У Зэльвенскай праваслаўнай царкве літургія адбываецца на беларускай мове. У храме поўна людзей. Пасьля службы бацюшка аб’яўляе, што зараз адбудзецца паніхіда за Ларысу Геніюш. Усе прысутныя на службе ведаюць хто яна такая. Дадаюцца яшчэ людзі, якія прыехалі з Слоніма, Сьвіслачы, Менску, Горадні.
Падчас паніхіды ў храме цішыня, толькі выразна гучаць словы бацюшкі і сьпеў хору. Гарадзенскі прафэсар Аляксей Пяткевіч, які асабіста добра ведаў Ларысу Геніюш, выйшаўшы з храма кажа, як бы радавалася паэтка, каб магла пачуць, як хораша ў храме гучыць беларуская мова.
Пасьля паніхіды ў царкоўным доме сабраліся ўсе хто прыехаў, каб ушанаваць памяць вялікай паэткі. Прафэсар Пяткевіч узгадвае, як у савецкія часы запрасіў Геніюш на сустрэчу са студэнтамі гарадзенскага ўнівэрсытэту. Студэнты захацелі купіць кветкі для паэткі, але ў той час у гарадзкіх крамах кветкі не прадаваліся. Яны вырашылі папрасіць кветак ў жыхароў прыватных дамоў, але ім з гэтым таксама не пашэнціла.
І вось на вуліцы яны пабачылі жанчыну, якая несла ў руках вялікі прыгожы букет. Яны зьвярнуліся да яе з просьбай, патлумачылі, што чакаюць госьця і жанчына аддала ім кветкі. Але якім было іх зьдзіўленьне, калі на сустрэчу да іх у аўдыторыю прыйшла тая самая жанчына...
Гарадзенскі паэт Юрка Голуб згадаў, як школьнікам, пасьвячы ўздоўж Зяльвянкі кароў, упершыню прачытаў у «Полымі» вершы Ларысы Геніюш і быў уражаны, што ў такім шанаваным часопісе згадваецца тая самая Зяльвянка, побач зь якой ён знаходзіцца. Такім было яго завочнае знаёмства з Ларысай Геніюш.
Празь некаторы час у ягонай школе, на сустрэчы з Васілём Быкавым, Аляксеем Карпюком, Данутай Бічэль і Ларысай Геніюш Голуб прачытаў свае першыя вершы і яна зьвярнула на яго ўвагу і запрасіла дамоў.
Я і цяпер, калі бяру томік Геніюш у рукі, заўсёды ўзгадваю, як некалі ўпершыню прачытаў ейныя вершы будучы яшчэ школьнікам. Я часта бываў у ейнай хаце і з захапленьнем слухаў, як яна чытала мне свае вершы. Я быў тады яшчэ школьнікам, а яна чытала мне свае вершы, як даросламу чалавеку...
Пісьменьнік Уладзімер Ягоўдзік быў таксама частым госьцем у хаце Ларысы Геніюш, яго таксама вабіла ейная гасьціннасьць і шляхетнасьць, добрыя парады і цікавыя размовы. Аднаго разу, ён ехаў здымаць у Ружаны фільм пра замак Сапегаў, а Ларыса Геніюш параіла яму зайсьці ў касьцёл да мясцовага ксяндза, каб той распавёў яму гісторыю замка.
Мне напачатку сказалі, што ксёндз ня зможа за мною паразмаўляць і нават не адчынілі храм і я папрасіў перадаць ксяндзу прывітаньне ад Ларысы Геніюш. Пасьля гэтага выйшаў ксёндз і сказаў, што дапаможа мне ва ўсім у чым толькі зможа. Высьветлілася, што ксёндз, як і Ларыса Геніюш, таксама быў у ГУЛАГу і творчасьць Геніюш была яму знаёмай і блізкай.
Распавядаючы гэты выпадак Ягоўдзік заўважыў, што словы Ларысы Геніюш будуць жыць заўжды, незалежна ад любой улады.
У царкоўным доме вершы Геніюш чытаў Міхась Скобла, Вячка Скобла, сьпявала песьні на словы Геніюш Тацяна Матафонава, нават правялі віктарыну па творчасьці Ларысы Геніюш.
Вершы Геніюш прагучалі і на ейнай магіле. А прафэсар Аляксей Пяткевіч узгадаў як адбывалася пахаваньні на якім ён таксама прысутнічаў.
Памятаю, што ўсе вуліцы ў Зэльве былі запоўненыя людзьмі, адпявалі яе ў царкве і туды таксама нельга было патрапіць. Калі труну з целам Геніюш вынесьлі з царквы да мяне і Міхася Чарняўскага, а мы выходзілі апошнімі, падбег чалавек у цывільным і крыкнуў: «Только, чтобы не было нікакіх маніфістацый...» і хутка зьнік. Калі труна была на могілках, людзі яшчэ за ёй былі каля горада. Ларысу Геніюш выйшла хаваць уся Зэльва. Першым слова тады на магіле казаў Адам Мальдзіс, другім — я, а пасьля яшчэ малады і малавядомы пісьменьнік Уладзімер Арлоў...
У цэнтры Зэльвы я запыніў першага сустрэчнага — мужчыну сярэдніх гадоў і запытаўся — ці ведае ён хто такая Ларыса Геніюш?. Ён усьміхнуўся і адказаў, што памятае яе, бачыў, калі яму было гадоў 14. Яму Геніюш запомнілася незвычайнай жанчынай, адметнай ад усіх астатніх у Зэльве, якая часта і цёпла усьміхалася людзям.
ММ