«Давайце дамовімся, што ўсе асноўныя мерапрыемствы рэканструкцыі стадыёну „Дынама“ павінны быць сёлета скончаныя. Акрамя газону», — заявіў кіраўнік краіны 7 верасьня.
Лукашэнку можна зразумець: рэканструкцыя «Дынама» цягнецца зь вялікімі і малымі прыгодамі ўжо 5 гадоў. Свабода нагадвае асноўныя моманты.
2012 год, пачатак рэканструкцыі. Вугорскі праект
Апошнім футбольным матчам, які прайшоў на стадыёне «Дынама», была гульня БАТЭ — «Баварыя», якую барысаўляне сэнсацыйна выйгралі зь лікам 3:1. Пасьля гэтага стадыён закрылі на рэканструкцыю. Плянавалася, што пасьля яе ён стане выключна футбольным і будзе зьмяшчаць 41 тысячу гледачоў. Конкурс на найлепшы праект рэканструкцыі выйграла вугорская фірма «Грабаплан». Кошт работ, прапанаваных вугорцамі, склаў 150 мільёнаў эўра. Здаць абноўлены «Дынама» яны абяцалі праз 28 месяцаў, у сярэдзіне 2015 году.
«Ніякіх трох гадоў. У канцы 2014 году мы павінны стадыён здаць, а лепш да 7 лістапада, як у нас гэта прынята», — рэагуе на такую прапанову Лукашэнка. Спэцыялісты «Грабаплану» забіраюць узнагароду за перамогу ў конкурсе на найлепшы праект рэканструкцыі «Дынама» і вяртаюцца ў Будапэшт.
2013 год. Нямецкі праект
Замест вугорцаў да рэканструкцыі «Дынама» вырашылі прыцягнуць нямецкую кампанію GMP. Немцы за працу ўзяліся, прапанавалі свой варыянт рэканструкцыі, атрымалі за яго 40 тысяч даляраў і вярнуліся ў Бэрлін. Гэтым разам беларускія ўлады не задаволіў кошт рэканструкцыі — 180–190 мільёнаў эўра.
Летам таго ж 2013 году дырэктар стадыёну Юры Крывадубскі сказаў журналістам, што на рэканструкцыю «Дынама», хутчэй за ўсё, спатрэбіцца тры гады, і першы матч на ім зможа адбыцца толькі ў 2016 годзе.
2014 год. Рэканструкцыю вырашана правесьці ўласнымі сіламі
Указам Лукашэнкі праект рэканструкцыі аддаюць упраўленьню капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму. Згодна з дакумэнтам, падпісаным кіраўніком краіны, новыя тэрміны рэканструкцыі «Дынама» — 2014–2017 гг. Прыкладны кошт работ— 150 мільёнаў эўра (столькі ж, колькі два гады таму хацелі затраціць на рэканструкцыю вугорцы, якія абяцалі здаць гатовы стадыён летам 2015-га).
На дадатак, згодна з указам, «Дынама» замест футбольнага павінен быў стаць лёгкаатлетычным стадыёнам з «магчымасьцю правядзеньня футбольных матчаў».
2015 год. Абяцаньні міністра спорту здаць аб’ект у 2017-м
Пасьля падпісаньня ўказу «Аб рэканструкцыі...» на стадыёне пачаліся актыўныя работы (дагэтуль на зарослым высокай травой футбольным полі можна было зладзіць паўлегальную фатасэсію). Зьявіліся вежавыя краны, пачалі разьбіраць казырок і рыць катлаван.
У сьнежні 2015-га міністар спорту Аляксандар Шамко абяцае: «Нацыянальны стадыён у Менску будзе здадзены ў эксплюатацыю ў канцы 2017 году. Дакладна. Вы можаце ў мяне спытаць гэта яшчэ пяць разоў, і я пяць разоў адкажу, што гэта дакладна. Я адказны за будаўніцтва гэтага стадыёну. У тым ліку паводле ўказу прэзыдэнта».
Пра тое, што тэрміны здачы аб’екта чарговы раз пераносяцца, становіцца вядома ўжо праз тры месяцы. «Мы хочам дапрацаваць тэхнічныя ўмовы, каб ён быў атэставаны пад футбол, пад чацьвёртую катэгорыю УЭФА. Стадыён „Дынама“ мы будзем здаваць у 2018 годзе», — кажа ў красавіку 2016 году намесьнік міністра спорту і турызму Аляксандар Гагіеў. Яшчэ праз тры месяцы, у верасьні 2016-га, яго абвяргае віцэ-прэм’ер Калінін: цяпер «Дынама» зьбіраюцца адкрыць у 2017 годзе. Пры гэтым высокі чыноўнік кажа, што замест 40 тысяч месцаў на стадыёне будзе толькі 22 тысячы.
У красавіку таго ж 2016 году на будаўнічай пляцоўцы «Дынама» зьяўляецца асабіста Аляксандар Лукашэнка. Падчас рэспубліканскага суботніка ягоная брыгада залівае 140 кубамэтраў бэтону.
Зіма 2017-га. Высьвятляецца, што падчас рэканструкцыі скрадзена 300 тысяч даляраў
Камітэт Дзяржкантролю выкрыў махінацыі са стальнымі абсаднымі трубамі, якія на рэканструкцыі «Дынама» выкарыстоўвалі дзеля ўстаноўкі паляў. Праектант «забыў» адзначыць, што трубы можна выкарыстоўваць некалькі разоў, а падрадчык скарыстаўся гэтым і замовіў іх больш, чым было неабходна. Страты дзяржавы, паводле КДК, склалі больш за 300 тысяч даляраў. Пры гэтым паведамлялася, што на тэрміны здачы стадыёна злачынства не паўплывае.
Восень 2017 году. Чарговы перанос тэрмінаў
Пасьля таго, як міністар спорту Аляксандар Шамко заявіў пра чарговы перанос тэрмінаў здачы «Дынама» (у сярэдзіне 2018 году), прычыны гэтага патлумачыў кіраўнік Менгарвыканкаму Андрэй Шорац. «Невялікі збой адбыўся таму, што мы ўзялі на мантаж маладэчанскі завод мэталаканструкцый „Прамтэхмантаж“, які гэтым проста не займаўся дагэтуль. Дзеля таго, каб загрузіць уласныя прадпрыемствы, а не закупляць імпартнае, мы трохі сарвалі тэрміны. Таму мы выходзім з дахам, і гэтыя краны перашкаджаюць нам заняцца полем. Але 21 чэрвеня (2018 году. — РС), роўна за год да Эўрапейскіх гульняў, мы пусьцім адваротны адлік на новым стадыёне „Дынама“», — сказаў Шорац.
Як ужо адзначалася вышэй, гэтая навіна выклікала незадаволенасьць кіраўніка краіны. Таму пакуль вырашана здаць «Дынама» ў канцы 2017 году, але бяз поля. Яго даробяць у 2018-м. Калі нічога ня зьменіцца.