Палігон, які знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне, стане адным з шасьці ў Беларусі, на якім будуць адпрацоўвацца практычныя дзеяньні вайскоўцаў.
Сам па сабе гэты палігон зьяўляецца адзіным у Беларусі, дзе праводзяцца трэнаваньні і вучэбныя стрэльбы войскаў супрацьпаветранай абароны і вайсковых паветраных сілаў. Палігон агулам займае 40 тысячаў гектараў. На гэтай тэрыторыі разьмяшчаюцца зэнітна-ракетны сэктар, сэктар зэнітнай артылерыі, танкадром, а таксама вайсковае стрэльбішча.
Салдаты, якія прыбываюць на вучэньні на палігон, разьмяшчаюцца побач зь ім у лесе. Ужо цяпер пляцоўка падрыхтаваная для стварэньня часовага лягеру. Праўда, пакуль салдаты яшчэ не прыбылі, распавёў карэспандэнту Свабоды вайсковец з Волькі Мікалай:
«Цяпер вядуцца арганізацыйныя работы. Да нас наведваюцца міжнародныя назіральнікі. Літаральна некалькі дзён таму былі з Кітаю вайскоўцы. Ведаю, што яшчэ да афіцыйнага старту сумесных вучэньняў 10 верасьня на наш палігон маюць прыбыць экспэрты з Прыбалтыкі. А пакуль у нас наагул няма гасьцей. Яшчэ ж рана. Да таго ж ня факт, што яны будуць разьмяшчацца каля нашага палігону. Гэта камандаваньне, хутчэй за ўсё, тут будзе. А тэхніка можа знаходзіцца дзе заўгодна. Тут жа побач з нашым вялізным Даманаўскім палігонам некалькі дапаможных, якія знаходзяцца ў Быцені. А пакуль аніводнага расейскага салдата тут няма».
Жыхары вёскі Волька, якая знаходзіцца побач з палігонам, кажуць, што ў гэтыя выходныя салдаты з вайсковай часткі 42276, якая дыслякуецца каля вёскі, актывізаваліся. Апошнія два дні зэнітна-ракетныя комплексы, а таксама асабовы склад, выводзіліся і перамяшчаліся ў кірунку Слоніму на захад.
Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» пачнуцца 14 верасьня і працягнуцца тыдзень. Будзе задзейнічаны шэраг вайсковых палігонаў на тэрыторыі Беларусі: пад Лепелем, Барысавам, Віцебскам, Асіповічамі, Ружанамі і Даманавам. Таксама паведамляецца, што заплянаваныя рэйды на «ўчастку мясцовасьці» каля Дрэтуні.