Раней кампанія Facebook падала Кангрэсу ЗША вынікі ўнутранага расьсьледаваньня, якое раскрыла працу сеткі фэйкавых акаўнтаў, якія куплялі рэкляму ў сацсетцы, каб паўплываць на меркаваньне карыстальнікаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ў 2016 годзе.
Абвешчаныя зьмены ўключаюць у сябе дзевяць пунктаў, у тым ліку:
далейшае супрацоўніцтва з урадам ЗША ў расьсьледаваньні меркаванага ўмяшаньня Расеі ў выбары;
зьмены ў продажы палітычнай рэклямы. Цяпер карыстальнікі змогуць убачыць, што і яшчэ каму рэклямуе чалавек ці арганізацыя, якая купляе рэкляму;
укараненьне больш жорсткага працэсу продажу месца для палітычнай рэклямы;
узмацненьне супрацоўніцтва з выбарчымі камісіямі іншых краінаў^; інвэстыцыі і павелічэньне камандаў, якія сочаць за чысьцінёй выбарчага працэсу.
Публікуем поўны тэкст звароту Цукербэрга.
«Прывет усім Сёньня мой першы дзень на працы пасьля дэкрэтнага адпачынку.
Для мяне было вельмі важным быць з Прысцылай і Аўгуст, калі яна нарадзілася, і правесьці час з Макс (Жонка Цукербэрга Прысцыла Чан нарадзіла дачку Аўгуст 28 жніўня, пасьля чаго кіраўнік Facebook сышоў у адпачынак па догляду за дзіцем, Макс — першая дачка Цукербэрга — РС ).
Пакуль я быў у адпачынку, я правёў шмат часу з нашымі камандамі, абмяркоўваючы расейскае ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. Я прыняў рашэньне аб тым, што мы будзем рабіць, і я хачу расказаць вам пра гэта цяпер.
Першае, што я скажу. Мне глыбока неабыякавы дэмакратычны працэс і абарона яго сумленнасьці. Місія Facebook — даць людзям выказацца і зблізіць іх. Гэта дэмакратычныя каштоўнасьці, і мы ганарымся імі. Я не хачу, каб хтосьці карыстаўся нашымі мэханізмамі для падрыву дэмакратыі. Мы гэта не падтрымліваем.
Сумленнасьць нашых выбараў — гэта падмурак дэмакратыі ва ўсім сьвеце. Таму мы стварылі каманды для працы над чысьцінёй выбараў і для таго, каб не дазваляць урадам умешвацца ў выбары іншых нацый. Як мы ўжо казалі, нашы каманды знайшлі і зачынілі тысячы акаўнтаў, якія маглі спрабаваць паўплываць на выбары ў многіх краінах, у тым ліку нядаўнія францускія выбары.
Мы стварылі каманды для працы над чысьцінёй выбараў.
Я б хацеў сказаць вам, што мы зможам прадухіліць любое ўмяшаньне, але гэта нерэальна. У сьвеце заўсёды будуць дрэнныя людзі, нельга прадухіліць спробы ўсіх урадаў і спыніць усе ўмяшаньні. Але мы можам ускладніць ім гэты працэс. Нашмат. На гэтым мы і засяродзімся.
Сёньня я хачу падзяліцца плянам, які мы распрацавалі, каб абараніць чысьціню выбараў і пераканацца ў тым, што Facebook — гэта сіла дабра і дэмакратыі. Колькасьць кантэнту, які мы лічым праблематычным, застаецца даволі невялікім, але любая спроба ўмяшаньня — гэта сурʼёзная праблема. Вось дзевяць рэчаў, над якімі мы будзем працаваць у наступныя месяцы.
Першае. Мы актыўна супрацоўнічаем з амэрыканскім урадам у рамках іх расьсьледаваньня расейскага ўмяшаньня. Мы расьсьледуем яго ўжо шмат месяцаў. Нейкі час мы не знаходзілі доказаў існаваньня фэйкавых акаўнтаў, зьвязаных з купляй рэклямы Расеяй. Нядаўна мы іх выявілі і падзяліліся інфармацыяй са спэцыяльным саветам і Кангрэсам. Сёньня раніцай я сказаў нашай камандзе паказаць Кангрэсу рэкляму, якую мы знайшлі.
Па правілах, мы ня зможам публічна казаць пра ўсё, што зьвязана з расьсьледаваньнем. Так што мы ня зможам заўсёды дзяліцца вынікамі. Але мы лічым, што Кангрэс ведае, як найлепшым чынам падзяліцца гэтай інфармацыяй з грамадзкасьцю. Калі расьсьледаваньне скончыцца, мы чакаем, што ўрад апублікуе яго вынікі.
Другое. Мы працягнем уласнае расьсьледаваньне таго, што адбывалася ў Фэйсбуку падчас выбараў. Можа, мы знойдзем штосьці яшчэ. Калі так, то мы працягнем працаваць з урадам. Мы расьсьледуем дзеяньні замежнікаў, у тым ліку дадатковых груп з Расеі і постсавецкіх краінаў, арганізатараў кампаній, каб лепш зразумець, як яны выкарыстоўвалі нашы мэханізмы. Расьсьледаваньне зойме нейкі час, але мы яго працягнем.
Трэцяе. У будучыні — напэўна, самае галоўнае наша рашэньне — мы зробім палітычную рэкляму больш празрыстай. Калі хтосьці купляе палітычную рэкляму на ТБ ці ў іншых мэдыях, закон абавязвае раскрыць, хто за яе заплаціў. Але вы ўсё роўна ня ведаеце, ці бачыце вы тую ж рэкляму, што і астатнія. Таму мы зробім Facebook яшчэ больш празрыстым.
Мы будзем уважліва адсочваць разьмяшчэньне палітычнай рэклямы.
Вы ўбачыце ня толькі старонку, якая аплаціла гэтую рэкляму — мы зробім так, каб вы маглі зайсьці на старонку рэклямадаўцы і ўбачыць усе яго рэклямныя абʼявы, прызначаныя для іншай аўдыторыі. Гэта здарыцца ў бліжэйшыя месяцы, і мы будзем супрацоўнічаць з іншымі [інтэрнэт-кампаніямі], каб стварыць новы стандарт празрыстасьці ў палітычнай онлайн-рэкляме.
Чацьвёртае. Мы будзем уважліва адсочваць разьмяшчэньне палітычнай рэклямы. Для яснасьці: выкарыстаць нашы мэханізмы ў парушэньне закону заўсёды было супраць нашых правілаў — у нас ужо ёсьць спосабы гэта прадухіліць. Але мы можам зрабіць больш.
Большая частка рэклямы прадаецца праз нашы аплікацыі і сайт. Рэклямадаўца ніколі не гаворыць ні зь кім у Facebook. Так і адбылося. Але нават калі нашы супрацоўнікі не ўцягнутыя ў продаж, мы можам працаваць лепш.
Я ня буду вам казаць, што мы знойдзем увесь дрэнны кантэнт у нашай сыстэме. Мы не правяраем, што людзі кажуць да таго, як яны гэта скажуць, і, шчыра, мне не здаецца, што грамадзтву варта жадаць гэтага.
Свабода азначае, што вам ня трэба пытацца дазволу, і што вы можаце гаварыць тое, што хочаце. Калі вы парушыце правілы нашага грамадзтва або законы, вам прыйдзецца сутыкнуцца з наступствамі. Мы ня зловім усіх адразу, але мы можам ускладніць спробы ўмяшаньня.
Пятае. Мы павялічваем нашы інвэстыцыі ў бясьпеку і, асабліва, чысьціню выбараў. У наступным годзе мы больш чым удвая павялічым каманду, якая працуе над чысьцінёй выбараў. У цэлым, мы возьмем на працу больш за 250 людзей ва ўсе нашы каманды, якія працуюць над забесьпячэньнем бясьпекі нашай супольнасьці.
Шостае. Мы ўзмоцнім партнэрства з выбарчымі камісіямі ва ўсім сьвеце. Мы ўжо працуем з выбаркамамі ў многіх краінах, каб дапамагчы людзям зарэгістравацца на выбарах і даведацца аб праблемах. Мы працягнем гэтую працу, але і створым канал, каб паведамляць выбаркамам аб анлайн-рызыках на выбарах, пра якія мы даведаліся.
Мы ня зловім усіх адразу, але мы можам ускладніць спробы ўмяшаньня.
Сёмае. Мы будзем перадаваць больш інфармацыі пра пагрозы тэхналягічным і ахоўным кампаніямі. Мы ўжо дзелімся інфармацыяй аб зламысьніках у інтэрнэце, напрыклад, праз праграму ThreatExchange, а цяпер мы разьбіраемся, як яшчэ дзяліцца інфармацыяй пра ўсіх, хто спрабуе ўмяшацца ў выбары.
Тэхналягічным кампаніям важна супрацоўнічаць, бо практычна дакладна, хто б ні спрабаваў злоўжыць Facebook, будзе спрабаваць злоўжыць і іншымі інтэрнэт-плятформамі.
Восьмае. Мы актыўна працуем над тым, каб умацаваць дэмакратычны працэс. Акрамя таго, каб супрацьстаяць пагрозам, мы створым дадатковыя сэрвісы для абароны нашага супольнасьці, уцягнутай у палітыку. Напрыклад, мы хочам адаптаваць нашы распрацоўкі, якія абараняюць людзей ад ганеньняў, каб таксама абараняць ад палітычнага перасьледу, і мы пашыраем свой інструмэнтар для інфармаваньня аб выбарах, каб людзі глыбей разумелі, што адбываецца.
Дзявятае. Мы працуем над забесьпячэньнем чысьціні нямецкіх выбараў у гэтыя выхадныя, пачынаючы ад блякаваньня тысяч фэйкавых акаўнтаў і заканчваючы супрацоўніцтвам з дзяржаўнымі органамі, напрыклад, з Фэдэральным ведамствам інфармацыйнай бясьпекі, расказваем пра нашых напрацоўках партыям і кандыдатам.
Мы таксама вывучаем актыўнасьць тых акаўнтаў, якія мы выдалілі раней, і пакуль не знайшлі нічога падобнага ў Нямеччыне. Гэта неверагодна важна, і мы займаемся гэтым нейкі час.
У той жа час важна не забыцца пра больш просты і шырокі ўплыў Фэйсбука на выбары — пра эфэкт, які паўплываў у сотні, тысячы разоў мацней, чым тое, што мы цяпер абмяркоўваем.
Новы выклік для інтэрнэт-супольнасьцяў — гэта барацьба са спробамі дзяржаваў умяшацца ў выбары.
У 2016 у людзей былі мільярды размоваў і адкрытых дыскусій у Фэйсбуку, якія маглі б і ня здарыцца офлайн. У кандыдатаў былі наўпроставыя каналы зносін з дзесяткамі мільёнаў грамадзян. Палітыкі выдаткавалі дзесяткі мільёнаў на арганізацыю і рэкляму онлайн, каб распаўсюджваць свае погляды. Мы арганізавалі кампанію «Ідзі і галасуй», якая дапамагла 2 мільёнам людзей, якім маглі б і не галасаваць, зарэгістравацца і прагаласаваць.
Шмат што з гэтага стала чымсьці новым ці ж мела месца ў значна большых маштабах на выбарах, чым калі-небудзь у гісторыі, і ў значна большых маштабах, чым умяшаньне, якое мы зайшлі.
Мы жывем у новым сьвеце. Новы выклік для інтэрнэт-супольнасьцяў — гэта барацьба са спробамі дзяржаваў умяшацца ў выбары. Але калі мы павінны гэта зрабіць, мы гатовыя. Наш вопыт у барацьбе з гэтымі пагрозамі расьце і хутка ўдасканальваецца. Мы працягнем працаваць з урадам, каб зразумець маштабы ўмяшаньня Расеі, і зробім усё, што ад нас залежыць, каб выбары ва ўсім сьвеце былі сумленнымі і свабоднымі, але і каб даць усім голас і быць сілай дабра для дэмакратыі паўсюль.
Дзякуй, што паглядзелі, мы працягнем дзяліцца з вамі навінамі. Вы можаце прачытаць больш у нашым блогу".