8 культурніцкіх праектаў, на якія выдзяляў грошы Лукашэнка
Фонд прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва заснаваны ўказам кіраўніка краіны ад 15 ліпеня 1998 году з заяўленай мэтай «стварэньня спрыяльных умоў для далейшага разьвіцьця нацыянальнай культуры Беларусі», а таксама для «сацыяльнай падтрымкі творчай інтэлігенцыі».
Студзень 2017 году. 775 рублёў (395 даляраў) Лукашэнка выдзяляе асабіста дырэктару Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Галіне Сьлесарэнцы на «распрацоўку і рэалізацыю наватарскага праекту «1812 год. Барысаў, Беразіна, Памяць...» У абгрунтаваньні гранта гаварылася, што ён будзе спрыяць папулярызацыі беларускай гісторыі і культуры.
Жнівень 2012 году. 59 мільёнаў рублёў (7050 даляраў) на набыцьцё музычных інструмэнтаў для Гомельскага цырку. Грошы з фонду кіраўніка краіны таксама атрымалі Акадэмічны музычны тэатар, Нацыянальны мастацкі музэй, Музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ды іншыя культурныя ўстановы. Агулам было выдзелена каля 118 тысяч даляраў.
Верасень 2008 году. 32 мільёны (15 тысяч даляраў) на тэатральную пастаноўку «Крыж Ефрасіньні» пра Ефрасіньню Полацкую. Грошы атрымаў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа. «Гэтых грошай цалкам дастаткова для разумнага творцы, каб стварыць цікавы спэктакль з прыгожымі дэкарацыямі», — казаў пасьля навіны пра грант ад Лукашэнкі мастацкі кіраўнік тэатру Віталь Баркоўскі.
Ліпень 2006 году. 100 мільёнаў рублёў (47 тысяч даляраў) на выданьне кніг пра народнага артыста СССР Расьціслава Янкоўскага і народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. У той жа месяц з фонду кіраўніка краіны прафінансавалі выданьне каталёга «Меднае мастацкае ліцьцё 17–20 стагоддзяў» (14 тысяч даляраў) і «Беларуская скульптура 1984–2004» (9300 даляраў).
Сьнежань 2016 году. 317 800 рублёў (160 тысяч даляраў) на музычныя інструмэнты для Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Менскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, а таксама ў якасьці матэрыяльнай дапамогі таленавітай моладзі. Агулам такую дапамогу атрымаў 41 чалавек.
Ліпень 2017 году. У Гродне зьбіраюцца перабудоўваць Калоскую царкву. Старая драўляная сьценка ў аварыйным стане. Грошай на новую няма. Гарадзкія ўлады нават разглядаюць варыянт яе замены на сьцяну з сылікатных блёкаў. У выніку сродкі знаходзяцца ў Фондзе кіраўніка краіны па падтрымцы культуры і мастацтва. Выдзяляюць 369 834 рублі (188 тысяч даляраў). Праўда, ня толькі на Каложу, але і на кансэрвацыю Княскай вежы Крэўскага замка.
А яшчэ
14,8 мільёна даляраў. Прыкладна столькі выдзелілі зь дзяржаўнага бюджэту на будоўлю лядовага палаца ў Шклове. Аб’ект будавалі зь лета 2010 па восень 2016 году. У хакейным матчы з нагоды адкрыцьця новай арэны кіраўнік краіны закінуў тры шайбы і зрабіў дзьве галявыя перадачы.
У траўні 2017 году Эўразьвяз выдзеліў грант памерам 1,7 мільёна даляраў на рэстаўрацыю Фарнага касьцёла ў Нясьвіжы. Зь дзяржаўнага бюджэту на тое самае ў 2017 годзе выдзелілі 600 тысяч рублёў (каля 300 тысяч даляраў).