Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея паўтарыла наконт вучэньняў «Захад-2017» тое ж, што і беларускі Генштаб


Аляксандар Фамін напрэсавай канфэрэнцыі 29 жніўня
Аляксандар Фамін напрэсавай канфэрэнцыі 29 жніўня

Расея назвала неабгрунтаванымі асьцярогі суседніх і заходніх краінаў у дачыненьні да вайсковых вучэньняў «Захад-2017», якія адбудуцца ў асноўным на тэрыторыі Беларусі 14-20 верасьня.

Як заявіў намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандр Фамін на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве, гэтыя вучэньні «чыста абарончыя» і не ўяўляюць пагрозы суседзям Расеі, Захаду ці саюзу НАТО.

Ён заявіў, што заходнія палітыкі і сродкі масавай інфармацыі «распаўсюджваюць міты пра расейскую пагрозу» ад гэтых вучэньняў, але «ніводная з гэтых парадаксальных тэорыяў ня мае нічога агульнага з рэчаіснасьцю».

Фамін таксама паўтарыў, што ў вучэньнях будзе ўдзельнічаць «каля» 12 700 вайскоўцаў — прыкладна 7 200 зь Беларусі і 5 500 з Расеі, расейцаў на беларускай тэрыторыі будзе знаходзіцца каля 3 тысячаў.

Сёньня ў Менску начальнік беларускага Генштабу генэрал-маёр Алег Белаконеў падчас брыфінгу таксама заявіў, што «вучэньні „Захад-2017“ маюць выключна абарончы характар, іх правядзеньне не нясе ніякай пагрозы ні для эўрапейскай супольнасьці ў цэлым, ні для суседніх краінаў у прыватнасьці».

Белаконеў таксама запэўніў, што да 30 верасьня расейскія войскі вернуцца на месцы сваёй пастаяннай дысьлякацыі ў Расеі.

Згодна з правіламі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе, вядомых як Венскі дакумэнт, дзяржавы, якія праводзяць манэўры з удзелам больш як 13 000 вайскоўцаў, павінны своечасова інфармаваць іншыя краіны і быць адкрытымі для назіральнікаў.

Але ў NATO дапускаюць, што, з улікам падвышанай актыўнасьці расейскіх войскаў і ў заходняй частцы Расеі, паблізу мяжы з Украінай, фактычна ўдзельнікамі буйных вучэньняў у верасьні, фармальна падзеленых на некалькі асобных мерапрыемстваў, будзе значна больш расейскіх вайскоўцаў.

Беларусь, як краіна правядзеньня вучэньняў, запрасіла на іх прадстаўнікоў сямі ўсходнеэўрапейскіх і скандынаўскіх дзяржаваў, а таксама прадстаўнікоў НАТО. І гэтыя краіны, і саюз NATO будуць мець магчымасьць накіраваць на навучаньне толькі па двое назіральнікаў.

Краіны-суседзі Беларусі, сярод іх дзяржавы Балтыі і Ўкраіна, непакояцца, што Расея можа выкарыстаць вучэньні «Захад-2017» для агрэсіўнай разьвіцьця свайго ваеннага прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу НАТО і ператварыць Беларусь у пляцдарм для магчымага наступу на Украіну. Расея адмаўляе такія асьцярогі.

Вучэньні пройдуць з 14 па 20 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG