Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць ад апошняга дня вучэньняў «Захад-2017»


20 верасьня на завяршэньне беларуска-расейскіх стратэгічных вучэньняў «Захад-2017» кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка разам з расейскім міністрам абароны Сяргеем Шайгу наведае палігон «Барысаўскі».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у Беларусь на вучэньні не прыедзе, хоць яму было накіравана запрашэньне.

Паводле Міністэрства абароны Беларусі, Лукашэнку пакажуць «адпрацоўку супольных дзеяньняў разнародных сілаў і сродкаў Узброеных сілаў РБ і РФ у адбіцьці наступу ўмоўнага праціўніка і стварэньні ўмоваў правядзеньня контранаступу з далейшай задачай разгрому праціўніка і аднаўленьня страчанага становішча».

Самалёты СУ-34, СУ-25, верталёты МІ-24 і МІ-28-5 адпрацуюць пытаньні нанясеньня ўдараў па сілах умоўнага праціўніка. Самалёты СУ-23МР будуць ажыцьцяўляць кантроль удараў авіяцыі. Верталёты МІ-8 50-й зьмяшанай авіяцыйнай базы адпрацуюць высадку дэсанту.

Кіраўніку краіны прадэманструюць магчымасьці новых узораў узбраеньняў і вайсковай тэхнікі, якія распрацавалі ў Беларусі. Сярод іх верхабраняваны аўтамабіль V-1 вытворчасьці МЗКЦ з супрацьтанкавым ракетным комплексам. А таксама супрацьтанкавы ракетны комплекс «Шэршань» і рэактыўную сыстэму залпавага агню «Палянэз».

"Палянэз"
"Палянэз"

Раней расейскія СМІ паведамілі, што кіраўнік Беларусі меўся наведаць вучэньні на тэрыторыі Расеі разам з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, але потым гэтыя пляны зьмяніліся. Кіраўніца прэзыдэнцкай прэс-службы Натальля Эйсмант назвала гэта «інсынуацыямі». Яна сказала, што Лукашэнка ад пачатку плянаваў узяць удзел у вучэньнях на тэрыторыі Беларусі. Афіцыйнага запрашэньня кіраўніку беларускай дзяржавы прыехаць на гэтае вучэньне ў Расею не паступала. Таксама яна сказала, што беларускі бок накіроўваў запрашэньне Пуціну, аднак афіцыйнага адказу не дачакаўся.

Усё пра вайсковыя вучэньні «Захад-2017»

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны – суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні, каб распачаць анэксію Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусі адзначыла «абарончы» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG