У Ваўкавыску зноў пачалі судзіць Аляксандра Логінава, які ўчыніў страляніну ў клюбе, дзе быў сын Лукашэнкі. Яму выставілі новыя абвінавачваньні — у непадпарадкаваньні законным патрабаваньням супрацоўнікаў калёніі (артыкул 411 Крымінальнага кодэксу РБ).
Аляксандар Логінаў адбыў у турмах амаль 12 гадоў і меўся выйсьці на волю.
Логінава даставілі ў залю суду з калёніі пад канвоем. Пракурор пералічыў больш за 10 выпадкаў, калі Логінаў аказваў злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі.
Паводле пракурора, Логінаў адмаўляўся выходзіць на прыбіраньне тэрыторыі, памяшканьняў, адзін раз адмовіўся прывітаць начальніка калёніі, самастойна без дазволу пакінуў сталоўку, зімой самастойна, без загаду начальства, апусьціў вушы на шапцы, а яшчэ, знаходзячыся ў штрафным ізалятары, адмаўляўся выконваць каманду «адбой» альбо «падʼём».
Логінаў заявіў, што не прызнае сябе вінаватым, бо ўсё названае пракурорам — не злачынствы, а толькі дысцыплінарныя парушэньні, за якія яго не павінны судзіць па крымінальным артыкуле.
Вязень патлумачыў, чаму адмаўляўся выходзіць на прыбіраньне: пасьля турэмнага рэжыму ў Горадні ён вельмі дрэнна сябе адчувае і фізычна ня можа працаваць. Мэдычнай дапамогі, паводле ягоных слоў, ні ў Гарадзенскай турме, ні ў Ваўкавыскай калёніі асуджаным ніхто не аказвае. Ён сказаў, што ня можа добра дыхаць, ад гэтага ня сьпіць начамі, мае галаўныя болі, а ў апэрацыі на працягу 7 гадоў адмаўляюць.
Другая прычына была тая, што яго адпраўлялі прыбіраць у памяшканьні, дзе знаходзяцца ВІЧ-інфікаваныя, а таксама хворыя на гепатыт С. Гэта ён лічыць пагрозай для свайго здароўя.
А трэцяя прычына — тая, што Логінаў лічыць гэтыя працы рабскімі, скіраванымі на прыніжэньне асобы чалавека.
Як распавёў Логінаў, насамрэч ніякіх графікаў, паводле якіх яго б пасылалі на падобныя працы, у калёніі не існуе. Супрацоўнікі адміністрацыі робяць гэта па сваім жаданьні і прымяняюць такія меры да тых, хто ім не падабаецца.
Наконт адмовы рэагаваць на каманду «падʼём» ці «адбой» Логінаў сказаў, што гэта папросту сфальсыфікаваныя факты, якія патрэбныя адміністрацыі калёніі дзеля таго, каб разнастаіць ягоныя парушэньні.
Патлумачыў ён суду і тое, чаму не прывітаў належным чынам начальніка калёніі. Паводле ягоных паказаньняў, той увайшоў і сам не павітаўся. Таму Логінаў зашнураваў спачатку чаравік, а потым, як і належыць, стаў перад начальнікам, але моўчкі.
За восем месяцаў у калёніі толькі 38 дзён быў у атрадзе
На пытаньні, чаму Логінаў не абскарджваў вылучаныя супраць яго абвінавачваньні, ён адказаў, што ніхто з адміністрацыі калёніі яму не патлумачыў, якім чынам ён можа гэта зрабіць. І дадаў, што за восем месяцаў у Ваўкавыскай калёніі толькі 38 дзён быў у атрадзе, а астатнія дні адбываў пакараньні ў штрафным ізалятары. Гэта, на яго думку, сьведчыць пра тое, што справа супраць яго фабрыкавалася мэтанакіравана, каб ён ня мог выйсьці на волю.
У судзе дапыталі пяць асуджаных, якія адбываюць пакараньне разам з Логінавым. Яны сьведчылі, што насамрэч Логінаў адмаўляўся ад працаў, самавольна пакінуў сталоўку і апусьціў вушы на шапцы ў мароз. Але ніхто зь іх ня мог патлумачыць Логінаву, чаму іх паказаньні напісаныя нібы пад капірку з аднымі і тымі ж артаграфічнымі памылкамі. Праўда, адзін з асуджаных на допыце заўважыў, што Логінаў, нягледзячы на парушэньні, усё ж нядрэнны чалавек і нічога брыдкага не зрабіў.
На наступным паседжаньні суду павінны заслухаць сьведак зь ліку работнікаў адміністрацыі калёніі.
Прозьвішча Аляксандра Логінава загучала ў СМІ ў 1998 годзе, калі ў менскім начным клюбе «Макс-шоў» ён параніў зь пісталета хакейнага трэнэра Міхаіла Захарава і ахоўніка клюбу. Сьведкам таго інцыдэнту стаў старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, які быў госьцем клюбу.
За напад Логінаў быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Два гады яму скасавалі па амністыі. Маці Логінава кажа, што восем з амаль дванаццаці гадоў у месцах зьняволеньня Логінаў правёў у адзіночнай камэры Гарадзенскай турмы. Апошнія 8 месяцаў ён адбывае пакараньне ў Ваўкавыскай калёніі.
Аляксандар Логінаў вядомы сваёй прыналежнасьцю да арганізаванай злачыннай групоўкі «Пасялковыя».