Магілёўскія актывісты АГП патрабуюць тлумачэньняў, як машына з тэрыторыі, якая кантралюецца бандфармаваньнямі, трапіла ў Беларусь.
Актывісты Абʼяднанай грамадзянскай партыі ўзяліся высьветліць, якім чынам машына з нумарнымі знакамі непрызнанай Луганскай Народнай Рэспублікі трапіла ў Беларусь і бесьперашкодна разьяжджае па Магілёве. Партыйцы лічаць, што міліцыя бязьдзейнічае.
Магілёўская абласная рада партыі папрасіла кіраўніцтва ўпраўленьня ўнутраных справаў аблвыканкаму патлумачыць , што робяць праваахоўныя органы, каб не дапускаць на тэрыторыю Беларусі транспартных сродкаў, якія пагражаюць бясьпецы грамадзян.
«Выклікае зьдзіўленьне, як у нашу краіну трапляюць і свабодна перасоўваюцца аўтамабілі зь незаконнымі нумарнымі знакамі з тэрыторыі, кантраляванай бандфармаваньнямі, дзе ў абароце вялікая колькасьць зброі», — гаворыцца ў лісьце актывістаў АГП кіраўніцтву магілёўскай міліцыі.
Актывісты пішуць, што машыны з нумарамі гэтак званай Луганскай Народнай Рэспублікі бачылі і ў іншых гарадах Беларусі. Спасылаюцца пры гэтым на зьвесткі з сацыяльных сетак.
Фатаздымак з нумарамі «ЛНР» на старым аўтамабілі ВАЗ 3 ліпеня разьмясьціў у Фэйсбуку старшыня абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў. «Цікава, як прапусьцілі „жыгуль“ зь няіснай краіны празь мяжу», — пракамэнтаваў партыец фатаздымак, які яму даслалі знаёмыя.
Шанцаў запэўнівае, што фатаздымак не падроблены. Машына сфатаграфаваная на адной з цэнтральных магістраляў гораду — вуліцы Піянэрскай, за трыста мэтраў ад абласной управы КДБ.
«Без сумневу, знаходжаньне ў Беларусі машыны з нумарамі ЛНР незаконнае, — выказаў сваё меркаваньне Свабодзе Ўладзімер Шанцаў. — Калі такая машына здолела трапіць у Беларусь з Луганскай вобласьці, якую кантралююць фактычна бандфармаваньні, то можна толькі здагадвацца, што яшчэ можа зьявіцца ў нашай краіне з тэрыторыі, дзе не сунімаецца вайна».
Атрымаць камэнтар наконт машыны з нумарамі ЛНР у магілёўскай ДАІ не ўдалося. Там сказалі, што такога аўтамабіля ня бачылі.