Інтэрнэт-кампаніі адкажуць за скандал з крамлёўскай прапагандай, Facebook выдаліў тысячы акаўнтаў у Нямеччыне

Кіраўнікі вядучых амэрыканскіх інтэрнэт-кампаніяў Google, Facebook і Twitter запрошаныя даць паказаньні на слуханьнях у Кангрэсе аб выкарыстаньні іх сайтаў Расеяй для ўмяшаньня ў амэрыканскі выбарчы працэс.

Першыя слуханьні ў сэнацкім камітэце па замежных справах пройдуць 1 лістапада. Заканадаўцы хочуць атрымаць ад фірмаў інфармацыю пра тое, што ім вядома пра рэклямную кампанію, якая фінансавалася Масквой, падчас якой на іх сайтах і ў сацыяльных сетках ад імя амэрыканскіх карыстальнікаў зьмяшчалася рэкляма з фальшывымі зьвесткамі і мэтай якой быў раскол амэрыканскага электарату.

Асаблівая ўвага да гэтага аспэкту расейскіх прапагандысцкіх намаганьняў у ЗША была прыцягнутая пасьля публічнага прызнаньня кіраўніцтва Facebook. Яно заявіла, што ў сацыяльнай сетцы падчас амэрыканскай прэзыдэнцкай кампаніі было разьмешчана каля 3 тысяч палітычных рэклямных аб’яваў, разьлічаных на амэрыканскую аўдыторыю, карыстальнікамі з Расеі, якія хаваліся пад выдуманымі імёнамі. У Крамлі адпрэчваюць падазрэньні наконт датычнасьці Масквы да рэклямных абвестак на старонках Facebook у пэрыяд прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША.

У амэрыканскай прэсе таксама зьявіліся паведамленьні аб тым, што Twitter зьяўляецца інструмэнтам, з дапамогай якога Крэмль актыўна распаўсюджвае фальшывую інфармацыю ў інтэрнэт-прасторы.

Facebook супрацоўнічаў са спэцслужбамі ў Нямеччыне

27 верасьня кампанія Facebook паведаміла, што за месяц да выбараў у Бундэстаг, якія адбыліся 24 верасьня, выдаліла дзесяткі тысяч фэйкавых акаўнтаў у Нямеччыне.

Паведамляецца, што для барацьбы з распаўсюджваньнем недакладнай інфармацыі напярэдадні выбараў Facebook супрацоўнічаў з Федэральнай службай па інфармацыйнай бясьпецы Нямеччыны.