Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не карае за гандаль людзьмі і прымушае да працы, — Дзярждэпартамэнт ЗША


Краіны паводле рэйтынгу гандлю людзьмі ў справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША за 2017 год. Зялёны колер значыць 1-ю групу, дзе праблемаў з гандлем людзьмі амаль няма. Жоўты — 2-я група з пэўнымі праблемамі з гандлем людзьмі. Аранжавы — 2-я зь небясьпекай пераходу ў 3-ю. Чырвоны — 3-я, дзе ёсьць значныя праблемы з гандлем людзьмі
Краіны паводле рэйтынгу гандлю людзьмі ў справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША за 2017 год. Зялёны колер значыць 1-ю групу, дзе праблемаў з гандлем людзьмі амаль няма. Жоўты — 2-я група з пэўнымі праблемамі з гандлем людзьмі. Аранжавы — 2-я зь небясьпекай пераходу ў 3-ю. Чырвоны — 3-я, дзе ёсьць значныя праблемы з гандлем людзьмі

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў штогадовую вялікую справаздачу (PDF) аб гандлі людзьмі ў розных краінах сьвету.

У 2011-м Беларусь у справаздачах Дзярждэпу перайшла з 2-й групы краін (дзе ёсьць праблемы з гандлем людзьмі) у «2-ю з рызыкай трапіць у 3-ю». У 2015 годзе Беларусь трапіла ў ніжэйшую 3-ю групу (краіны зь вельмі сурʼёзнымі праблемамі ў гандлі людзьмі). Сёлета Беларусь засталася ў трэцяй групе.

Беларусь называюць у справаздачы «крыніцай, транзытнай тэрыторыяй і краінай прызначэньня для мужчын, жанчын і дзяцей, якія зазнаюць сэксуальнае рабства і прымусовую працу». Беларускія ахвяры гандлю людзьмі часьцей за ўсё зьнікаюць у Расеі, Польшчы, Турэччыне і самой Беларусі.

З суседзяў Беларусі ў ніжэйшай групе толькі Расея. Латвія і Ўкраіна ў 2-й групе, Літва і Польшча — у 1-й.

«Урад Беларусі ня цалкам выконвае мінімальныя стандарты па выкараненьні гандлю людзьмі і не прыкладае значных намаганьняў, каб зрабіць гэта, — гаворыцца ў справаздачы. — Нягледзячы на адсутнасьць значных намаганьняў, урад зрабіў некаторыя крокі па барацьбе з гандлем людзьмі, у тым ліку актыўна ўдзельнічае ў шматбаковых высілках па барацьбе з гандлем людзьмі, робіць намаганьні па абароне беларускіх ахвяраў эксплюатацыі за мяжой, а таксама па скасаваньні ў чэрвені 2016 году дэкрэту, які забараняў дзяржаўным службоўцам у галіне дрэваапрацоўкі пакідаць свае працоўныя месцы.

Тым ня менш урад працягваў палітыку, якая актыўна схіляе грамадзян да прымусовай працы, у тым ліку дзяржаўных службоўцаў, студэнтаў, тых, хто працуе няпоўны працоўны дзень, беспрацоўных, грамадзян, якія пакутуюць на залежнасьць ад наркотыкаў або алькаголю, а таксама крытыкаў уладаў.

Ужо чацьвёрты год запар улады не перасьледуюць ніводнага гандляра людзьмі ў адпаведнасьці з законам».

У справаздачы асобна згадваюцца «дэкрэт пра дармаедаў», прымусовыя суботнікі, прымусовая праца ў войску, удзел школьнікаў і студэнтаў ва ўборачнай кампаніі.

Ці ёсьць у Беларусі рабства?

Беларусі рэкамэндуюць рэфармаваць дзяржаўную палітыку, каб спыніць усе формы дзяржаўнага прымусу да працы, у тым ліку скасаваць адпаведныя законы і дэкрэты Аляксандра Лукашэнкі, унесьці зьмены ў Крымінальны кодэкс, каб выключыць магчымасьць прымусовай працы як пакараньня для іншадумцаў, значна ўзмацніць высілкі па расьсьледаваньні і перасьледзе за прымусовую працу і сэксуальную эксплюатацыю.

Дзярждэп ЗША таксама раіць Беларусі ўнесьці зьмены ў 181-ы артыкул Крымінальнага кодэксу, дадаўшы туды адказнасьць за эксплюатацыю дзяцей да 18 гадоў у занятках прастытуцыяй, незалежна ад доказаў прымусу, каб артыкул адпавядаў міжнародным стандартам.

Рэкамэндуецца і павялічыць абʼём выдаткаў на дапамогу ахвярам гандлю людзьмі і іх абарону, у тым ліку на дзяржаўныя цэнтры сацыяльных сэрвісаў і няўрадавыя арганізацыі, прадставіць адмысловыя сэрвісы для непаўналетніх ахвяраў сэксуальнай эксплюатацыі і правесьці навучаньне ўсіх адпаведных службоўцаў для працы зь імі, праводзіць прэвэнтыўны маніторынг прастытуцыі на прадмет гандлю людзьмі, павялічыць колькасьць працоўных інспэкцыяў для выяўленьня прымусовай працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG