Пэнсіянэры правялі мітынг за адстаўку Валянціна Сукалы

Архіўнае фота. Адна з акцыяў актывістаў грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў пракуратуры і судах» на плошчы Свабоды ў Менску. 31 красавіка 2016 году

Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў пракуратуры і судах» праводзяць пікет за адстаўку старшыні Вярхоўнага Суду Валянціна Сукалы.

Пікет прымеркаваны да 75-годзьдзя, якое адзначае сёньня Валянцін Сукала. Удзел у пікеце прынялі жанчыны пэнсійнага веку, якія трымалі ў руках плякат «Старшыню Вярхоўнага Суду Валянціна Сукалу ў адстаўку», а таксама лісты, якія атрымлівалі як адпіскі ад чыноўнікаў на свае скаргі.

Як заяўляюць удзельнікі пікету, галоўнай мэтай вулічнай акцыі ёсьць прыцягнуць увагу грамадзкасьці да парушэньняў правоў грамадзян і законаў з боку чыноўнікаў розных узроўняў, праваахоўных органаў, судоў і пракуратуры, а таксама запатрабаваць адстаўкі старшыні Вярхоўнага Суду.

Некаторыя ўдзельнікі пікету прыехалі выказаць свой пратэст з Бабруйску. Актывісты ініцыятывы заяўляюць, што зьвярталіся ў Менгарвыканкам з заявай аб правядзеньні пікету, аднак адказу на свой зварот не атрымалі.

Пасьля пікету ягоныя ўдзельнікі наведалі прыёмную прэзыдэнцкай адміністрацыі, каб перадаць чарговы зварот пра бязьдзеяньне чыноўнікаў.

Грамадзянская ініцыятыва «Супраць беззаконьня ў пракуратуры і судах» была арганізаваная 11 гадоў таму. У яе склад увайшлі грамадзяне, якія дамагаюцца аднаўленьня сваіх парушаных правоў у найвышэйшых органах улады, у пракуратуры і судах. Актывісты арганізацыі праводзілі некалькі вулічных пікетаў з мэтай прыцягнуць увагу грамадзкасьці і чыноўнікаў да праблемы парушэньня правоў чалавека ў краіне. Больш за сорак разоў яны безвынікова зьвярталіся да прэзыдэнта Беларусі.