Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей падчас афіцыйнага візыту ў Славенію выказаўся пра сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны.
«У нашым разуменьні, на жаль, пэрспэктыва ўрэгуляваньня крызісу на ўсходзе Ўкраіны ў найбліжэйшай будучыні адсутнічае», — сказаў міністар.
Паводле Макея, каб гэта адбылося, трэба, каб усе бакі бясспрэчна выконвалі менскія дамоўленасьці.
«Сёньня гэтага няма».
Ён прапанаваў падумаць пра арганізацыю яшчэ адной сустрэчы.
«Магчыма, у тым жа самым „нармандзкім фармаце“, а можа быць, з прыцягненьнем іншых гульцоў, што дазволіла б удасканаліць гэтыя дамоўленасьці, заключаныя ў 2015 годзе, і вызначыць дакладны мэханізм кантролю за іх выкананьнем», — цытуе прэс-служба МЗС Макея.
Таксама Макей паведаміў, што падчас перамоваў зь міністрам замежных справаў Славеніі Карлам Эрʼяўцам быў абмеркаваны шэраг пытаньняў што да ўзаемадзеяньня Беларусі і Эўразьвязу.
«Мы казалі, што дыялёг, які цяпер разьвіваецца паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам, знаходзіцца і ў інтарэсах нашай краіны, і ў інтарэсах ЭЗ. Мы дамовіліся, што трэба падтрымліваць гэты прынцып далейшага дыялёгу. Мы абмяркоўвалі пэрспэктывы нашага далейшага ўдзелу ў ініцыятыве „Ўсходняе партнэрства“, якую мы разглядаем як вельмі важную ў кантэксьце збліжэньня Беларусі са стандартамі ЭЗ у розных сфэрах і галінах».