У адмове напісана, што «шлях да ўказанага месца праходзіць праз землі сельскагаспадарчага прызначэньня ЛРСУП „Мажэйкава“, якія выкарыстоўваюцца ў сельгасабароце. Землекарыстальнік супраць правядзеньня масавага мерапрыемства, таму што яно пацягне страты арганізацыі».
Кіраўнік Лідзкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік заўважыў Свабодзе, што адмовы на ўшанаваньне памяці паўстанцаў у гэтым месцы здараюцца ўжо ня першы год і вэртыкаль знаходзяць самыя розныя прычыны.
«Яшчэ ў 1990-я, калі мы пачалі тут ушаноўваць паўстанцаў, старшыня калгасу даваў загад і камбайнам зжыналі для нас праход — не было ніякіх праблемаў. Прыходзіў ксёндз і мы належным чынам ушаноўвалі магілкі. А зараз нам, па-сутнасьці, напісалі, што мы патопчам лубін. Забароны паўтараюцца шмат гадоў запар. Але чыноўнікі павінны ведаць, што мы будзем іх абскарджваць».
Паводле Станіслава Судніка, памятны мэмарыял па паўстанцах 1863 году знаходзіцца наўпрост пасярод калгаснага поля, хаця ў свой час ён знаходзіўся пры дарозе. Актывіст кажа, што, магчыма, мэмарыял узьнік адразу пасьля паўстаньня – прынамсі на гэта сьведчаць камяні з выбітымі надпісамі, датаваныя годам паўстаньня.
У 1990-я актывісты ўсталявалі некалькі новых крыжоў і ўжо больш за 20 гадоў даглядаюць за мэмарыялам.