Пачвары ненавідзяць прыгожых, дурні зьдзекуюцца з разумных, нікчэмнасьці забіваюць таленавітых. Улада рабоў зьнішчае свабодных. Савецкая ўлада толькі за адну ноч 29-30 кастрычніка 1937 году застрэліла больш за 100 асобаў беларускай эліты. У безыменныя магілы пад курапацкімі хвоямі злачынцы тады закапалі і квецень нацыянальнай літаратуры. Праз 80 гадоў мы прыгадваем імёны забітых талентаў беларускага слова.
Алесь Дудар (Аляксандр Дайлідовіч) — аўтар дзівоснага зборніка «І залацісьцей, і сталёвей...» (1926 г.) і разам з тым пад псэўданімам Тодар Глыбоцкі пісаў адыёзныя артыкулы. Ярка і эпатажна выступаў супраць уплыву Масквы — і ў той жа час вышукваў ворагаў сярод беларускіх літаратараў.
У вершы «Трыюмф» (1926) Алесь Дудар прадбачыў свой трагічны лёс:
Можа кожны камень заіскрыцца. Будуць дзеці ад мяне ўцякаць. Завядуць мяне людзі ў зьвярынец і напішуць: «РУКАМІ НЕ ЧАПАЦЬ!»
Баяўся, каб творы Ўладзімера Дубоўкі ня трапілі ў школьную праграму
«Трэба сачыць, каб творы Дубоўкі не прасяглі ў школьныя падручнікі, бо там яны могуць прынесьці вялікую і цяжка паправімую шкоду». (Я.Ч. Рэцэнзія на кнігу У. Дубоўкі Credo // «Маладняк». 1926, № 4). Увогуле, змагаўся з суполкай «Узвышша» як мог: празь яго крытычныя напады зьехаў у Ленінград Язэп Пушча, А. Мрый згадваў, што Алесь Дудар быў сярод тых, хто «апляваў раман [„Запіскі Самсона Самасуя“. — В. Дэ Эм.] амаль вулічнаю лаянкай».
За апавяданьне «Вецер з усходу» (1928), дзе паказаў «узвышанцаў» ворагамі савецкага ладу, быў абвінавачаны ўладамі ў шкодніцтве
У апавяданьні апісваў Язэпа Пушчу «па-франтаўску апранутым панком з голасам саракагадовай жанчыны і паходкаю качкі», Дубоўку — «высачэзным пагардлівым хлапцом з грубымі рысамі, які махае рукамі». Паводле крытыка Антона Адамовіча, «абодвум ім інкрымінавалася „разлажэньне моладзі буржуазнай паэзіяй“, якую Дудар прыраўноўваў да паэзіі Ігара Севяраніна, Аляксандра Вярцінскага /.../. Гэты ўплыў ён назваў „ветрам з усходу“. /.../ Выходзіла, што з „усходу“, з Расеі ішло шкоднае ўзьдзеяньне, а не дабратворны ўплыў „вялікага Кастрычніка“. /.../ Ягоны данос быў пакінуты без увагі, якая была зьвернута на самога аўтара — „нацыяналістычнага паклёпніка“, што ганьбуе самую цытадэль бальшавізму». (Адамовіч А. «Да гісторыі беларускай літаратуры». // «Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры (1917–1957)». Менск, 2005).
Шкадаваў прастытутак. Жанчыны, не зьвязаныя з гэтай прафэсіяй, выступалі ў яго творчасьці ўвасабленьнем бруду і вераломства
У вершы «Такая...» (з кнігі «Вежа», 1928 г.) чытаем:
Яны сустрэліся і разышліся хутка, калі панэль акутаў змрок — жанчына чэсная і прастытутка — і кожная пайшла ў свой бок. І вось адна знайшла, каго шукала... Нядоўгі торг — «Чатыры? Тры!..» Другая кінула — Я не такая!.. ...І аддалася пяцярым...
У апавяданьні «Спатканьне» (зборнік «Марсэльеза», 1927) адзіны чалавек, хто дапамагае чырвонаармейцу, які хаваецца ад белапалякаў, — прастытутка: «Адданасьць маткі, нежнасьць сястры, каханьне дзяўчыны — усё сусьветнае каханьне сьвяцілася ў [яе вачах. — В. Дэ Эм.]. І я ўявіў чамусьці сабе, якая нянавісьць павінна была сачыцца з гэтых вачэй на ўсіх выпадковых уладароў гэтага змучанага цела». У апавяданьні «Вецер з усходу» прыгажуня-студэнтка паступова зацягвае вясковага хлопца ў вір распусты, зь якога яму ня выбрацца.
Быў непасьлядоўны ў крытыцы
Пісаў у 1927 г., што ва ўзвышанцаў «можна знайсьці і Вэнэру Мілоскую, і Горацыя, і Клеопатру, і Ніобу /.../ толькі жывога сучаснага знайсьці нельга», а сам за год да гэтага склаў эстэцкі верш «Dies irae, dies illa...», які пачынаўся так:
Рым і Эляда заснулі ў палёце гадоў і ста- годзьдзяў. Мохам спавіты Акрополь руінаю стаў Капі- толі...
У супольнай з М. Зарэцкім і А. Александровічам заяве аб выхадзе з БДУ (пратэставалі супраць хамскага стаўленьня да беларускіх літаратараў (1928) абураўся: «...пісьменьнікаў абвінавачваюць, што яны носяць гальштукі, каўнерыкі, капелюшы (які злачынны „шик“!)», а за год да гэтага ў таго ж Дудара знаходзім: «У нас вельмі многа людзей, якія „хварэюць на паэтаў“ /.../, ніхто зь імі ня лічыцца. Аднак гэта не перашкаджае ім запускаць доўгія валасы, насіць фантастычную вопратку (у тым ліку і капялюш, што павінна надаць эўрапейскі шык)». Ганіў паэтаў за выкарыстаньне банальных прыметнікаў, але і ў самога чытаем: «Паглядзі, матуля, вечар які сіні...», «Паў туман ды на сіняе мора...», трапляецца ў яго і «зялёная трава», «белы» сьнег і г д. Пісаў, што «літаратура — рэч далікатная і кіраваць ёю крыкам нельга. Патрэбны больш тонкія і ўдасканаленыя мэтоды», у той час як крытык дзейнічаў брутальнымі мэтадамі і зьяўляўся, паводле Адама Бабарэкі «Першым /.../ фундатарам перакручваньня фактаў». (Бабарэка Адам. Збор твораў у двух тамах: Том 1. Вільня, 2011).
Горад любіў больш за вёску
У 1926 годзе пісаў: «Горад наогул больш люблю, як вёску: можа, таму, што прывык, а можа, проста таму, што ў горадзе жыць весялей — хто яго ведае!» («Пра час і пра сябе». Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменьнікаў. Менск, 1966).
Дакараў беларускіх клясыкаў, што не пісалі вершаў, прысьвечаных гораду
У кнізе «Сонечнымі сьцежкамі» (1925 г.) у нізцы «Менск» знаходзім:
Вуліца, шырокая вуліца. Заляскала конскім топатам. Ні Купала, ні Колас, ні Бядуля цябе не масьцілі строфамі.
Абураўся, што Якуб Колас выступаў у абарону Францішка Аляхновіча
«...Нацыянал-дэмакратычнай ідэалёгіяй была апанавана большая частка „Полымя“ /.../ Дайшло да таго, што ніхто не зьвярнуў увагі на тое, што Якуб Колас выступіў з прапазыцыяй, каб „Полымя“ ўзяло на сябе ініцыятыву прасіць аб памілаваньні Аляхновіча ці аб палягчэньні яму кары». (Паказаньні Алеся Дудара са справы «Саюзу вызваленьня Беларусі». 2 верасьня,1930 г. // Міхнюк У. «Арыштаваць у высылцы: Дакумэнтальны нарыс пра Алеся Дудара». Мінск, 1996).
Якуб Колас лічыў яго «малацэнным хлопцам»
У лісьце да жонкі (3 верасьня, 1926 г.) аўтар «Сымона-музыкі» пісаў: «Прыглядаюся да Дудара і знаходжу яго ўсё больш і больш малацэнным хлопцам. Прыехаў сюды [на курорт у Есентукі. — В. Дэ Эм.] ў мяккім вагоне на казённыя грошы, назад зьбіраўся ляцець на аэрапляне, ды мусібыць, праляціць у трубу, бо ўжо атакуе Менск, каб прыслалі грошы. Ня лечыцца, а так сабе разгульвае /.../ ніякай хваробы ў яго няма. Дур адзін. Ну, піў многа, і вочы яго маргаюць, як у старога». (Колас Я. Збор твораў. У 20 т. Т. 18. Лісты (1908 — 1942). Менск, 2012).
Паэму Алеся Дудара «Шанхайскі шоўк» называлі супрэматычнай
«...„Шанхайскі шоўк“, паэма прыгнечаным народам Усходу й Захаду /.../ выпукляецца ўсвойнаю /.../ галаваломнаю вобразнасьцю /.../ і запазычанаю ад Маякоўскага формаю расстаноўкі слоў, абнесеных незьлічонымі кропкамі і рыскамі зь пералічэньнем дзесяткаў прыметнікаў... Проста — супрэматызм, у якім нагу зломіш». SibI (Полымя. 1925, № 7).
Выступаў супраць савецкіх расейскіх п’есаў у беларускім рэпэртуары
«Заместа таго, каб паклапаціцца аб набыцьці рэпэртуару, які быў бы лёгічна зьвязаны з папярэднім шляхам тэатру і адначасова даваў бы поступ наперад, БДАТІ затаптаўся на месцы паміж „Мяцежам“, „Верацёнамі“ і „Бронецягніком“. У пагоне за перастарэлымі навінкамі маскоўскіх тэатраў, БДАТІ адышоў ад сваёй сапраўднай і настойнай задачы». (Тодар Глыбоцкі. «Таптаньне на месцы» («Бронецягнік» — БДАТІ) // «Савецкая Беларусь». 13 лістапада 1928 г. № 260); у той час Адам Бабарэка адзначаў: «Глыбоцкі дзейнічае не самастойна, а зьяўляецца органам у трэціх руках, якія жадаюць зьмяніць кіраўніцтва тэатру». (Бабарэка Адам. Збор твораў у двух тамах. Том 1. Вільня, 2011).
Марыў, каб у Беларусі зьявіліся кнігі «для лёгкага чытаньня»
«...Для чытача застаецца ідэалам дынамічнасьць дзеі, вострае і нечаканае завязваньне і разьвязваньне інтрыгі ды іншыя элемэнты прыгодніцкага раману. /.../ Нам у далейшым трэба было б паклапаціцца, каб даць масаваму чытачу лёгкую і даступную кніжку ў гэтым жанры. /.../ Неабходна наладзіць выданьне сэрыі прыгодніцкіх кніжак...» (Тодар Глыбоцкі. «Пра нашы літаратурныя справы». //«Тварам да чытача». Менск, 1928).
Заклікаў дасьледаваць беларускія казкі
«...Дажываюць свой век апошнія з магікан — стагадовыя дзяды ды бабулькі, якія яшчэ перахоўваюць багаты казачны матэрыял. Тым больш цікава цяпер, пакуль казка яшчэ жыве, пакуль усякае дасьледаваньне ў гэтым кірунку яшчэ можа быць дапоўнена жывымі матэрыяламі. Беларуская казка да самага апошняга часу /.../ выпала з поля ўвагі дасьледцаў фальклёру...» (Ал. Дайлідовіч. «Сацыяльна-бытавыя матывы беларускіх народных казак» // «Полымя». 1928, № 6).
Хацеў, каб членскія білеты сяброў «Маладняка» былі напісаныя ня толькі па-беларуску, але і па-француску
«У сярэдзіне 1926 году мы зьбіраліся выдаць сябрам „Маладняка“ новыя білеты. ...Тэкст быў пададзены на беларускай і... на францускай мовах. Думка гэта належала мне, і кіраваўся я прыкладам з украінскай „Ваплітэ“ [згуртаваньне „Вольная акадэмія пралетарскай літаратуры“. — В. Дэ Эм.], якая надпісы падавала таксама на ўкраінскай і францускай мовах. Галоўліт забараніў францускі тэкст, і на гэтым усё скончылася». (Паказаньні Алеся Дудара са справы «Саюзу вызваленьня Беларусі». 2 верасьня,1930 г. // Міхнюк У. «Арыштаваць у высылцы: Дакумэнтальны нарыс пра Алеся Дудара». Менск, 1996).
Пратэставаў супраць студэнтаў, якія размаўлялі па-расейску
«У 1927-28 гг. я зьяўляўся студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. /.../ У пачатку 1928 году, чытаючы сэмінарскі даклад па заходнеэўрапейскай літаратуры, я падкрэсьлена зрабіў яго на расейскай мове. /.../ Мне задалі запытаньне, чаму я раблю даклад не па-беларуску. Гэтага мне і трэба было, і я напаў на студэнтаў жа, заяўляючы, што яны не цікавяцца беларускай мовай і беларусізацыяй, і таму я хацеў быць толькі больш зразумелым для большасьці (сказана было іранічна)». (Паказаньні Алеся Дудара са справы «Саюзу вызваленьня Беларусі». 2 верасьня,1930 г. // Міхнюк У. «Арыштаваць у высылцы: Дакумэнтальны нарыс пра Алеся Дудара». Менск, 1996).
Абураўся, што беларускія пісьменьнікі ня маюць такіх ганарараў, як расейскія
«У нас няма пісьменьнікаў, якія жывуць выключна на свае літаратурныя заработкі. Бадай што ўсе прымушаны займаць службовыя пасады /.../. У Маскве налічваецца 2 069 чалавек, якія жывуць літаратурнаю працаю. /.../ Робіцца дзіўным, чым гэта беларускія пісьменьнікі і перад кім саграшылі, што яны ня маюць магчымасьці атрымліваць хаця б па 300-400 рублёў у месяц зь літаратурнай працы. Наадварот, у беларускіх пісьменьнікаў адбіраюць апошнія магчымасьці папоўніць свой жабрацкі ганарар». (Ал. Дудар. «Больш увагі да пісьменьніка» // "Савецкая Беларусь«.16 кастрычніка 1927 г. № 236).
Ягоны славуты верш «Пасеклі наш край папалам...» застаецца загадкай. Гэта шчыры антыбальшавіцкі твор, заданьне энкавэдыстаў ці ўвогуле ня ім пісаная рэч?
Антон Адамовіч адзначаў: «...Было колькі выпадкаў перасылкі за мяжу ананімных антысавецкіх вершаў, якія выклікалі сэнсацыю ў заходнебеларускай прэсе. Аўтарам гэтых вершаў /.../ быў Уладзімер Дубоўка, а ініцыятарам і арганізатарам іх перасылкі — беларускі нацыянал-камуніст Алесь Адамовіч. Алесь Дудар /.../ згадзіўся быць агентам-правакатарам. Ягоным першым заданьнем было напісаць што-небудзь вострае і паспрабаваць зацікавіць Адамовіча, каб нарэшце злавіць яго на гарачым учынку. Дудар напісаў «Пасеклі наш край папалам» /.../ Аднак Адамовіч быў папярэджаны, і, калі Дудар зьявіўся да яго, узяў верш і адразу аднёс у ГПУ, зьдзекліва папрасіўшы «не пасылаць да яго больш такіх дурняў». У ГПУ зрабілі выгляд, што ня маюць да гэтай гісторыі ніякага дачыненьня, і «выслалі» Алеся Дудара ў Смаленск, самы блізкі горад да БССР, уладкаваўшы ў мясцовую газэту. (Адамовіч А. «Да гісторыі беларускай літаратуры» // «Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры (1917 — 1957)» Менск, 2005). Сам паэт не чакаў, што яго арыштуюць: «Верш гэты я не лічыў настолькі контррэвалюцыйным, каб за яго варт было мяне арыштовываць. /.../ Тое, што мяне ўсё ж такі арыштавалі, хаця і не надоўга, мяне зьдзівіла і абурыла». Дасьледчык Зьміцер Давыдоўскі піша: «Параўнаўшы верш [Дубоўкі. — В Дэ Эм.] 1922 году [„Ты дэкляруеш мне долю...“. — В. Дэ Эм.] зь вершамі „На ўшанаваньне новага падзелу беларускай зямлі“ (1926) [таго ж аўтара. — В. Дэ Эм.] і „Пасеклі наш край папалам...“ (1928), я прыйшоў да высновы: усе тры вершы належаць руцэ Ўладзімера Мікалаевіча Дубоўкі». (Давідоўскі З. «„Пасеклі наш край папалам...“ Хто аўтар?» // «Маладосць». 2016, № 7).
Не хацеў ісьці на супрацоўніцтва з энкавэдыстамі
«...Апублікаваная заява Жылуновіча аб адмаўленьні ад ранейшай палітычнай лініі паставіла перада мною пытаньне, што рабіць далей. /.../ Рашыў пісаць дэклярацыю, у якой рашыў канчаткова парваць з сваім палітычным мінулым. /.../ Я напісаў /.../ і перадаў яе ў ДПУ. /.../ Нач. сакрэтнага аддзелу Андрэеў [сказаў], што я павінен падмацаваць сваю заяву фактамі, такімі фактамі можа быць толькі поўнае і шчырае прызнаньне ва ўсім і асабліва падрабязнае апавяданьне аб усім сваім акружэньні. З гэтага я зрабіў вывад, што мне прапануюць стаць нечым накшталт «сачкома», і яшчэ больш абурыўся, разглядаючы гэта як далёкі ад палітыкі, беспрынцыповы, чыста вытворчы падыход ДПУ. /.../ Паддаваўся я ў гэтым кірунку дужа туга...«.(Паказаньні Алеся Дудара са справы «Саюзу вызваленьня Беларусі». 2 верасьня,1930 г. // Міхнюк У. «Арыштаваць у высылцы: Дакумэнтальны нарыс пра Алеся Дудара». Менск, 1996).
Падчас ссылкі абвяшчаў галадоўку і думаў пра самагубства
«...я атрымаў ад жонкі [паэтка Наталля Вішнеўская — В. Дэ Эм.] павестку аб разводзе. /.../ зьвернуўся да [нач. сакрэтнага аддзелу Аргава] з просьбай дазволіць паездку ў Менск, хаця бы на адзін дзень. Аргаў сказаў, што я здолею выехаць калі ня ў той дзень, то назаўтра. /.../ ні ў той, ні на другі дзень дазволу я не атрымаў. Я быў ахоплены роспаччу і кінуўся на шалёны сродак — галадоўкай дабіцца разьвязаньня вострых пытаньняў. /.../у той жа дзень мяне выклікалі ў ДПУ і паспрабавалі ўгаварыць кінуць займацца глупствам. Я ўпёрся. На другі дзень, адчуваючы безкарыснасьць галадоўкі, я разважаў над другімі выхадамі са становішча. У маіх вачох такі выхад пачынаў вырысоўвацца ў форме самагубства». (Паказаньні Алеся Дудара са справы «Саюзу вызваленьня Беларусі». 2 верасьня,1930 г.// Міхнюк У. Арыштаваць у высылцы: Дакумэнтальны нарыс пра Алеся Дудара. Мінск, 1996).
Будучы ў ссылцы лічыў, што барацьба з нацдэмамі народзіць апазыцыйную партыю
«...праходзіла кампанія барацьбы супроць нацыянал-дэмакратызму на Беларусі і на людзей, якіх я добра ведаў і да якіх я адносіўся з сымпатыяй, пасыпаліся рэпрэсіі. /.../ са старонак беларускага друку не сходзіла імя Прышчэпава, Жылуновіча, Зарэцкага і другіх. Вішнеўская [жонка Алеся Дудара — В. Дэ Эм.] не хавала ад мяне свайго зьдзіўленьня з тае акалічнасьці, што я /.../ гаварыў, што сучасная кампанія прывядзе раней ці пазьней да заснаваньня ў процілегласьць КПБ новай партыі з больш выразнай нацыянальнай праграмай, у якой, бясспрэчна, сойдуцца ўсе «беларусы». (Паказанні Алеся Дудара са справы «Саюзу вызваленьня Беларусі». 2 верасьня,1930 г. // Міхнюк У. Арыштаваць у высылцы: Дакумэнтальны нарыс пра Алеся Дудара. Менск, 1996).
Яго маці напісала пра сына паэму, якую ніхто не хацеў слухаць
Паводле Ганны Севярынец: «Мама Алеся Дудара, Вольга Дайлідовіч, жыла доўга, пахавала мужа, дачку і ўсё чакала і чакала сына, калі ён вернецца з турмы... У канцы жыцьця яна напісала пра яго паэму. І ўсё хацела каму-небудзь прачытаць. Але моладзі, якая засталася вакол яе, было гэта нецікава. Яна паспрабавала хаця б па тэлефоне прачытаць траюраднай пляменьніцы, але ў той нешта было з сувязьзю».
Аўтар выказвае вялікую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Ірыне Багдановіч, Віктару Жыбулю, Ганне Севярынец і Анатолю Сідарэвічу.
Кацярына Ваданосава і яе Fantasy Orchestra запісалі для праекту парталу TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія» песьню на словы Алеся Дудара «Асыпае чэрвень белы сад».
Расстраляныя літаратары: