Макей згадаў пра запрашэньне папу Рымскаму наведаць Беларусь

Уладзімер Макей, архіўнае фота

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сказаў, што падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з папам Рымскім «было пацьверджана запрашэньне папу Рымскаму наведаць Беларусь зь візытам».

Уладзімер Макей узяў удзел 4 кастрычніка ў адкрыцьці новага будынка Апостальскай нунцыятуры ў Менску.

Паводле міністра, Ватыкан для Беларусі — устойлівы і надзейны партнэр, у тым ліку з гледзішча ўзаемадзеяньня зь іншымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі.

«Нас збліжаюць аднолькавыя падыходы да пытаньняў забесьпячэньня міру і стабільнасьці, сацыяльнай справядлівасьці. І мы разам працуем над захаваньнем традыцыйных каштоўнасьцяў», — сказаў міністар.

Уладзімер Макей павіншаваў Апостальскага нунцыя Габара Пінтэра з «важнай і знамянальнай падзеяй, каб калектыў і ў далейшым плённа працаваў у Беларусі».

Паводле Макея, цягам чвэрці стагодзьдзя (25 гадоў таму Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны са Сьвятым Пасадам) паміж Беларусьсю і Ватыканам разьвіваецца «актыўны, канструктыўны і даверны дыялёг, на рэгулярнай аснове ажыцьцяўляецца абмен візытамі на ўсіх узроўнях».

«Мы высока ацэньваем вынікі візыту прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан у мінулым годзе і яго сустрэчу з папам Рымскім Францішкам. Як вядома, падчас гэтай сустрэчы было пацьверджана запрашэньне папу Рымскаму наведаць Беларусь зь візытам», — цытуе Макея БЕЛТА.

Апостальскі нунцый Габар Пінтэр выказаў спадзяваньне, што ў недалёкай будучыні зьявіцца магчымасьць зноў сабрацца разам па яшчэ больш важнай прычыне, калі папа Рымскі Францішак зможа наведаць Беларусь і асабіста адчуць дабрыню і гасьціннасьць беларускага краю.