Ад 20 да 23 чэрвеня ў Менску будзе працаваць камісія Міжнароднай арганізацыі працы. МАП летась выказвала прэтэнзіі да Беларусі наконт выкананьня падпісаных ёй канвэнцыяў аб скасаваньні прымусовай працы, давала рэкамэндацыі прывесьці беларускае заканадаўства ў адпаведнасьць з канвэнцыямі. У склад місіі ўвойдуць сябры менскага і маскоўскага бюро МАП, у праграме сустрэча з прадстаўнікамі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, удзел у паседжаньні рады пры Міністэрстве працы, трэнінг з судзьдзямі ды іншыя мерапрыемствы.
Што будзе рабіць у Беларусі камісія МАП і чым пагражае нязгода ўладаў з арганізацыяй, Свабодзе распавядае старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай канфэдэрацыі працы і сябра адміністрацыйнай рады МАП Аляксандар Ярашук.
Што ня так у Беларусі
На канфэрэнцыі МАП у чэрвені мінулага году разглядалася практыка выкарыстаньня ў Беларусі прымусовай працы паводле дзейных дэкрэту № 29 аб кантрактнай сыстэме і дэкрэту № 5 аб пакараньнях за парушэньні дысцыпліны, а таксама «дармаедзкага» дэкрэту № 3, які быў «адкладзены», але не скасаваны і не прыпынены.
«Місія МАП прыедзе, бо Беларусь ужо даўно знаходзіцца ў полі зроку МАП, — тлумачыць Ярашук. — За гэтыя гады шмат чаго адбывалася, былі выдадзеныя рэкамэндацыі ва ўзнаўленьні правоў працоўных і прафсаюзаў у краіне. А паколькі ўсе гэтыя гады застаюцца праблемы, паколькі важна ладзіць дыялёг між беларускімі ўладамі і МАП, час ад часу ў Беларусь прыяжджаюць гэтыя місіі як адзін з інструмэнтаў, каб рухацца па шляху скасаваньня парушэньняў правоў працоўных. Апошняя місія была ў студзені 2014 году. Чарговая місія сьведчыць пра тое, што МАП ніколі не заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі».
Ярашук адзначае, што цяперашняя місія важная і таму, што на апошняй канфэрэнцыі МАП, што скончылася 16 чэрвеня, не адбылося разгляду беларускага пытаньня, але місія прыяжджае адразу пасьля канфэрэнцыі, што дэманструе рашучасьць МАП.
Ці ёсьць у Беларусі рабства?
Беларусь крытыкуе ня толькі МАП. За тое жа, а таксама за прымусовыя суботнікі, прымусовую працу ў калёніях і прымусовае разьмеркаваньне з ВНУ краіну крытыкаваў Дзярждэпартамэнт ЗША, назваўшы яе сярод найгоршых у прымусовай працы. Паводле Global Slavery Index, у Беларусі ў 2016 годзе наогул налічылі 44 600 рабоў.
Ці будуць санкцыі
«МАП ня мае ў сваім статуце нейкіх рычагоў ціску, якія ўключаюць у сябе нейкія санкцыі, — распавядае Ярашук. — МАП — гэта спэцыялізаваная ўстанова ААН, як і ААН, ня мае такіх прамых інструмэнтаў ціску. Але МАП можа ствараць умовы, на падставе якіх тыя ці іншыя інстытуты могуць уключаць у дзеяньне санкцыі.
Гэта ў свой час адбылося, калі на падставе заключэньня МАП у 2007 годзе Эўрапейскі зьвяз скасаваў гандлёвыя прэфэрэнцыі для Беларусі. Гэта было вельмі адчувальна, Беларусь несла сур’ёзныя страты.
Акрамя таго, у статуце МАП ёсьць параграф 33, які за ўсю гісторыю ўжываўся толькі аднойчы — у дачыненьні да М’янмару (у 2001 годзе. — РС). Калі там вайсковая хунта прыкоўвала рабочых ланцугамі да працоўнага месца, МАП заклікала міжнародную супольнасьць спыніць усялякія стасункі з уладамі М’янмару. І гэта спрацавала: цяпер там крок за крокам адбываецца дэмакратызацыя, а пачыналася ўсё зь вяртаньня правоў працоўных.
Напэўна, рана казаць, што нешта такое можа адбывацца ў дачыненьні да нашай краіны — у нас пакуль, дзякуй Богу, не прыкоўваюць ланцугамі фізычна. Але існуюць іншыя ланцугі, кантрактныя. Існуе прымусовая праца. Тэарэтычна, ужываньне параграфу 33 да Беларусі таксама магчымае, але ў якім выглядзе гэта будзе адбывацца... Параграф гучыць такім чынам, што калі краіна не прытрымліваецца сваіх абавязаньняў у захаваньні правоў працоўных і прафсаюзаў, то МАП можа ўжываць „любыя рашэньні, якія лічыць мэтазгоднымі“.
Вядома, мы не хацелі бы, каб сытуацыя дайшла да ўжываньня параграфу 33, усё ж захоўваем спадзеў, што яна будзе вырашацца без такіх жорсткіх рашэньняў».
Дык МАП прыйдзе і ўратуе?
«Якой бы эфэктыўнай мы не лічылі палітыку МАП, якім бы ўплывовым інструмэнтам яна не была, ніхто для беларускіх працоўных не прынясе свабоду і дэмакратыю, ніхто ня верне іх правы — ні МАП, ні ААН, ні Эўрапейскі зьвяз... Гэта павінны зрабіць самі беларусы. Гэта галоўнае, што трэба мець на ўвазе і падчас той місіі, якая пачынае працу ў Беларусь», — рэзюмуе Ярашук.