У прыватнасьці, сваю адназначную пазыцыю на карысьць сувэрэнітэту ад Гішпаніі агучылі Жузэп Гвардыёла, Жэрар Піке, Карлэс Пуёл, Хаві Фэрнандэс ды іншыя.
Пад пактам у падтрымку ідэі плебісцыту ў поўным складзе паставілі свае подпісы вышэйшыя кіраўнікі клюбу на чале з прэзыдэнтам Жузэпам Бартумэў.
Вялізнае жаданьне жыць самастойна
Найлепшы беларускі футбаліст Аляксандар Глеб выступаў за «Барсэлёну» цягам 2008-2012 гадоў, акурат пры новапрызначаным тады настаўніку Жузэпу Гвардыёлу.
У складзе каталёнцаў стаў чэмпіёнам Гішпаніі, уладальнікам Кубка Караля і, як кульмінацыя, пераможцам Лігі чэмпіёнаў. Дзеля справядлівасьці, беларус ня быў на першых ролях, у асноўным выходзіў на замены. Да таго ж перасьледавалі траўмы, і ўрэшце кантракт быў разарваны са згоды бакоў за паўгода да яго заканчэньня.
Як адзіны беларускі футбаліст, які абараняў колеры сіне-гранатавых, ставіцца да падзеяў у не чужым для яго краі?
«Каталёнцы заўсёды марылі аддзяліцца ад Гішпаніі, — кажа ў інтэрвію Свабодзе Аляксандар Глеб. — Прынамсі, колькі я там быў, столькі пра гэта не сьціхалі размовы: і што не жадаюць быць пад пятой Мадрыду, і што імкнуцца быць незалежнымі і г.д. Вось гэта я магу сказаць дакладна — жаданьне жыць самастойна проста вялізнае... А на чыім я баку? Шчыра кажучы, нават ня ведаю. Мабыць, ні на чыім. Найперш ня хочацца, каб усё гэта вылілася ў гвалт, ня дай Бог, у чарговую вайну...»
Былы рулявы «Барсы», а цяпер галоўны трэнэр «Манчэстэр Сіці» Жузэп Гвардыёла адным зь першых прагаласаваў на рэфэрэндуме аб незалежнасьці Каталёніі. У гутарцы зь мясцовымі СМІ патлумачыў сваю пазыцыю наступным чынам.
«1 кастрычніка — дзень дэмакратыі. Некаторыя кажуць, што гэта незаконна. Але гэта ня так. Я ўжо неаднаразова казаў: мы хочам, каб нам дазвалялася галасаваць. Парлямэнт Каталёніі хоча, каб людзі выказалі сваё меркаваньне, і няма лепшага спосабу зрабіць гэта, як праз рэфэрэндум», — заявіў журналістам Пэп Гвардыёла.
Аляксандар Глеб разумее лёгіку каталёнцаў, але лічыць, што любое рашэньне неабходна прымаць вельмі ўзважана — такі прыклад стане прэцэдэнтам для ўсіх тых, хто ўжо чакае «зь нізкага старту», каб распачаць аналягічны забег да незалежнасьці.
«Гэты прэцэдэнт можа выклікаць ланцуговую рэакцыю па ўсім сьвеце, — працягвае суразмоўца. — Не сумняваюся, што сьледам запатрабуюць незалежнасьці баскі. Дый ня толькі ў Гішпаніі, паўсюль узмацняцца такія настроі — у той жа Шатляндыі, у Італіі. Мне, вядома, складана разважаць на такія тэмы, але ня хочацца, каб гэта адбывалася празь сілавое супрацьстаяньне. Эўропа пазыцыянуе сябе ўзорам дэмакратыі, а тут вымалёўваецца досыць жорсткая разьвязка».
Ланцуговая рэакцыя дзяржаўнай самастойнасьці
Кіраўніцтва Прафэсійнай футбольнай лігі Гішпаніі ўжо папярэдзіла, што ў выпадку аддзяленьня Каталёніі «Барсэлёна» ня зможа выступаць у нацыянальным першынстве.
Першым у замежжы на гэтую заяву адрэагаваў прэм’ер-міністар Францыі Мануэль Вальс. Ён нараджэнец Барсэлёны, ягоныя бацькі пакінулі краіну пасьля прыходу да ўлады аўтарытарнага рэжыму Франка.
Паводле Вальса, у францускім чэмпіянаце ўжо гуляе каманда сувэрэннага Манака, а значыць, ня будзе нічога надзвычайнага, калі туды далучыцца і прадстаўнік незалежнай Каталёніі.
«Думаю, гэта будзе найменшае з наступстваў, якія могуць здарыцца пасьля рэфэрэндуму, — лічыць Аляксандар Глеб. — Тое, што ў выпадку абвяшчэньня незалежнасьці Каталёніі „Барсэлёна“ ня будзе выступаць у La Liga — безумоўна, шкада, але ж гэта чыста спартовая страта. Так, зьменіцца расклад на футбольнай мапе, аднак куды важней, каб не было іншых, больш сур’ёзных наступстваў у глябальным пляне. З аднаго боку, так, жаданьне людзей, якое трэба паважаць. З другога — як стрымаць аналягічныя працэсы, не дапусьціць, каб яны скончыліся кровапраліцьцем?»
Аляксандар Глеб гаворыць, што гады, пражытыя ў Барсэлёне, ніяк не атрымаецца адсунуць на задні плян. Але ў гэтай сытуацыі нічога не застаецца, як назіраць і спадзявацца на разважлівасьць кожнага з бакоў.
«Агулам кажучы, сёньня мяне найбольш турбуе Беларусь, дзе жыве мая сям’я, — кажа ён. Хоць, натуральна, я не магу заставацца абыякавым, калі там адбываюцца надзвычайныя падзеі. У гэтым сэнсе засмучае, што Эўропа раіць іншым, як жыць, як разьвівацца, а калі надыходзіць момант паказаць на практыцы, паводзіць сябе яшчэ горш за нас. Нельга так жорстка...»
Колішні футбаліст «Барсэлёны» ня думае, што каталёнскі рэфэрэндум усё расставіў па сваіх месцах. Паколькі ўлады Гішпаніі адмаўляюцца адпускаць «мяцежны рэгіён» у вольнае плаваньне, сапраўдная барацьба толькі пачынаецца.
«Выбар няпросты, трэба добра падумаць, перш чым агучваць рашэньне, — лічыць Аляксандар Глеб. — Бо, зноў жа, калі ў каталёнцаў атрымаецца, будзе прыклад для іншых. Таму выпрабаваньне ня толькі для Гішпаніі, ланцуговая рэакцыя закране ўсіх — прынамсі ўжо ня скажаш, што так нельга. Адразу спашлюцца на Каталёнію. Узбадзёрацца найперш тыя, у каго ёсьць даўняе жаданьне заявіць права на ўласную незалежнасьць».
Каталёнія — аўтаномная супольнасьць на паўночным усходзе Гішпаніі, дзе здаўна пануюць незалежніцкія настроі. 27 верасьня тут адбыліся датэрміновыя парлямэнцкія выбары, па выніках якіх да ўлады прыйшла кааліцыя «Разам „За“», якая ініцыявала выхад аўтаноміі са складу Гішпаніі.
Па выніках рэфэрэндуму 1 кастрычніка прэзыдэнт каталёнскага Жэнэралітату Карлэс Пудждэмон аб’явіў, што ягоныя землякі «здабылі права мець незалежную дзяржаву». Афіцыйны Мадрыд прызнаў рэфэрэндум і яго вынікі незаконнымі.
Колькасьць пацярпелых у сутычках зь гішпанскай паліцыяй у дзень плебісцыту вылічваецца на сотні.