«Зьбівалі, абражалі, нічога не тлумачылі, ды яшчэ зьнікла 500 эўра». Анархісты і эколягі расказалі пра вобшукі 26 верасьня

Зьлева направа: Марына Кастылянчанка, Марына Дубіна, Ігар Трухановіч, Яўген Дзяткоўскі, Анісія Казьлюк

26 верасьня па трох менскіх адрасах, дзе жывуць актывісты анархісцкага і экалягічнага рухаў, супрацоўнікі МУС правялі вобшукі ды забралі для праверкі кампутарную тэхніку, мабільныя тэлефоны, розную літаратуру і грошы.

Ва ўсіх трох выпадках сілавікі спасылаліся на крымінальную справу, заведзеную па факце падпалу ў ліпені сацыяльнай рэклямы ў Івацэвічах. Актывістам казалі, што ў іхніх кватэрах шукаюць забароненыя для захоўваньня рэчы, але пры гэтым не патлумачылі, чаму яны забіраюць кампутары ды мабільнікі, і не далі пратаколаў. 27 верасьня актывісты, у якіх адбыліся вобшукі, расказалі пра гэта журналістам.

Марына Кастылянчанка, актывістка сацыяльнага руху, незалежная журналістка:

«А 7 раніцы ўварваліся ў кватэру чатыры супрацоўнікі ў цывільным і два ў чорных масках. Толькі два зь іх назвалі прозьвішчы, яшчэ пра двух сказалі, што яны са спэцаддзелу МУС, але бяз прозьвішчаў. Больш нічога не тлумачылі, рыліся ў рэчах, нешта шукалі. Прычым адзін зь іх ужо быў у маёй кватэры ў сакавіку падчас ператрусу, дык падказваў, дзе ня варта шукаць, нібыта пра ўсё ведае. Вось гэтак: жывеш у кватэры, мяркуеш, што абаронены, але гэта ня так, у любы момант да цябе могуць уварвацца і ў нечым цябе абвінаваціць. Мяркую, актывістаў гэтак спрабуюць запалохаць, каб сьцішыліся, нічога не рабілі».

Паводле Марыны Кастылянчанкі, вобшук у яе кватэры цягнуўся паўтары гадзіны. Забралі 4 ноўтбукі, кнігі, запісы.

Марына Дубіна, дырэктарка грамадзкай арганізацыі «Экадом»:

«Таксама а 7 раніцы пачалі барабаніць у дзьверы дома і крычаць. Дзьверы дома выбівалі нагой, а я якраз падышла да дзьвярэй, дык мяне моцна ўдарылі, маглі і забіць. Уварваліся са словамі: „Тварам у падлогу!“. Нічога не тлумачылі, не назваліся, толькі потым адзін сказаў, што ён з РАУС. За час вобшуку ў доме пабывала да 15 чалавек у цывільным і трое ў чорных масках з аўтаматамі. У пратаколе адабраных рэчаў зусім не пазначалі, што ў каго забралі, нібыта яны і не зьбіраюцца нічога вяртаць. Ціснулі на сьведак, каб тыя падпісвалі пратакол, хоць там было запісана ўсё вельмі неразборліва. Паводзілі сябе груба. Я ўзяла яблык на кухні, каб паесьці, дык накрычалі на мяне, што нічога не магу браць у сваім доме без дазволу. Мяркую, гэта ня проста нас, актывістаў, палохаюць, але і ўсё грамадзтва на нашым прыкладзе, бо людзі чытаюць сайты, ведаюць, што адбываецца. Але ў краіне ж нічога не мяняецца да лепшага, ці можна з гэтым зьмірыцца?»

Паводле Марыны Дубінай, вобшук у доме, дзе яна пражывае, цягнуўся 11 гадзін. У яе таксама забралі ўсю кампутарную тэхніку і мабільнік. «Сказалі, для праверкі. Зьвяртайцеся потым у Івацэвіцкі РАУС».

Ігар Трухановіч, актывіст анархісцкага руху:

Раптам адзін зь іх без усялякай прычыны ўдарыў мяне ў галаву

«На мяне наставілі стрэльбу, білі вакол усё нагамі. Спэцназаўцы, якія ўварваліся ў дом, былі натуральна нечым раззлаваныя, на адрэналіне. Бегалі па ўсім доме, і раптам адзін зь іх без усялякай прычыны ўдарыў мяне ў галаву. Потым забралі ў мяне 1550 эўра, пакінулі на кухні на стале, а нас усіх разам са сьведкамі адвялі на другі паверх. Што адбывалася потым з грашыма, мы ня бачылі, але калі сьледчы пералічваў, дык аказалася, што не хапае 500 эўра. Прычым усе спэцназаўцы, якія раней былі на першым паверсе, дзе былі грошы, сказалі сьледчаму, што не, грошай не пералічвалі. У выніку ў пратакол занесьлі суму ў 1050 эўра, а мне сказалі, каб скардзіўся куды заўгодна. Бачу цяпер, якія аргумэнты ў гэтай улады: стрэльба ў твар, удар ботам, ды яшчэ і грошы забяруць. Цяпер у нас па 20 рублёў засталося, а трэба ж неяк жыць».

Яўген Дзяткоўскі, актывіст анархісцкага руху:

«Часам было незразумела, што ў доме адбываецца. Бегаюць, крычаць, пагражаюць, нічога не тлумачаць. На ўсе нашы пытаньні не было ўцямных адказаў, акрамя пагроз, асабліва ад тых, хто быў у масках. Атмасфэра маразму».

Анісія Казьлюк, удзельніца валянтэрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна»:

«Да мяне таксама ўварваліся адразу пасьля 7 раніцы, прычым мяне тады не было дома. Міліцыянты былі ў балаклавах, з кувалдамі і ломам. Паводзілі сябе груба, суседку, якая абуралася, пагражалі прыкаваць кайданкамі да батарэі. Забралі кампутарную тэхніку, нататнік. Таксама сказалі, каб па рэчы зьвярталася ў Івацэвіцкі РАУС да сьледчага, які вядзе справу аб спаленым білбордзе. Адзначу, што з пункту гледжаньня выкананьня правоў чалавека гэтыя вобшукі — суцэльнае парушэньне. Не называюцца, ламаюць дзьверы, парушаюць правілы складаньня пратаколаў. Прычым нікому з нас ня выдалі копій пратаколаў, дзе пазначаныя адабраныя рэчы. Як цяпер дамагацца іх вяртаньня?»