Прысуд у справе Андрэя Гаўроша, якога ў навагоднюю ноч параніў міліцыянт Руслан Салаўёў, абвесьцяць у судзе Маскоўскага раёну Менску 2 жніўня а 10-й гадзіне.
Раней паведамлялася, што прысуд будзе абвешчаны 1 жніўня. Аднак, прыйшоўшы ў суд, людзі даведаліся, што абвяшчэньне прысуду перанесена на заўтра. Прычын у судзе не патлумачылі.
«Суд падоўжыў знаходжанне у дарадчым пакоі», — пазьней паведаміла ў фэйсбуку прэс-сакратарка Вярхоўнага суда Юлія Ляскова.
У сваім апошнім слове 31 жніўня Андрэй Гаўрош сказаў коратка: «Я спадзяюся на справядлівы вырак».
Дзяржаўны абвінаваўца, пракурор Алена Крупеніна папрасіла пакараць 29-гадовага работніка «Кераміна» Андрэя Гаўроша трыма гадамі пазбаўленьня волі.
Андрэй Гаўрош абвінавачваецца ў тым, што ў стане алькагольнага апʼяненьня 1 студзеня ў 6:45 на парозе ўласнай кватэры напаў на сяржанта міліцыі Руслана Салаўёва.
Нарад выклікалі суседзі, якія паскардзіліся на шум. Нягледзячы на тое, што Гаўрош быў паранены з табэльнай зброі, яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Сяржант Салаўёў, як высьветлілася на папярэднім паседжаньні суду, 1 студзеня першы раз выкарыстаў табэльную зброю. Папераджальнага стрэлу не было, два стрэлы — адразу ў Гаўроша (у нагу і сьпіну). На вучэньнях у 2016 годзе быў адзін раз, страляў па мішэні-сылюэце і атрымаў «нездавальняюча».