Сяргей Бобрыкаў, які ўзначальваў Вайсковую акадэмію, а цяпер дэпутатат Палаты прадстаўнікоў, лічыць «штучным» ажыятаж вакол вучэньняў «Захад-2017». Пра гэта ён заявіў у праграме «Тыдзень» на тэлеканале СТБ.
«Ажыятаж вакол „Захаду-2017“ відавочна штучны. Такога ажыятажу не было, калі вучэньні праводзіліся плянава некалькі гадоў таму, — сказаў Бобрыкаў. — Хтосьці хоча да сябе прыцягнуць увагу, атрымаць нейкую эканамічную дапамогу; хтосьці, напэўна, хоча асьвяжыць палітычнае аблічча».
На думку дэпутата, манэўры — гэта «вянец падрыхтоўкі штабоў і войскаў».
«Калі прадумана ўсё да дробязяў, усё складваецца ў адзін мэханізм, гэта вельмі карысна для вайсковых фармаваньняў. На вучэньнях і праяўляецца здольнасьць войскаў выконваць свае задачы. Нездарма кажуць: поле — акадэмія салдата», — адзначыў Бобрыкаў.
Экс-кіраўнік вайсковай акадэміі лічыць, што пра абароназдольнасьць дзяржавы заўсёды мяркуюць па ўзброеных сілах. Беларуская армія, на яго думку, адпавядае ўсім сучасным патрабаваньням.
«Самы важны рэйтынг беларускага войска — гэта тое, што мы ўжо шмат гадоў жывём у міры. Наша армія кампактная, мабільная, адпавядае тым рызыкам, выклікам і пагрозам, якія існуюць вакол нас. Галоўнае, што беларускае войска адпавядае эканамічным магчымасьцям краіны», — падсумаваў ён.
«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні
Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.
Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.
Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.
Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.