Расстраляныя літаратары. Анатоль Вольны, які кпіў з ахвяраў першай хвалі рэпрэсій 1930 году, а ў 37-м зь яго ўжо не было каму кпіць

Анатоль Вольны

Пачвары ненавідзяць прыгожых, дурні зьдзекуюцца з разумных, нікчэмнасьці забіваюць таленавітых. Улада рабоў зьнішчае свабодных. Савецкая ўлада толькі за адну ноч 29-30 кастрычніка 1937 году застрэліла больш за 100 асобаў беларускай эліты. У безыменныя магілы пад курапацкімі хвоямі злачынцы тады закапалі і квецень нацыянальнай літаратуры. Праз 80 гадоў мы прыгадваем імёны забітых талентаў беларускага слова.

Ягонае сапраўднае імя — Анатоль Ажгірэй. Вершы, артыкулы і прозу падпісваў псэўданімам Анатоль Вольны, у фэльетонах выступаў пад імем Алёша. Яго кнігі імгненна раскупляліся, выпускаліся паўторна. Яркі сцэнарыст, які марыў ствараць нацыянальнае кіно, і чалавек, які мог, калі таго патрабавалі абставіны, пайсьці супраць сяброў. Усё гэта — таленавіты, неадназначны і вельмі цікавы пісьменьнік Анатоль Вольны.

У яго быў раман зь Верай Харужай

2 чэрвеня 1928 году ў польскай турме Вера Харужая пісала таварышу С.: «Опять спрашиваю о Толе. Где он, каков он и что с ним? Напиши все, что знаешь. Ох, как я хочу найти его...». У лісьце да Л. Разенблюма ад 13 сакавіка 1929 году адзначала, што Анатоль Вольны ёй ня піша: «Толик в своем упорном молчании выдержан на сто процентов...» Празь месяц, 12 красавіка, настрой у яе мяняецца: «Мысль о Вольном сгоняет у меня улыбку в самую радостную минуту. Для меня — это гром с ясного неба. Мне больно, больно... Я не хочу с этим согласиться... Черт побери, неприятно, когда теория превращается в практику не „вообще“, а на одном из близких друзей»; 14 красавіка таварышу С.: «...Много раз спрашивала тебя, что с В. Теперь я уже знаю. Тот день, когда я узнала, был для меня одним из самых горьких в тюрьме...» (Вера Хоружая. «Письма на волю». Москва, 1957).

Вера Харужая

Зьмітрок Бядуля захапляўся весялосьцю Анатоля Вольнага, але ў аповесьці «Салавей» зрабіў зь яго карыкатуру

Зьмітрок Бядуля апісвае, як яны ехалі цягніком зь Менску ў Воршу («10 дзён падарожжа па Беларусі». // «Савецкая Беларусь», 1925, № 186, 20-га жніўня): «Яго гумар сонечнымі хвалямі запаўняе вагон. Направа і налева ён сыпіць жмутамі вясёлых славечак. /.../ Увесь вагон рагоча». У аповесьці «Салавей» Анатоль Вольны выведзены пад выглядам «маладога шляхціца Вольскага /.../ які быў пляткаром усёй ваколіцы. Меў вялікі спрыт пасварыць паноў між сабою, а сам заўсёды выходзіў сухім. /.../ Быў досыць плюгавы: нізенькі, рыжыя валасы, чырвоныя вочкі, якія пры гутарцы стараўся рабіць шчырымі і жаласьлівымі. /.../ Ён падлізваўся да кожнага пана, ад якога спадзяваўся мець якую-колечы выгаду. Славіўся таксама /.../ як вершаплёт». («Узвышша», 1927, № 3).

Вокладка кнігі «Табе». 1927 год

Лічыў, каб атрымаць пазыку, трэба паказаць сваю бесклапотнасьць

«Я часта бываў у дрэнных грашовых умовах. /.../ Як прыходзіце куды пазычаць грошы, дык абавязкова зрабіце вясёлы, нядбайны выгляд. Я дык у гэткіх выпадках насьвістваю: „Чура-ара-чура-ра!“ Дапамагае! Спрабуйце!» (Алёша. «Далібог не пазычаць!» // «Савецкая Беларусь», 1925 г., № 278 Аўторак, 8-га сьнежня).

Малюнак да агітжарту Анатоля Вольнага «Калі дзяк гаворыць праўду». «Маладняк». 1924, № 7

Празь яго паказаньні быў паўторна арыштаваны Андрэй Мрый

У «Лісьце другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну» Андрэй Мрый пісаў: «У кастрычніку 1936 году б. беларускі фэльетаніст Анатоль Вольны, які некалі не даваў мне спакою за Самсона Самасуя, але зусім не знаёмы са мною ў бытавым і грамадзкім жыцьці, быў арыштаваны і прызнаўся, што ён узначальваў контррэвалюцыйную арганізацыю. Вольны пералічыў членаў гэтай арганізацыі і ў самым хвасьце прышпіліў прозьвішча Шашалевіча [сапр. прозьвішча А. Мрыя. — В. Дэ Эм]. /.../ Ні імя, ні імя па бацьку /.../ не адзначана. Няўжо гэтым рэестрам членаў хеўры Вольнага мая прыналежнасьць да контррэвалюцыйнай арганізацыі даказана? /.../ Інтрыгамі Вольнага і Дудара я выкрасьлены быў са сьпісу грамадзка карысных пісьменьнікаў /.../». (Мрый А. Творы. Менск, 1993).

Хацеў далучыцца да літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша», але яго не прынялі

Паводле крытыка Антона Адамовіча, калі нараджалася аб’яднаньне, «былі пушчаны ў ход агенты, якія стараліся /.../ пасеяць нязгоду. /.../ Вольны спрабаваў далучыцца як выразны агент-інфарматар і правакатар, але яго не прынялі». (Адамовіч А. «Да гісторыі беларускай літаратуры». Менск, 2005).

Літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк». У цэнтры — Анатоль Вольны

Уладзімер Дубоўка і Кузьма Чорны крытыкавалі яго за кепскую беларускую мову

Уладзімер Дубоўка аналізуе верш Анатоля Вольнага «Мне і тут безь Беларусі цесна» («Пра нашу літаратурную мову». // «Узвышша», 1927, № 2): «...сынтаксовая пабудова — цалкам не беларуская. /.../ няправільнае ўжываньне дзеясловаў /.../, назоўнікаў. /.../ „Сьляды лунных лап па ўцёсах ляглі“ /.../ „Фосфарычныя ўхмылкі луны / Нібы май ды зьвініць у бубянцы...“ Аж некалькі „лунных лап“! — Памянёная „луна“, затым „май“, „ухмылкі“ і „бубянцы“ /.../, калі перабраць усе яго творы, дык можна злажыць вялікі расейскі слоўнік. /.../ Творы /.../ Ан. Вольнага /.../ зьнеахвочваюць ад чытаньня беларускай літаратуры; даюць адмоўнае і няправільнае ўяўленьне пра беларускую мову і літаратуру /.../, даюць падставу для зьдзекаў...». Кузьма Чорны дадае: «Гэтыя „лунныя лапы“ ўсё больш і больш пускаюць карані, усё больш і больш імкнуцца запанаваць цалкам у нашай літаратурнай мове. Гэтая навала робіць справу змаганьня з беларускаю культураю...» (Кузьма Чорны. «Небеларуская мова ў беларускай літаратуры». // «Узвышша», 1928, № 5).

Верш Анатоля Вольнага «Мне і тут безь Беларусі цесна» з кнігі «Чорнакудрая радасьць», дзе згадваюцца «лунныя лапы»

Алесь Дудар вучыў яго беларускай мове, а той яго адукоўваў па камсамольскай лініі

Паводле Алеся Дудара: «Улетку 1923 году /.../ пачала арганізоўвацца часопісь „Маладняк“ /.../. Рэдактарам быў Анатоль Вольны, які ня ўмеў пісаць па-беларуску, і я яму аказываў тэхнічную дапамогу. Будучы камсамольскім актывістам, ён узяўся і за маё разьвіцьцё. У нас утварылася моцная бытавая сувязь. Ён пачаў прыцягваць мяне да камсамольскай працы /.../ Пад яго ўплывам у мяне выветрылася тая ідэалёгічная спадчына, якая заставалася...» (Паказаньні Алеся Дудара са справы «Саюзу вызваленьня Беларусі». 2 верасьня,1930 г. // Міхнюк У. «Арыштаваць у высылцы: Дакумэнтальны нарыс пра Алеся Дудара». Менск, 1996).

Вокладка кнігі «Чорнакудрая радасьць». 1926 год

Кпіў з «Гісторыі беларускай літаратуры» Максіма Гарэцкага

«— Скучно жить на этом свете господа, — сказаў, здаецца, Гогаль. Бядняга Гогаль, — каб ён быў знаёмы з Гарэцкім, нашым Максімам Гарэцкім, гісторыкам нашае беларускае літаратуры, весялей бы яму жылося. — Гэта што, — рашыў Гарэцкі, — пісаць якія-небудзь там камэдыі, сатыры — на гэта кожны Гогаль здольны! Не, ты вось дай камэдыю ў гісторыі літаратуры /.../ Што пісаць глупства ў апавяданьнях ці вершах /.../, ты паспрабуй напісаць /.../ арыгінальнае навуковае глупства, — гэта па-нашаму, — рашыў Гарэцкі і засеў пісаць кнігу «Гісторыя беларускай літаратуры». (Алёша. «Пустаслоўе»... // «Савецкая Беларусь», 1925, № 42, 21-га лютага).

Павал Гуткоўскі. Партрэт Анатоля Вольнага. «Маладняк», 1924, № 5

Іранізаваў над меркаваньнем, што Беларусь па сваіх дасягненьнях ня горшая за Заходнюю Эўропу

«Найвыдатнейшы мы народ — беларусы. Літаратары вось так і кажуць, што самыя мы найздольнейшыя ў літаратуры і што на нашую літаратуру чакае Заходняя Эўропа. Артысты /.../ сьцьвярджаюць, што /.../ хаця ж у жыцьці мы часам і прыкідываемся недалёкімі, дык затое на сцэне ды пад суфлёра, які-небудзь з нас часам выяўляе гэткую сілу, што проста дзіву даесься. Нават нашы культурнікі і тыя вызначаюцца ад іншых сваім здароўем. Ну, як ёсьць мы найвыдатнейшы народ па ўсіх галінах і як на нас чакае Заходняя Эўропа, то мы сабе можам і адпачыць». (Алёша. «Дзе яны?..» // «Савецкая Беларусь». 1927, № 209, 15-га верасьня).

Аўтограф на кнізе «Чорнакудрая радасьць»

Высьмейваў «крывавасьць» п’есаў Уладзіслава Галубка

У гумарыстычнай падборцы «Як бы гэта выглядала, каб беларускія пісьменьнікі пісалі аб Лютаўскай рэвалюцыі» («Савецкая Беларусь», 1927, № 59, 12-га сакавіка) чытаем пародыю на тэатар Галубка: «Падымаецца заслона. За сцэнай — страляніна.

МІКАЛАЙ ІІ (выходзіць з задніх дзьвярэй):

— Ах, Божа мой! (страляніна). Мікалай плача, лезе пад стол (страляніна).

(Заслона).

Выпаўзае танк, а на ім Керанскі. (Страляніна). За сцэнай лупяць з гарматаў. (Страляніна).

КЕРАНСКІ (крычыць):

— Вайна да пераможнага канца. Ура! (Страляніна). Ранены куляю ў самае сэрца Керанскі падае, потым падымаецца і ўцякае за граніцу (страляніна).

На сцэне льецца кроў, якая паступова затаплівае ўсю залю. З-за куліс на чоўне выплывае Галубок і гавора прамову на антырэлігійную тэму. (Страляніна. Заслона)».

Вокладка рамана «Ваўчаняты», 2-е выданьне. 1928 год

Сыбірскай ракой Ангарой захапляўся больш, чым Сьвіслаччу

«Па сваёй быстрыні і празрыстасьці гэта рэчка процілегласьць нашай Сьвіслачы. /.../ мост праз Ангару — пантонны. Прыгожа глядзець на ланцугі, якімі трымаецца мост, праз аквамарынавыя воды Ангары яны відны на працягу некалькіх сажняў глыбіні. Нічога падобнага я не наглядаў, калі глядзеў на Сьвіслач праз дзіркі на нашым мосьце. Быстрыня Ангары 8-12 вёрстаў у гадзіну. Стой, Сьвіслач, ня рушся!..» (А. Вольны. «Ад Менску да Ўладывастоку. Іркуцк» // «Савецкая Беларусь». 1927, № 231, 11-га кастрычніка).

Анатоль Вольны

Умеў зрабіць так, каб яго не абрабавалі ў цягніках

«...Пад’язджаючы пад Іркуцк, у нашым вагоне нейкія грамадзяне шмат каго абакралі. Мы сьпім спакойна, бо папярэдзілі суседзяў аб тым, што, апрача беларускай літаратуры, у нас нічога няма; папярэдзілі і аб тым, што чамаданы нашы цяжкія і гэткім чынам грамадзянам, якія нас пазбавяць ад іх, прыдзецца доўга пакутваць... Наша агітацыя знайшла сабе пачэснае месца ў сярцох нашых суседзяў, бо раніцою мы з чамаданамі выходзілі з вагону» (А. Вольны. «Ад Менску да Ўладывастоку. Іркуцк» // «Савецкая Беларусь». 1927, № 231 аўторак, 11-га кастрычніка).

Ініцыятыўная група, якая заснавала «Маладняк». «Маладняк». 1925, № 6

У чужых гарадах любіў знаёміцца з выпадковымі беларускамоўнымі мінакамі

Па ўспамінах Зьмітрака Бядулі: «На вуліцах [Віцебску] беларускую мову пачуеш ад прыяжджаючых сялян. Інтэлігенцыя (старая) гаворыць па-расейску. — Навучацца па-беларуску! — пацяшаў нас Алёша /.../ Пры гэтым Алёша як бы зазлаваўся на нас і пайшоў адзін брысьці па гораду. Ня доўга чакаючы, прыйшоў ён з двума таварышамі /.../ — Дзе пасьпеў знайсьці сваіх сяброў? — Ды я сам бачу іх у першы раз. Пачуў, як яны на вуліцы гавораць па-беларуску, вось і пазнаёміліся... /.../ Я пабрыў з нашым фэльетаністам /.../. — Давай, — кажа Алёша, — пачнём з майго мэтаду: будзем знаёміцца з тымі, хто гаворыць па-беларуску! /.../ Хутка да нашых вушэй, нібы вырай веснавы, даляцела беларуская гутарка. /.../ Мы, разумеецца, зараз жа пазнаёміліся. Гэта былі дзьве настаўніцы-камсамолкі». (З. Бядуля. «10 дзён падарожжа па Беларусі». // «Савецкая Беларусь», 1925, № 187, 21-га жніўня).

Вокладка аповесьці «Два». 1924 год

Крытыкаваў каапэратыўныя сталоўкі

«Ад мяне да Марка Твэна столькі, сколькі ад каапэратара да сумленнага чалавека. Учора я абедаў у сталоўцы Цэрабкопу № 3. /.../ На абед далі шчаўя. З шчаўя я выцягнуў чарвяка. Паклікаў нейкага „зама“. Паказаў. „Зам“ нават і не зьдзівіўся.

— Што гэта? — пытаюся.

— Чарвяк, — адказвае.

— І гэта ў вас абавязкова падаецца да першага?

— Не, — кажа, — ня тое, каб абавязкова, але ў шчаўі бывае...» (Алёша. «Кааперацыйнае...» // «Савецкая Беларусь» 1925, № 237, 18-га кастрычніка).

Фэльетон Алёшы (Анатоля Вольнага) «Афрыканская рамантыка». Чырвоная Беларусь. 1930, № 6

Заклікаў вучняў на лаянку настаўнікаў адказваць гэткім самым чынам

«...Таварышы вучні, я вам дам адну параду, можа, яна і дапаможа. /.../ загадчык прыходзіць у клясу і да вас зьвяртаецца; як звычайна:

— Шляпы дыравыя.

А вы яму адразу:

— Галавацяп, балда турэцкая!..

Зразумела, загадчык узбунтуецца:

— Як, скажа, вы сьмееце: я загадчык сямігодкі...

А вы яму:

— Дурак — с тебя пользы, что с козла молока. /.../

Спрабуйце, таварышы!

А я папрашу, каб вас за гэта не наказвалі...

(Алёша. «Суседзі». / «Балда турэцкая». Менск, 1932).

Вокладка зборніка фэльетонаў «Суседзі». 1932 год

Падтрымаў у прэсе Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага і Андрэя Александровіча, калі яны напісалі скандальную заяву аб выхадзе з БДУ

Абураныя хамскім артыкулам ва ўнівэрсытэцкай насьценнай газэце, гэтыя тры пісьменьнікі пакінулі БДУ. Анатоль Вольны адгукнуўся: «Гэтак лаяцца ўмеюць толькі аўтары насьценнай газэты Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту /.../: „Што за штука на пэдфаку — аб’ясьні мне гэта, кінеш палкою в собаку — пападзеш в поэта“. Адным словам — навучыўся беларускі студэнт лаяць беларускага пісьменьніка! Успомніўся мне зоолёгічны сад. /.../ адзін папугай здаравенным гэткім басам прыкрыківаў на ўваходзячых у сад людзей:

— Ду-рр-ракі!

/.../ маладыя попкі, якія не навучыліся гэтак вымаўляць, — зь якой зайздрасьцю яны глядзелі на свайго старэйшага найбольш адукаванага калегу. А вочы іх, здаецца, гаварылі:

— Ну і разумнік жа!

— Ну і аналізы ж робіць!

— Ай, які дацэнт!

Тое самае я бачыў у вачох маладых людзей, якія гэтымі днямі чыталі ва ўнівэрсытэцкай насьценнай газэце лаянку аднаго з сваіх адукаваных сяброў, накіраваную супроць пісьменьніка». (Алёша. «Аб рамізьніках без нумароў». // «Савецкая Беларусь». 1928, № 269, 23-га лістапада).

Высьмейваў небеларускую палітыку дзяржаўнага кіно

«І сказала Белдзяржкіно беларускаму народу: — Першай тваёй нацыянальнай фільмай будзе «Прастытутка». — Хай жыве першая «прастытутка», — адказаў беларускі народ. Нумар прайшоў... У Белдзяржкіно думалі... І сказалі народу-мэлянхоліку зноў: — Другой тваёй нацыянальнай фільмай будзе «Масква кабацкая». — «Кругом шашнаццаць! Адказаў мэлянхолік — „не лаптем щи хлебаем“, даеш, брацешки, „Маскву кабацкую“... У Белдзяржкіно думалі...— Чарговай тваёй нацыянальнай фільмай будзе „Валаамава асьліца“... І запратэстуе тады народ-мэлянхолік: — Чаму, скажа, „Валаамава асьліца“? У ёй што ёсьць мясцовае беларускае? І адкажа Белдзяржкіно: — Глупай! А „Проститутку“ было можна? А „Маскву кабацкую“ можна?... А „Валаамаву асьліцу“ так уже нельзя... Где вы раньше были? Меланхолики несчасные!» (Алёша. Народ-меланхолік. // Савецкая Беларусь 1927, № 45 Чацьвер, 24-га лютага).

Анатоль Вольны сярод беларускіх пісьменьнікаў. 1936 год

Кпіў з ахвяраў першай хвалі рэпрэсій 1930 году

«Гэтыя [пісьменьнікі] самыя няшчасныя, бо, будучы славутымі ў 1928 г., яны ў 1932 г. зьяўляюцца літаратурнымі нябожчыкамі, якія яшчэ пры жыцьці самі сабе старанна падрыхтавалі пахаваньне па чацьвёртаму разраду, а іменна па таму самаму разраду, калі сам нябожчык нясе сваю труну» (Алёша. «Андрэй Александровіч». // «Чырвоная Беларусь», 1932, № 8).

Нарыс Анатоля Вольнага «Агні на балоце». «Чырвоная Беларусь». 1931, № 16

Засмучаўся, што ў многіх нацыянальных дзеячаў дзеці гавораць па-расейску

«— Прарокі вы ліпавыя! Гэта я намёківаю на вас, патэнтаваных беларусаў, бо вы ўсюды распінаецеся аб сваёй беларускасьці, а між тым сваіх дзяцей выхоўваеце на якой хочаце мове, але не па-беларуску. /.../ Калі мы бачым якога Пшчолку [Аляксандр Пшчолка — тагачасны па-прарасейску настроены пісьменьнік. — В. Дэ Эм.], дык мы зь ім усе змагаемся. Але калі мы бачым, што дзеці гэтак званых патэнтаваных беларусаў вучацца ў расейскіх школках і гавораць выключна па-расейску, дык мы ня ведаем, з чым і супроць чаго выступаць, як каму і аб чым гаварыць». (Алёша. «Хай растуць...» // «Савецкая Беларусь». 1928, № 56, 6-га сакавіка).

Анатоль Вольны і Міхась Чарот. 1925 год

Яму падабалася жонка Міхася Чарота, якую ён запрашаў у свае фільмы

«У гэтыя гады Анатоль Вольны паставіў фільм «Сосны шумяць» [ён быў на самай справе толькі сцэнарыстам. — В. Дэ Эм.], дзе прыгожую пані іграла жонка Міхася Чарота, а сялянскую прыгажуню — Вера Пола. /.../ Валеры Маракоў і Анатоль Вольны — зусім розныя і па зьнешнасьці, і па творчасьці людзі. Зараз цяжка зразумець, хто болей цікавіў іх: сам Чарот ці яго жонка? Хутчэй, апошняя, бо назаўтра Чароціха прыносіла маёй матцы дэталі тае швэйнай машыны, якую Чарот выкідваў праз акно пасьля выбуху рэўнасьці. (Ціхановіч Яўген. «Партрэт стагодзьдзя». Менск, 2015).

Аўтар выказвае вялікую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Ірыне Багдановіч, Віктару Жыбулю, Валярыне Куставай, Ганьне Севярынец, Анатолю Сідарэвічу, Міхасю Скоблу.

Гурт Akute прэзэнтуе на TuzinFM свой новы твор «Я цябе пакахаў», які быў запісаны для праекту «(Не)расстраляная паэзія» на словы паэта Анатоля Вольнага. ​