«Рэабілітацыя для цябе ня проста фармальнасьць? Хочаш выказаць сваю падтрымку кампаніі #Геніюш2016? Вазьмі ўдзел у конкурсе эсэ!», — заклікаюць ініцыятары акцыі.
Паводле ўмовы, калі сёньняшнім беларусам неабыякавая памяць пра знакамітую зямлячку і ёсьць жаданьне падзяліцца сваімі думкамі наконт таго, чаму рэабілітацыя Ларысы Геніюш надзвычай важная для Беларусі, можна дасылаць свае эсэ на пошту moladzbelarus@gmail.com.
Аб’ём тэксту ня болей за 3 старонкі фармату А4, тэма: «Чаму варта рэабілітаваць Ларысу Геніюш?». Конкурс працягнецца да 26 ліпеня, вынікі будуць агучаныя 10 жніўня. Кожны ўдзельнік атрымае памятны дыплём, кнігу Ларысы Геніюш «Споведзь» ды памятныя падарункі.
Конкурс эсэ — гэта наступны крок у спробах данесьці думку грамадзкасьці прадстаўнікам улады, паказаць, што пытаньне рэабілітацыі Ларысы Геніюш сапраўды важнае для беларускага народу.
Ня так даўно актывісты арганізацыі накіравалі ў Генэральную пракуратуру Беларусі пісьмовае патрабаваньне рэабілітаваць літаратарку. Адказ зь ведамства быў катэгарычным: «Геніюш Л.А. прызнана не падлеглай рэабілітацыі».
Актывісты Моладзі БНФ ня згодныя з падобнай трактоўкай і перакананыя, што Ларыса Геніюш вартая аднаўленьня яе добрага імя і ўшанаваньня памяці.