31 жніўня міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей удзельнічае ў сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краін-удзельніц ініцыятывы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» і Вышаградзкай групы.
Паводле прэсавай службы МЗС Беларусі, «у Будапэшце міністры абмяркуюць актуальныя пытаньні рэгіянальнага ўзаемадзеяньня краін-удзельніц УП і ВГ, уключаючы падрыхтоўку саміту „Ўсходняга партнэрства“ 24 лістапада 2017 году ў Брусэлі».
«Такія сустрэчы не зьяўляюцца нечым незвычайным, — кажа Свабодзе кіраўнік Эўрапейскага цэнтру трансфармацыі Андрэй Ягораў. — Краіны Вышаградзкай групы, а гэта Вугоршчына, Польшча, Славаччына, Чэхія, досыць актыўна падтрымліваюць праграму „Ўсходняе партнэрства“. Яны і палітычна ўцягнутыя ў розныя праекты „Ўсходняга партнэрства“. Таму гэта хоць і рэгулярная, але досыць важная сустрэча на роўні міністраў».
Што тычыцца інтарэсаў Беларусі, то, на думку палітоляга, «для нас важна абмеркаваньне бягучых праектаў „Усходняга партнэрства“, кшталту гарманізацыі лічбавых рынкаў. Канцэпцыю гэтага праекту прапанавала Беларусь. А таксама ёсьць цікавыя распрацоўкі, якія яшчэ плянуюцца, кшталту „Трасы Е40“. І розныя пляны, зьвязаныя з „дарожнай мапай“ „Усходняга партнэрства“, якую мяркуюць прыняць на саміце ў Брусэлі».
Саміт у Брусэлі будзе ўжо пяты па ліку. Першы прайшоў у Празе ў 2009 годзе, другі — у Варшаве ў 2011-м, трэці — у Вільні ў 2013-м, чацьвёрты — у Рызе ў 2015 годзе.