«Грамадзянін Вяйшнорыі» Мілінкевіч: «Зоны пагрозы» — гэта тэрыторыі з канцэнтрацыяй каталіцкага насельніцтва

Аляксандар Мілінкевіч

«Зоны пагрозы», якія прапануюцца на беларуска-расейскіх вайсковых вучэньнях «Захад-2017» — гэта састарэлы сцэнар 25-гадовай даўнасьці.

29 жніўня падчас брыфінгу ў Менску першы намесьнік міністра абароны Алег Белаконеў прэзэнтаваў сцэнар вучэньняў «Захад-2017».

Згодна зь легендай манэўраў, віртуальныя дзяржавы «Вяйшнорыя», «Весбарыя» і «Лубенія» нападаюць на саюзьнікаў — Беларусь і Расею. Гэта стала вынікам пагаршэньня стасункаў на глебе міжнацыянальных, этнічных і рэлігійных супярэчнасьцяў. Таксама суседзі выказалі тэрытарыяльныя прэтэнзіі, што досыць дзіўна з улікам іх мікраскапічных памераў.

Мапа «ўмоўнага становішча»

Як вынікае з мапы «ўмоўнага становішча», якую паказалі над галавой генэрала, «Лубенія» — так званы «Сувалкаўскі калідор» у складзе паўночна-ўсходняй часткі Польшчы і паўднёва-заходняй з боку Літвы.

«Весбарыя» — тэрыторыя Літвы, а таксама заходняя і цэнтральная частка Латвіі.

«Вяйшнорыя» — паўночна-заходняя Гарадзеншчына, а таксама невялікія кавалкі Менскай і Віцебскай абласьцей. Зьвяртае на сябе ўвагу, што беларускі кавалак уключае ў сябе рэгіёны, дзе найбольшая канцэнтрацыя каталіцкага насельніцтва — пра гэтыя асаблівасьці Свабода ня так даўно пісала.

Калі зыходзіць з тэрытарыяльнага падзелу, «грамадзянінам Вяйшнорыі» можа сябе лічыць і палітык, грамадзкі дзеяч, навуковец Аляксандар Мілінкевіч. Ягоны дом — у Берштах Шчучынскага раёну. Мястэчка мае багатую гісторыю, тут сярод іншага быў падпісаны прывілей на Магдэбургскае права для Горадні.

Гістарычны будынак былой Берштаўскай школы (Бершты, Шчучынскі раён, Гарадзенская вобласьць)

Няўжо ўлады ў Маскве і Менску дагэтуль на поўным сур’ёзе асьцерагаюцца каталіцкай агрэсіі, раз вызначылі частку Гарадзеншчыны ў «небясьпечны анкляў»?

У свой час гэтыя тэрыторыі, дзе даволі шмат каталіцкага насельніцтва, спрабавалі падбухторыць і да сэпаратызму, і справакаваць масавае незадавальненьне

«Я не адкажу за ўладу, але ведаю, што «зоны пагрозы», якія прапануюцца на гэтых вучэньнях, — гэта сцэнар як мінімум 25-гадовай даўнасьці. Зразумела, што ён даўно састарэў, — сказаў Свабодзе Аляксандар Мілінкевіч. — У свой час гэтыя тэрыторыі, дзе даволі шмат каталіцкага насельніцтва, спрабавалі падбухторыць і да сэпаратызму, і справакаваць масавае незадавальненьне. Заснавальнікі Саюзу палякаў могуць шмат расказаць, як іх намагаліся пусьціць такім шляхам, як некалі было з палякамі віленскімі. Але мінула чвэрць стагодзьдзя, іншыя ў сьвеце пагрозы».

Пры тым, што рэальная пагроза для Беларусі, на перакананьне Аляксандра Мілінкевіча, зыходзіць якраз ад аднаго з завадатараў маштабных манэўраў.

Я проста з сумам гляджу на гэтую карцінку, бо мы гуляем у сцэнар, прыдуманы ў Расеі

«Ясна, што для нас самая вялікая пагроза — гэта Расея. А ў гэтым выпадку разыгрываецца карта каталіцкіх рэгіёнаў ды памежных краінаў — Літвы, Латвіі, Польшчы, — кажа палітык. — Я проста з сумам гляджу на гэтую карцінку, бо мы гуляем у сцэнар, прыдуманы ў Расеі. Масква ўсяляк спрабуе падобныя рэчы раскручваць, але ж і мы павінны жыць у рэальным сьвеце».

Паводле суразмоўцы, вайсковыя стратэгі не асабліва заклапочаныя, каб адэкватна выглядаць у вачох міжнароднай супольнасьці. А легенды кшталту «Вяйшнорыі» калі і будуць штосьці выклікаць, то збольшага зьдзеклівую рэакцыю.

вайскоўцы кіруюцца састарэлымі прыярытэтамі і пагрозамі халоднай вайны, якія існуюць яшчэ ад часоў Савецкага Саюзу

«Ведаеце, як выкладчыкі чытаюць студэнтам лекцыі па пажаўцелых канспэктах, так і вайскоўцы кіруюцца састарэлымі прыярытэтамі і пагрозамі халоднай вайны, якія існуюць яшчэ ад часоў Савецкага Саюзу. І вось па гэтых сцэнарах спрабуюць сёньня праводзіць вучэньні. А ўсяго, што трэба было б зрабіць, дык гэта паглядзець навокал. І пераканацца, што сьвет ужо зусім іншы…», — падсумаваў Аляксандар Мілінкевіч.

У сваю чаргу фінансавы аналітык Сяргей Чалы, супаставіўшы мапы ўяўнай «Вяйшнорыі» з электаральнай актыўнасьцю беларусаў падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году, зрабіў выснову пра наўпроставае супадзеньне з канцэнтрацыяй прыхільнікаў заснавальніка Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазьняка. Супадзеньне? Няйначай.