У доме выканаўчай дырэктаркі грамадзкага абʼяднаньня «Экадом» Марыны Дубінай прайшоў ператрус, канфіскаваныя кампутары і тэлефоны.
Пра гэта паведаміла БелаПАН сябра «Зялёнай сеткі» эколяг Хрысьціна Чарняўская.
Супрацоўнікі міліцыі пачалі ператрус у доме Дубінай у 7 гадзін раніцы, а зьехалі адтуль праз 11 гадзін. Паводле Чарняўскай, міліцыянты ўварваліся ў жытло, выбілі дзьверы.
«Ад удару Марына пацярпела. Увесь гэты час з сямі раніцы людзям не давалі паесьці».
Таксама ператрус прайшоў у кватэры журналісткі-фрылянсэркі Марыны Кастылянчанкі, а таксама ў некаторых актывістаў анархісцкага руху. Канфіскаваныя кампутары, сродкі мабільнай сувязі, літаратура.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» не выключае, што вобшукі зьвязаныя з крымінальнай справай па частцы 2 арт. 339 КК (хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў), узбуджанай па факце падпалу кактэйлямі Молатава білборда ў Івацэвічах 28 ліпеня. Па гэтай крымінальнай справе праходзяць двое сацыяльных актывістаў: жыхар Івацэвіч Ігар і мінчанін Кірыл Аляксееў, які зьмешчаны ў Баранавіцкі СІЗА. Тады група невядомых анархістаў спаліла рэклямны білборд «Сіла закона ў яго выкананьні». Пазьней відэа падпалу патрапіла ў сацыяльныя сеткі.