Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сочыць за ходам сумеснага стратэгічнага вучэньня Беларусі і Расеі «Захад-2017» з назіральнай пляцоўкі на 227-м агульнавайсковым палігоне «Барысаўскі», перадае БелТА.
Паведамляецца, што пасьля прыезду на палігон Лукашэнка наведаў дапаможныя пункты кіраваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў (сілаў) Беларусі і Расеі і 1-й танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі Ўзброеных сілаў Расеі.
Лукашэнку далажылі «аб разьвіцьці ваенна-палітычнага становішча ў эўрапейскім рэгіёне і яго ўплыве на забесьпячэньне ваеннай бясьпекі „саюзнай дзяржавы“, аб парадку прымяненьня арміі, у тым ліку ва ўзаемадзеяньні з групоўкай войскаў, якая дзейнічае на паўночна-заходнім апэрацыйным кірунку».
Кіраўнік дзяржавы таксама агледзеў рухомы пункт упраўленьня камандзера РГВ.
«Малайцы! За кароткі прамежак часу зрабілі добрую сыстэму», — пракамэнтаваў Лукашэнка.
На палігоне адпрацоўваюцца ўзгодненыя дзеяньні разнастайных сілаў і сродкаў узброеных сілаў Беларусі і Расеі ў адбіцьці наступу ўмоўнага праціўніка, правядзеньні контратакі і далейшым яго разгроме.
За вучэньнямі назірае кіраўніцтва інтэграцыйных структур — «саюзнай дзяржавы», СНД, АДКБ; замежныя назіральнікі і дыпляматы.
Учора стала вядома, што Лукашэнка наведае палігон «Барысаўскі» разам з расейскім міністрам абароны Сяргеем Шайгу. Аднак кіраўнік Мінабароны РФ па невядомай прычыне праігнараваў наведванне беларускага палігона.
Раней расейскія СМІ паведамілі, што кіраўнік Беларусі меўся наведаць вучэньні на тэрыторыі Расеі разам з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, але потым гэтыя пляны зьмяніліся. Кіраўніца прэзыдэнцкай прэс-службы Натальля Эйсмант назвала гэта «інсынуацыямі». Яна сказала, што Лукашэнка ад пачатку плянаваў узяць удзел у вучэньнях на тэрыторыі Беларусі. Афіцыйнага запрашэньня кіраўніку беларускай дзяржавы прыехаць на гэтае вучэньне ў Расею не паступала. Таксама яна сказала, што беларускі бок накіроўваў запрашэньне Пуціну, аднак афіцыйнага адказу не дачакаўся.
Усё пра вайсковыя вучэньні «Захад-2017»
Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.
Краіны – суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.
Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні, каб распачаць анэксію Беларусі.
Міністэрства абароны Беларусі адзначыла «абарончы» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.