Пра гэта дамовіліся начальнікі Генэральных штабоў дзьвюх краінаў у часе сустрэчы ў Львове, паведамляе ўкраінскі «5 канал».
Начальнік Генштаба ВС Польшчы Лешэк Сураўскі заўважыў, што яго краіна павялічвае каардынацыю мерапрыемстваў, якія праводзяцца Літоўска-польска-ўкраінскай брыгадай. Паводле яго, без свабоднай Украіны ня будзе свабоднай Эўропы.
«Былі абмеркаваныя пытаньні адпаведнага рэагаваньня і з боку войска польскага, і з боку Ўкраіны. Намі сплянаваны комплекс тактычных вучэньняў, якія ўжо праводзяцца на тэрыторыі Ўкраіны на 11 палігонах. Акрамя таго, такія мерапрыемствы будуць праводзіцца на асобных участках за межамі палігонаў, а таксама на ўчастках пераадоленьня водных перашкод», — падкрэсьліў кіраўнік Генштабу ўзброеных сіл Украіны Віктар Мужэнка.
Ваеннае кіраўніцтва Польшчы занепакоенае магчымасьцю абвастрэньня з прычыны ваенных вучэньняў «Захад-2017», у якіх прыме ўдзел Расея і Беларусь.
Галоўнакамандуючы арміі ЗША ў Эўропе генэрал-лейтэнант Бэн Ходжэс адзначыў, што расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2017» у Беларусі могуць апынуцца «траянскім канём», бо Крэмль можа пакінуць там увезеную ваенную тэхніку.
У Генштабе ўзброеных сіл Украіны падрыхтавалі комплекс мер для рэагаваньня ўкраінскай арміі на пагрозы, якія могуць узьнікнуць падчас расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017.
Па словах сакратара Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандра Турчынава, рэальная колькасьць удзельнікаў ваенных вучэньняў «Захад-2017» ацэньваецца ў 230-240 тысяч чалавек, што больш чым у 10 разоў перавышае афіцыйна заяўленую колькасьць.