У прыватнасьці, газэта «Калининград.Ru» са спасылкай на сваіх чытачоў піша, што на зборы неабходна ўзяць пашпарт, вайсковы білет і туалетныя рэчы. Таксама трэба аформіць даверанасьць на атрыманьне заробку ў выпадку, калі яго будуць выплачваць у пэрыяд іх адсутнасьці.
Як паведамляе выданьне, кантрактнікаў абавязалі наведаць усіх жыхароў рэгіёну, якія знаходзяцца ў запасе, і ўручыць позвы. У выпадку немагчымасьці дакумэнты кідаюць у паштовыя скрыні. Некаторых запрашалі на зборы па тэлефоне.
Вучэньні «Захад-2017» у сярэдзіне верасьня таксама пройдуць і ў Калінінградзкай вобласьці.
А рэгіянальны выпуск «Московского комсомольца» ў Пскоўскай вобласьці расказвае пра жыхара гораду Аляксея Калабашкіна. Той на афіцыйным сайце губэрнатара Андрэя Турчака пацікавіўся, на якой падставе яго ды іншых шматдзетных бацькоў выклікалі на вайсковыя зборы? «Вайна пачалася?», — запытаў жыхар гораду прадстаўнікоў адміністрацыі.
І атрымаў адказ, што трэба своечасова паведамляць у ваенкамат пра павелічэньне сям’і, тады такіх непаразуменьняў ня будзе.
Як заявіў 29 жніўня на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандр Фамін, вучэньні «Захад-2017» «чыста абарончыя» і не ўяўляюць пагрозы суседзям Расеі, Захаду ці саюзу NATO.
Фамін сказаў, што ў вучэньнях будзе ўдзельнічаць каля 12 700 вайскоўцаў: прыкладна 7 200 зь Беларусі і 5 500 з Расеі. Расейцаў на беларускай тэрыторыі будзе знаходзіцца каля 3 000.