Працэс рэабілітацыі рэпрэсаваных родзічаў можна ўмоўна падзяліць на наступныя часткі: пошук інфармацыі (калі чалавек быў рэпрэсаваны, за што, куды яго саслалі), атрыманьне матэрыялаў справы (альбо іх копіяў) і накіраваньне знойдзеных дакумэнтаў у органы пракуратуры.
1. Пошукі ў інтэрнэце.
Пачынаць трэба з Google. Нават гэты агульнавядомы пошукавік можа выдаць вам зусім нечаканыя вынікі. Існуюць таксама даступныя праз інтэрнэт базы зьвестак пра рэпрэсаваных грамадзян СССР. Некаторыя зь іх можна знайсьці пад гэтым адрасам (спасылка). Аднак у інтэрнэце можна адшукаць інфармацыю толькі пра адносна невялікую колькасьць рэпрэсаваных. Да пачатку 2010-х гадоў арганізацыя «Мэмарыял», якая займаецца іх публікацыяй, змагла «аблічбаваць» зьвесткі аб прыкладна 2 мільёнах рэпрэсаваных. У той жа час да сьмерці Сталіна (1953 год) у СССР толькі рукамі ВЧК-МГБ былі рэпрэсаваныя каля 4 мільёнаў чалавек. Калі да іх дадаць «раскулачаных», дэпартаваных і сасланых, агульная колькасьць рэпрэсаваных можа перасягаць 12 мільёнаў чалавек.
2. Бібліятэка.
Знайсьці зьвесткі аб рэпрэсаваных можна ў гістарычна-дакумэнтальных хроніках «Памяць», якія выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя» рыхтуе для кожнага раёну. Сьпісы там няпоўныя і ёсьць не ўва ўсіх выданьнях, аднак паспрабаваць нешта знайсьці можна.
3. Пошукі ў архівах.
Пасьля інтэрнэту і бібліятэкі можна ісьці ў архіў. Пачынаць трэба з абласнога. Хутчэй за ўсё, вы будзеце ня першым, хто туды прыходзіць з пытаньнем аб рэпрэсаваных родных. Таму супрацоўнікі архіву ня зьдзівяцца і будуць ведаць, як вам дапамагчы. Акрамя абласных архіваў, варта зьвярнуцца ў Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусі, дзе захоўваюцца дакумэнты пасьлярэвалюцыйнага часу і сьпісы рэабілітаваных ахвяраў рэпрэсіяў (у Беларусі гэта каля 180 тысяч чалавек). У некаторых архівах укладаюць сьпісы рэпрэсаваных грамадзян, таму вашыя пошукі могуць моцна паскорыцца. Калі ж такога сьпісу ў архіве няма, рыхтуйцеся гартаць сотні, а то і тысячы старых дакумэнтаў самастойна.
Ідучы ў архіў, трэба ведаць адну важную дэталь — у гэты момант там можна знайсьці толькі зьвесткі аб «раскулачаных» родных, бо інфармацыя пра большасьць іншых катэгорыяў рэпрэсаваных знаходзіцца ў архівах КДБ, а яны ў Беларусі застаюцца закрытымі. У архівах варта пытацца пра фонды сельсаветаў і райвыканкамаў. Менавіта там будуць зьвесткі пра «раскулачаных» падаткаплатнікаў. Мясцовыя ўлады ў 1920–30-я гады вялі ўлік сплочаных грамадзянамі падаткаў, і калі нехта з іх трапляў пад рэпрэсіі, быў сасланы, аб гэтым маглі захавацца пазнакі. Мінус у тым, што далёка не заўсёды вы знойдзеце інфармацыю пра месца ссылкі. А яна патрэбная для запыту аб рэабілітацыі.
Сядзіба КДБ у Менску
4. Візыт у КДБ (альбо ФСБ).
Нягледзячы на закрытасьць архіваў гэтых установаў, вам могуць паказаць матэрыялы асабістай справы рэпрэсаванага родзіча. Для гэтага прыйдзецца даказваць роднасныя сувязі. Каб атрымаць матэрыялы справы, неабходна зьвярнуцца з запытам (форму можна атрымаць непасрэдна ў аддзяленьні КДБ). Калі вам дазволяць паглядзець матэрыялы справы, даведацца можна будзе нямала. У такіх тэчках часта захоўваюцца расшыфроўкі допытаў, фатаздымкі, нават некаторыя асабістыя рэчы. Усе дакумэнты можна папрасіць сфатаграфаваць, фатаздымкі з матэрыялаў справы вам нават могуць аддаць.
«Паводле закону „Аб рэабілітацыі“, права на рэабілітацыю маюць самі рэабілітаваныя, бліжэйшыя родзічы, арганізацыі і зацікаўленыя асобы... Аднак так званым зацікаўленым асобам часта адмаўляюць», — гаворыць Зьміцер Дрозд. Таму вашыя шанцы на посьпех значна ўзрастаюць, калі маеце даведкі аб роднасных сувязях.
5. Пісьмовыя запыты ў дзяржаўныя ўстановы.
Гэта, пэўна, найважнейшая частка пошукаў. Неабходна дакладна ведаць, за што быў рэпрэсаваны ваш родзіч, у чым яго абвінавацілі і які менавіта орган. Чым больш інфармацыі вы падасьце ў сваім запыце, тым больш шанцаў на посьпех. Нават калі ў той установе, куды вы пішаце, ня будзе ніякай інфармацыі, яе супрацоўнікі могуць самастойна пераслаць запыт у іншую.
У выпадку «раскулачваньня» мае сэнс пісаць у інфармацыйныя цэнтры МУС, калі прычына рэпрэсіяў іншая — у КДБ (альбо расейскую ФСБ). Пісаць трэба ў найбліжэйшы да месца ссылкі орган, адрасы патрэбных установаў лёгка знайсьці ў інтэрнэце. Калі вы дакладна ня ведаеце адрасу ссылкі, то можна слаць лісты наўздагад. Чым больш запытаў вы разашляце, тым больш шанцаў на посьпех.
Акрамя як мага больш падрабязнай інфармацыі пра чалавека, якога шукаеце, варта апісаць свае роднасныя сувязі зь ім (прыкласьці копіі неабходных дакумэнтаў). Усё гэта павінна быць натарыяльна засьведчана. Атрымаць такія даведкі можа быць вельмі няпроста.
«У Беларусі мала інфармацыі аб рэпрэсаваных. Яна пераважна ў месцах зьняволеньня альбо ссылкі. Архангельск, Салаўкі, Сьвярдлоўск — беларусаў у асноўным ссылалі туды. І там на сям’ю кожнага „раскулачанага“ беларуса заводзілі асобную справу. Я дакладна ня ведаў, куды выслалі маіх родных. Гаварылі пра Салаўкі, але недакладна. Таму я выслаў запыты адразу ўва ўсе паўночныя рэгіёны Расіі, 20 лістоў. З 19 месцаў адказалі адмоўна, з аднаго — станоўча. Мне даслалі тры даведкі, сьпіс сканфіскаванага, колькі зямлі было», — расказвае дасьледнік.
6. Рэабілітацыя.
Гэта самы складаны этап. Дамагаюцца яе рэдка і пераважна для «раскулачаных». Для гэтага неабходна ўсе сабраныя матэрыялы з адмысловай заявай накіраваць у органы пракуратуры. Складанасьці з рэабілітацыяй незаконна рэпрэсаваных у Беларусі экспэрты зьвязваюць з тым, што родным такіх асобаў дзяржава павінна выплачваць кампэнсацыі, у тым ліку дадаткі да пэнсіяў.
«Праблема таксама ў пазыцыі дзяржавы, якая займалася рэабілітацыяй яшчэ ў 80-я і нібыта ўсіх, каго можна было, ужо рэабілітавала. Гэта каля 180 тысяч чалавек — людзі, асуджаныя ў БССР. Калі чалавека абвінавачвалі ў антысавецкай агітацыі, у шпіянажы, контрарэвалюцыйнай дзейнасьці. Як паказвае досьвед, тая ж справа Геніюш, дамагчыся рэабілітацыі цяпер становіцца складаней».
7. Станоўчы прыклад.
«Каб не складалася ўражаньне, што дамагчыся рэабілітацыі родных немагчыма. Ёсьць гісторыя з рэабілітацыяй маіх раскулачаных родных... Я пісаў лісты на месцы іх ссылкі ў Расею, адтуль пераслалі ўсе дакумэнты ў Менгарвыканкам. І ў выніку 7 чалавек былі рэабілітаваныя. Але гэта магчыма, калі справай займаецца менавіта родзіч. Імавернасьць рэабілітаваць раскулачаных асобаў амаль 100%, я лічу», — гаворыць Зьміцер Дрозд.