Паніхіду адслужыў айцец Ігар Данільчык. Пасьля гэтага ўсіх прысутных запрасілі ў царкоўна-прыходзкі комплекс, дзе ўжо другі год існуе бібліятэка імя Ларысы Геніюш. Тут адбылася літаратурная сустрэча, прысьвечаная 107-й гадавіне з дня нараджэньня паэткі.
Айцец Ігар Данільчык расказаў біяграфію Ларысы Геніюш, цытуючы яе вершы і ўрыўкі са «Споведзі». Сьвятар шмат увагі аддаў лягерным гадам пісьменьніцы і зазначыў, што Ларыса Геніюш дагэтуль застаецца нерэабілітаванай, хоць грамадзяне ня раз зьвярталіся ў гэтай справе да ўладаў Беларусі.
— Магчыма, час на гэта яшчэ не прыйшоў, але яе жыцьцё застаецца прыкладам для нас усіх. І асабліва тое, што, прайшоўшы шматлікія жыцьцёвыя выпрабаваньні, яна засталася сапраўднай хрысьціянкай, ня страціла праваслаўнай веры і годна несла яе праз усё жыцьцё. На прыкладзе Ларысы Геніюш мы выхоўваем дзетак у нядзельнай школе, — сказаў айцец Ігар Данільчык.
Гарадзенскі паэт Юрка Голуб расказаў пра асабістыя сустрэчы і кантакты з Ларысай Геніюш, прачытаў свае вершы, прысьвечаныя ёй. Адмысловы даклад з аналізам творчасьці Ларысы Геніюш прадставіла філёляг Інга Сакута. Яна цытавала шматлікія вершы Геніюш, а таксама ўрыўкі са «Споведзі».
Яшчэ адзін даклад, пра рэлігійнае ў жыцьці і творчасьці Ларысы Геніюш, прачытаў сябра праваслаўнага брацтва Мікалай Фядытнік.
На імпрэзе гучалі песьні на словы Ларысы Геніюш у выкананьні «Песьняроў».
— Царква надае Ларысе Геніюш належную пашану, паколькі і яна пры жыцьці ніколі ёй ня здрадзіла, пражыла і памерла як сапраўдная хрысьціянка, — сказаў напрыканцы сустрэчы айцец Ігар Данільчык.