Дэлегаты ПА АБСЭ бяруць удзел у Форуме грамадзянскай супольнасьці ў Менску. Беларускія ўлады — не

Напярэдадні штогадовай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, якая распачне працу ў Менску 5 ліпеня, прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацый ладзяць «Паралельны форум грамадзянскай супольнасьці».

Арганізатарамі форуму выступаюць шэраг грамадзкіх праваабарончых арганізацый, у тым ліку «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў ды іншыя. Заяўленая тэма для абмеркаваньня — «Шэсьць гадоў пасьля дакладу АБСЭ аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі: што зьмянілася?».

На імпрэзу сабраліся прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці з 60 НДА, супрацоўнікі дыпляматычных прадстаўніцтваў у Беларусі, госьці зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, чальцы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

Мэта арганізатараў — давесьці ўдзельнікам сэсіі ПА АБСЭ альтэрнатыўную інфармацыю пра становішча з грамадзка-палітычнымі правамі ў Беларусі. Пра гэта перад пачаткам пасяджэньня Свабодзе паведаміў старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі:

«Наша задача — выказаць крайнюю занепакоенасьць сытуацыяй з грамадзка-палітычнымі правамі ў Беларусі. Улады падаюць свой варыянт сытуацыі становішча фундамэнтальных сацыяльных і грамадзка-палітычных правоў у Беларусі. Таму напярэдадні сэсіі мы сабраліся, каб дэпутаты Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ пачулі голас грамадзянскай супольнасьці».

Адкрываючы форум, мадэратар Сяргей Мацкевіч паведаміў, што да супрацы былі запрошаныя прадстаўнікі ўладаў Беларусі, аднак ніводзін з чыноўнікаў такой магчымасьцю не скарыстаўся.

Тым часам усіх удзельнікаў прывітаў спэцдакладчык ААН у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці.

«Прымаючы ўдзел у дыскусіі, як дарадца па правах чалавека Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, ЗША Браян Грыфі, у прыватнасьці, адзначыў: «У нас выклікаюць жах некаторыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. У прыватнасьці, веснавыя падзеі — перасьлед і штрафы, якія зьведалі многія». Паводле Браяна Грыфі, гэтая сытуацыя застаецца прадметам абмеркаваньня структурамі АБСЭ.

Удзельнікі форуму маюць прыняць рэзалюцыю, скіраваную да ўдзельнікаў ПА АБСЭ.