Прымусовая праца  — норма ў Беларусі, а ў сьвеце забароненыя міжнароднымі дамовамі

Belarus

Чаму Беларусь зноў патрапіла ў групу найгоршых краінаў, дзе ўжываецца прымусовая праца і гандаль людзьмі? Якія формы прымусовай працы застаюцца ў Беларусі? Чаму яны не выклікаюць грамадзкага пратэсту?

Удзельнічаюць: Алег Груздзіловіч, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.

Глод: Беларусь чарговым разам трапіла ў найгоршую, трэцюю групу краін у штогадовым дакладзе Дзярждэпартамэнту Злучаных Штатаў Амэрыкі пра гандаль людзьмі ў сьвеце. Інфармацыйны партал tut.by, які прааналізаваў гэты дакумэнт, адзначае, што з бліжэйшых суседзяў Беларусі ў гэтай кампаніі толькі Расея. Украіна і Латвія — у другой групе, Літва і Польшча — у першай.

Як адзначаецца ўжо пяць гадоў, Беларусь — гэта крыніца, транзытная тэрыторыя і краіна прызначэньня для мужчын, жанчын і дзяцей, якія зазнаюць сэксуальнае рабства і прымусовую працу. Часьцей за ўсё ахвяраў зь Беларусі «прадаюць» у Расеі, у самой Беларусі, у Польшчы, Турэччыне і іншых краінах Эўразіі і Блізкага Ўсходу.

крымінальных спраў па абвінавачваньні ў прымусовай працы летась наагул не распачыналася

У дакладзе адзначаюцца намаганьні беларускіх уладаў у барацьбе з гэтым злачынствам, але адначасова з Вашынгтону крытыкуюць Менск за тое, што ўжо чатыры гады ўлада не асудзіла нікога за гандаль людзьмі. Дзярждэп рэкамэндуе Менску ўключыць у Крымінальны кодэкс, які забараняе гандаль людзьмі, яшчэ і пакараньне за сэксуальную эксплюатацыю непаўналетніх. Пры гэтым адзначаецца, што хоць улады вялі па адным расьсьледаваньні па гэтым артыкуле ў 2014, 2015 і 2016 гадах, да адказнасьці ніхто прыцягнуты ня быў.

Беларускім уладам рэкамэндуецца аказваць спэцыялізаваную дапамогу дзецям, якія пацярпелі ад гандлю людзьмі, і выдзяляць больш сродкаў на барацьбу з гэтым злачынствам.

калі хто адмаўляецца ўдзельнічаць у суботніках, яму пагражаюць грашовым штрафам

Акрамя гандлю людзьмі, у справаздачу Дзярждэпартамэнту традыцыйна ўваходзяць яшчэ і пытаньні правоў на працу і прымусовая праца. Гэты разьдзел таксама пагаршае агульную ацэнку сытуацыі ў Беларусі. Як напісана ў дакумэнце, дзяржава працягвае прымушаць да працы сваіх грамадзян, у тым ліку «дзяржслужачых, студэнтаў, часткова занятых, беспрацоўных, якія цярпяць ад нарка- і альказалежнасьці, а таксама часам крытыкаў ураду». Нягледзячы на такія факты, крымінальных спраў па абвінавачваньні ў прымусовай працы летась наагул не распачыналася.

У дакладзе згадваецца, што ўрад працягнуў практыку суботнікаў, якая патрабуе ад супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў і многіх прыватных кампаній працаваць у асобныя суботы і аддаваць прыбытак за гэты дзень на фінансаваньне дзяржаўных патрэб. А калі хто адмаўляецца ўдзельнічаць у суботніках, яму пагражаюць грашовым штрафам. У дакумэнце пішуць пра патрабаваньні да вучняў старэйшых клясаў і студэнтаў удзельнічаць ва ўборачнай кампаніі без аплаты іхнай працы. Згадваюцца і выпадкі, калі ўлады прымушаюць салдат тэрміновай службы выконваць працу, непасрэдна не зьвязаную зь іх службай у арміі. Сёе-тое з гэтых рэчаў практыкуецца з савецкіх часоў і, мабыць, значнай часткай насельніцтва ўжо нават не ўспрымаецца як парушэньні правоў чалавека.

І апошняе — беларускім уладам рэкамэндуецца адмяніць усе дэкрэты і законы, якія прыводзяць да прымусовай працы. І тут узьнікае галоўнае пытаньне: ці пойдуць улады на такія крокі?

Карбалевіч: Справа ў тым, што шмат якія рэчы, што ў Беларусі лічацца звыклай нормай, у сьвеце лічацца прымусовай працай і забароненыя міжнароднымі дамовамі. Якія, дарэчы, Беларусь падпісала і абяцае прытрымлівацца.

Прымусовая праца ў месцах зьняволеньня ці ў прафілякторыі для алькаголікаў забароненая міжнароднымі канвэнцыямі. А ў Беларусі, па савецкай традыцыі, гэта лічыцца перавыхаваньнем працай. Ці, напрыклад, тыя ж суботнікі, дзе людзей прымушаюць працаваць бясплатна.

шмат якія рэчы, што ў Беларусі лічацца звыклай нормай, у сьвеце лічацца прымусовай працай і забароненыя міжнароднымі дамовамі

Ці яшчэ адна спадчына савецкага часу — прымусовае разьмеркаваньне выпускнікоў навучальных установаў. Вось якраз цяпер абмяркоўваецца скандал, калі ўрад жорстка патрабуе ад унівэрсытэтаў разьмеркаваць абавязкова ўсіх, хоць працоўных месцаў няма. І такіх прыкладаў шмат. Гэта і скандальны дэкрэт «аб дармаедах», і прымусовае накіроўваньне студэнтаў і школьнікаў на сельскагаспадарчыя працы.

Але ня толькі для ўладаў, але і для масавай сьвядомасьці гэта лічыцца нормай. Ніхто не пратэстуе, хоць бы тыя ж выпускнікі. Абсурд лічыцца нормай.

Грузьдзіловіч: І беларуская дзяржава нічога ня робіць, каб факты ўжываньня прымусовай працы, у тым ліку беларусаў за мяжой, даводзіліся да суду. Мы ведаем некалькі выпадкаў. Вось, напрыклад, некалькі гадоў таму стала вядома, што адзін беларус пешшу прыйшоў ледзь не з-пад Масквы. Ён, аказваецца, працаваў пад Масквой у катэджы, яго зачынілі, прымушалі працаваць, фактычна быў у рабстве, і ён вось неяк умудрыўся адтуль зьбегчы, грошай не было, ён пешшу прыйшоў у Беларусь. Такія выпадкі здараюцца рэгулярна.

Беларусы траплялі ў няволю недзе на Каўказе, у Сярэдняй Азіі быў выпадак... Але ніводнага разу беларуская дзяржава не завяла крымінальнай справы па такім факце. Але я ведаю, што закон дазваляе гэта рабіць. Бо нават калі чалавек сам не зьвяртаецца з заявай, сама пракуратура можа, убачыўшы парушэньне закону і права, завесьці такую справу. Супраць пэўнай расейскай структуры, сярэднеазіяцкай ці супраць каго. Але такое ўсё спускаецца на тармазах.

Тое самае адбываецца ў самой Беларусі. Я згодны, што гэта стала звычкай, стала нормай, ня толькі нейкія праваабарончыя арганізацыі мала зьвяртаюць на гэта ўвагу, але найперш самі грамадзяне. Я ня памятаю ніводнага выпадку, каб нейкі студэнт падаў грамадзянскі пазоў да сваёй ВНУ, што яго выкарыстоўвалі там на нейкай незаконнай працы. Ці бацькі нейкага школьніка.

Вось зараз 4 ліпеня пачнецца суд у Маладэчне над дзьвюма настаўніцамі за тое, што яны нібыта недаглядзелі і загінула дзяўчынка на бульбе. Але каб нехта пратэставаў супраць масавага выкарыстаньня школьнікаў на гэтых сельгаспрацах — такога няма. Тут ня трэба нейкіх пратэстаў і пікетаў — тут проста трэба напісаць грамадзянскую заяву і пайсьці з ёю ў суд. А потым суд хай разглядае. І тады будзе справа рэзанансная, і стане вядомай, і будзе нейкі ўрок з гэтага грамадзтву. На жаль, пакуль наша грамадзтва такое пасіўнае, і ў грамадзянскіх структурах, і кожны чалавек. І яны ня лічаць гэта патрэбным.

мы здольныя гаварыць пра гэта, але ня здольныя пратэставаць і рабіць пэўныя крокі

Я нядаўна ўдзельнічаў у канфэрэнцыі бацькоў, дзеці якіх сядзяць у турмах — звычайна гэта падлеткі, якія ўжывалі наркотыкі, іх пасадзілі на вялікія тэрміны, цяпер да іх вельмі дыскрымінацыйна ставяцца ў турмах. І бацькі пратэстуюць, але, як высьвятляецца, калі праваабаронцы, якія ўдзельнічалі ў гэтай канфэрэнцыі, дэпутаты казалі — давайце вы напішаце заяву, будзем яе разглядаць, у суд, у парлямэнт — то бацькі кажуць: а гэта ўсё адаб’ецца так, што майго сына кінуць у карцэр.

То бок мы здольныя гаварыць пра гэта, але ня здольныя пратэставаць і рабіць пэўныя крокі. Хто яшчэ будзе за нас гэта рабіць? Калі мы ня будзем з гэтым змагацца, то гэта будзе так і працягвацца, і Беларусь будзе заставацца ў шэрагу самых небясьпечных у гэтым сэнсе краін.