Ён таксама чарговым разам згадаў газэты The New York Times і The Washington Post і заявіў, што яны знаходзяцца «у таемнай змове».
Заява Трампа прагучала пасьля таго, як кіраўнік Facebook Марк Цукербэрг заявіў аб магчымым умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША летась праз яго сацсетку. Паводле яго, Масква нібыта праплаціла палітычную рэкляму ў пэрыяд выбарчай кампаніі. Сьцьвярджаецца, што зьвязаныя з Расеяй акаўнты выдаткавалі на прапаганду каля 100 тысяч долараў.
Цукербэрг паабяцаў супрацоўнічаць з Кангрэсам ЗША ў расьсьледаваньні ўплыву Крамля на прэзыдэнцкую гонку. Па словах Цукербэрга, сацыяльная сетка ня можа цалкам прадухіліць спробы ўмяшаньня замежных дзяржаў у выбары ў іншых краінах. Аднак Facebook мае намер распачаць шэраг крокаў для забесьпячэньня сумленнасьці выбараў.
У Злучаных Штатах цяпер вядзецца расьсьледаваньне ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары. У пачатку жніўня спэцпракурор ЗША Робэрт Мюлер склікаў вялікую калегію прысяжных для расьсьледаваньня «расейскага сьледу». Мюлер высьвятляе, ці мела месца змова штабу Трамп з Крамлём з мэтай падарваць пазыцыі саперніка Трампа ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан. Масква сваё дачыненьне да выбараў прэзыдэнта ЗША адкідае.