У Бярозе пры невядомых абставінах памёр 23-гадовы салдат

Ілюстрацыйнае фота. Салдаты вайсковай часткі ў Печах

Пра чарговую загадкавую сьмерць у беларускім войску паведаміла газэта «Наша Ніва», якая піша пра сьмерць жыхара Барысава, які праходзіў службу ў частцы СПА ў Бярозе.

Салдат, паводле афіцыйнай інфармацыі, памёр 2 верасьня пры незразумелых абставінах і бязь сьведкаў: нібыта быў у дзяжурстве на вышцы і раптоўна сканаў, піша «Наша Ніва».

Па словах роднага брата загінулага Генадзя Сарокіна, сям’я даведалася аб сьмерці праз тэлефонны званок з вайсковай часткі. Аднак, як і ў выпадку з гісторыяй загінулага Аляксандра Коржыча, родныя не змаглі забраць цела хлопца адразу — толькі праз два дні.

— Афіцэры часткі толькі сказалі, што да брата прыяжджала хуткая, і дактары нібыта сказалі, што ў яго адарваўся тромб, ну і ўсё. Пасьля нейкі экспэрт з моргу сказаў, што ў брата былі сутаргі і прыступ эпілепсіі, бо язык прыкушаны. Але не было ў яго ніколі такога пры жыцьці! Ні сутаргаў, ні эпілепсій. Я ня веру, — гаворыць брат загінулага.

Паводле словаў маці, яе сын памёр між дзьвюма і трыма гадзінамі, а пазванілі каля пяці гадзін. Калі жанчына яго ўбачыла, то ён ляжаў у адзеньні, а на левым віску была драпіна, нос быў таксама падраны.

— Ён праляжаў жа колькі... Я не магу нават сказаць, ці былі ў яго нейкія пашкоджаньні. Бо ў моргу рэзалі, ускрывалі, усю галовачку парэзалі, грудкі парэзалі, на грудзях швы, дзе ты там ужо што ўгледзіш? Што я ўбачу? Нічога... — плача жанчына.

На дзедаўшчыну салдат скардзіўся толькі спачатку. Пасьля гэтага праблемаў, падаецца, не было.

Хаця прайшло ўжо больш за паўтара месяцы ад моманту сьмерці, афіцыйнай прычыны дагэтуль няма — у пасьведчаньні, як кажуць сваякі, напісана «прычыны сьмерці высьвятляюцца».

Генадзь Сарокін на дзяжурства заступаў на г.зв. «вышку візуальнага назіраньня» — глядзеў на неба зь біноклем. І вось у гэты момант — калі салдат быў адзін і нікога побач не было, ён нібыта і памёр — ягонае цела знайшоў саслужывец, які заступаў на пост пасьля яго.

Начальнік прэсавай службы Мінабароны Беларусі Ўладзімер Макараў пацьвердзіў Свабодзе факт сьмерці салдата ў Бярозе:

Уладзімер Макараў

«Сапраўды, ёсьць зьвесткі, што 2 верасьня ў вайсковай частцы № 48684, якая дысьлякуецца ў Бярозе, памёр ваеннаслужачы. Прозьвішча мы не паведамляем. Ваеннаслужачы памёр без прыкмет гвалтоўнай сьмерці. Управа Сьледчага камітэту па Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласьці праводзіць праверку, прызначаная гісталягічная экспэртыза».