрабязна прапісаны ў адмысловай пастанове Савету міністраў.